Крызіс падзяліў працоўных на сваіх і чужых

Як кажуць, добра там, дзе нас няма. Пра крызіс гавораць усе і паўсюль, скардзячыся на беспрацоўе, недахоп грошай і адсутнасць святла ў канцы тунеля. Не ходзячы далёка, разгледзім, як сітуацыя выглядае насамрэч у суседніх з намі краінах. Тым больш, што менавіта туды ў пошуках лепшай долі з’ехалі тысячы беларусаў. Глянем на сітуацыю іх вачыма на фоне агульнага развіцця крызісу.

Кіеў



6a2feef8ed6a9fe76d6b3f30f02150b4.jpg

Як кажуць, добра там, дзе нас няма. Пра крызіс гавораць усе і паўсюль, скардзячыся на беспрацоўе, недахоп грошай і адсутнасць святла ў канцы тунеля. Не ходзячы далёка, разгледзім, як сітуацыя выглядае насамрэч у суседніх з намі краінах. Тым больш, што менавіта туды ў пошуках лепшай долі з’ехалі тысячы беларусаў. Глянем на сітуацыю іх вачыма на фоне агульнага развіцця крызісу.
Кіеў
Беларуская дыяспара ў Кіеве — вялізная. Большасць беларусаў, хто з’ехаў на Украіну, жывуць менавіта ў сталіцы, бо Кіеў, як і Масква ў Расіі, — гэта горад вялікіх магчымасцяў і сталіца даляглядаў-перспектыў.
Да крызісу тут знаходзілася месца ўсім — і ўкраінцам з рэгіёнаў, і расіянам, і беларусам. Але дэмакратычнасць падыходу пачала змяншацца з прыходам крызісу. Калі не хапае месцаў «сваім», «чужынцы» становяцца лішнімі.
Рынак працы Кіева нельга параўнаць з беларускім: зусім іншы маштаб. І ўсё ж сённяшнія тэндэнцыі цяжка назваць аптымістычнымі, людзі пачалі раз’язджацца па дамах.
Украінскія чыноўнікі заяўляюць пра зніжэнне ўзроўню беспрацоўя. Але сітуацыю на рынку працы спецыялісты па-ранейшаму называюць вельмі цяжкай. А некаторыя эксперты чакаюць праяўлення другой хвалі крызісу ў бліжэйшыя месяцы.
У выпадку звальненняў у найбольш выгодным становішчы будуць «профі» з падвышанай лаяльнасцю да працадаўцы: прафесіяналы, якія згодныя выконваць падвойную ці ненармаваную нагрузку за тыя ж грошы, што і раней.
З іншага боку, у верасні традыцыйна назіраецца ажыўленне на рынку працы, бо заканчваецца перыяд адпачынкаў.
Паводле прагнозаў дырэктара Кіеўскага гарадскога цэнтра занятасці Аляксандра Мельніка, сітуацыя на кіеўскім працоўным рынку істотна палепшыцца не раней за наступнае лета. Таму варта «актыўна шукаць працу і пагаджацца на тыя прапановы, якія пакуль існуюць». Лічба датацый па беспрацоўі ва Украіне вылічваецца па складаных схемах, залежыць ад умоў скарачэння і часцей за ўсё прывязаная да памеру заробку звольненага.
«Чалавечы фактар заўсёды застаецца», — з усмешкай распавядае мне 25-гадовая Ганна, колішняя мінчанка. Яны з мужам, абодва дызайнеры, з’ехалі ў Кіеў пяць год таму. Падчас крызісу працу не згубілі, але рэкламнае агенцтва, дзе яны працавалі, істотна зменшыла заробкі ўсім супрацоўнікам дзеля захавання працоўных месцаў. «Мы падышлі да праблемы навукова, — працягвае Ганна, — склалі падрабязны спіс, колькі, калі і на што мы трацім грошай. А пасля падрабязна яго прапрацавалі, вырашыўшы, ад чаго мы можам на некаторы час адмовіцца, якія рахункі можна скараціць за кошт змены звыклых брэндаў на больш танныя… У нас атрымалася. І я б не сказала, што мы вельмі пацярпелі ад гэтага. Але мы ў Кіеве здымаем кватэру. Нашы сябры кіяўляне, у якіх уласная жыллёвая плошча, папросту яе здалі і з’ехалі на Гоа. Гэта папулярна тут наогул. Кшталту — паехаць перачакаць крызіс ды заадно адпачыць на некалькі год наперад. Але мы сабе гэта дазволіць не можам».
