Куды падзеўся мільярд?

Ужо больш за два месяцы, як Пуцін паабяцаў Лукашэнку танны і хуткі крэдыт у два мільярды долараў. За словы трэба адказваць. Беларусь жа без гэтых грошай загібаецца! Пакуль мы «перахапілі» крыху гатоўкі ў ВТБ, але што будзе далей?



2842c7890d92f1b4bfb27d376f893370_l.jpg

Брыдж-крэдыт ВТБ беларускай эканоміцы не дапамог. Пералічаныя ў канцы чэрвеня 2 мільярды долараў не сталі выратаваннем для эканомікі «сінявокай» і змаглі толькі на 1 мільярд павялічыць хутка таючыя рэзервы Нацбанка Беларусі. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны, золатавалютныя рэзервы Нацбанка ў чэрвені 2014 года выраслі ўсяго толькі на 1,0333 мільярда долараў, і на 1 ліпеня гэтага года склалі 6,426 мільярда долараў. То бок, нягледзячы на гэты крэдыт, уладам не ўдалося выйсці нават на ўзровень 1 студзеня 2014 года — з пачатку года зніжэнне ЗВР склала 224,9 мільёна долараў.

Зрэшты, ніякай загадкі ў тым, як, атрымаўшы 2 мільярды «зялёных», улады змаглі павялічыць ЗВР толькі на 1 мільярд, няма. Хутчэй за ўсё, як і меркавалася, Беларусь рэальна атрымала не 2 мільярды, а 1,56 мільярда долараў, пагасіўшы тым самым прадстаўлены яшчэ ў канцы снежня брыдж-крэдыт таго ж самага банка ВТБ на суму 440 мільёнаў долараў. Яшчэ каля 170 мільёнаў долараў сышло на бягучае абслугоўванне крэдыту МВФ. Іншыя абавязацельствы па абслугоўванні знешняга дзярждоўгу, попыт на валюту з боку насельніцтва і прадпрыемстваў (дадзеныя за чэрвень яшчэ не апублікаваныя) — і мільярда як не было.

Калі гэтыя здагадкі пацвердзяцца афіцыйнай статыстыкай, то гэта растлумачыць настойлівае жаданне ўладаў любой цаной, за кошт увядзення ліцэнзавання, спецімпарцёраў і іншых забаронаў, абмежаваць імпарт у краіну. За імпарт мы плацім