А вось беларусу Уладзіміру, на ягоны погляд, пашанцавала менш. Ён прыехаў у Кіеў з Мінска 4 гады таму, аднак так і не здолеў знайсці працу, якая б аплочвалася лепей за мінскія варыянты. Ён змог сабе дазволіць здымаць толькі пакой кватэры ў цэнтры Кіева і збіраецца вяртацца ў Беларусь. «Да пошукаў нармальнай працы дадаліся праблемы з маім юрыдычным статусам. Дазвол на працу, рэгістрацыя ў Кіеве, — гэта ўсё настолькі апошнім часам ускладнілася, што прасцей з’ехаць назад у Мінск. Тым больш, што ў час сумоўя з працадаўцамі стаў часцей і часцей чуць пытанне, ці ёсць кіеўская прапіска. А пасля шчырага адказу — адразу і адмова. Гэта і зразумела: калі што, нейкая праверка, то штраф за маю незаконную працу будзе плаціць працадаўца. Хіба ім гэта трэба?» — тлумачыць Уладзімір.
Масква
У жніўні федэральная служба дзяржстатыстыкі па Маскве канстатавала павелічэнне колькасці зарэгістраваных беспрацоўных на 59 працэнтаў параўнальна са снежнем 2008 года.
Напрыканцы чэрвеня актыўна шукалі працу 74,5 тысячы чалавек, з іх амаль 60 тысяч — афіцыйна прызнаныя беспрацоўнымі. Зараз датацыі па беспрацоўю ў Маскве складаюць ад 850 да 4900 рублёў. Пры пражытковым мінімуме 8377 рублёў (курс долара — каля 31 рубля).
У Маскве, як і ў Кіеве, таксама вельмі шмат нашых суайчыннікаў шукалі лепшага жыцця. І значная колькасць шукальнікаў яго знайшла. Але пры крызісе сітуацыя стала выглядаць катастрафічна.
«У чэрвені мінулага года, — распавядае колішні мінскі дызайнер Сяргей, — у нашым дызайнерскім бюро мне прапанавалі не проста падвышэнне, а новую якасць супрацоўніцтва — увайсці ў долю. Пры тым мой аклад істотна падвышаўся. Я пачуваў сябе вельмі ўпэўнена. А потым грымнуў крызіс. Наша прадпрыемства, як аказалася, мела ахілесаву пятку: кліентамі былі ў асноўным банкі. А банкі перажывалі не лепшы, мякка кажучы, час. Наша бюро папросту закрылася. Перастала існаваць. Час быў вельмі цяжкі, да таго мая жонка была цяжарная. Яна не на жарт разглядала варыянты ад’езду ў Мінск — маўляў, дома і сцены дапамогуць. А я пачынаў і заканчваў дзень рассылкай рэзюме. Я разаслаў іх проста безліч. І атрымаў процьму разнастайных адказаў: «Ваша кандыдатура нас вельмі зацікавіла», «Ваша партфоліо (дэманстрацыйны альбом маіх прац) вельмі прыемна ўразіла» і гэтак далей. Усе гэтыя адказы яднала адно: на дадзены момант вакансій не маем. Але нарэшце фартуна ўсміхнулася маёй упартасці, і мяне ўзялі ў вельмі добры праект на некалькі месяцаў. А калі скончыўся тэрмін кантракту, ужо лягчэй было знайсці і працу».
Мой суразмоўца лічыць, што яму дапамог не толькі прафесіяналізм і высокая працаздольнасць, але і зацятая ўпартасць пошуку. З Масквы ён з’язджаць не збіраецца ні пры якіх абставінах: маўляў, які б крызіс не здарыўся, магчымасці там — несувымерныя мінскім.
Літва
У Літве, на думку прэм’ера Андруса Кубілюса, склалася вельмі цікавая сітуацыя: «Сярэдняя дапамога па беспрацоўю нашмат больш мінімальнага заробку... Зразумела, чаму людзі схільныя разлічваць на дапамогу па беспрацоўю замест таго, каб самастойна шукаць працу, калі прапановы заробку меней за датацыі. Складваецца сітуацыя, як быццам тыя, хто працуе за мінімальныя грошы — вар’яты. Нельга такое цярпець, мы разбураем падмуркі прынцыпаў працоўнага грамадства».
На дадзены момант сярэдняя дапамога па беспрацоўю складае каля 700 літаў, мінімальная — 350 літаў, максімальная — крыху болей за 1000 літаў (долар каля 2,4 літа).
Днямі ўрад Літвы ўхваліў папраўкі да закона пра выплаты сацыяльнага страхавання па беспрацоўю. Цяпер грамадзянін, якога звольнілі па скарачэнні штатаў і якому працадаўца выплаціў кампенсацыю, зможа атрымаць дапамогу па беспрацоўю толькі па часе, за які яму выплацілі кампенсацыю. А беспрацоўным, якіх Біржа працы адправіла перакваліфікавацца, будуць плаціць толькі стыпендыю (а цяпер плацяць і стыпендыю, і датацыю).
Інга — 26-гадовая гандлярка супермаркета. Яе звольнілі вясной — скарачалі штат. Яна атрымлівала дапамогу па беспрацоўі памерам у 400 літаў. Натуральна, калі параўнаць гэта з беларускімі датацыямі, можа падацца, што амаль 200 долараў на месяц — гэта падарунак. Але, падкрэслівае Інга, амаль усе гэтыя грошы заканчваліся пасля аплаты камунальных паслуг. І калі б яна жыла адна, то было б зусім страшна. Ратуе дапамога бацькоў, якім пашанцавала захаваць працу.
Інга — адна з прыкладна 4,5 тысячы літоўскіх беспрацоўных, якая не атрымала датацыі за красавік.
У ліпені ў Літве зарэгістравана амаль 31 тысяча новых беспрацоўных, гэта на 4 тысячы болей за чэрвень. Паводле аналітыкаў, такі рост звязаны са скарачэннем дзейнасці будаўнічых і прамысловых прадпрыемстваў.
Беларусь
У чэрвені дзярждапамога беспрацоўным складала 48300 беларускіх рублёў (17 долараў). Дарэчы, камунальныя паслугі за гэтыя грошы ўвогуле не аплаціш, нават за самую маленькую аднапакаёўку. Паводле Мікалая Коханава, начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, «пытанне пра падвышэнне памераў датацый па беспрацоўю не знятае з павесткі дня і павінна быць разгледжаным у лістападзе».
Як і літоўскага прэм’ера, беларускага чыноўніка непакоіць прыцягальнасць беспрацоўнага ладу жыцця на шыі ў дзяржавы: «Ёсць рызыка, што павелічэнне памеру датацыі па беспрацоўі можа пацягнуць за сабой рост жадаючых ім скарыстацца і, адпаведна, прывядзе да росту колькасці беспрацоўных».
Погляд звонку
Паводле прагнозаў Міжнароднай арганізацыі працы, у 2009 годзе крызіс пакіне без працы ад 39 да 59 тысяч чалавек па ўсім свеце. У краінах СНД і Паўднёва-Усходняй Еўропы ўзровень беспрацоўя вырасце на 35 працэнтаў. Сёлета агульная колькасць беспрацоўных складзе 210–239 мільёнаў (у 2008 годзе беспрацоўных у свеце было 190 мільёнаў).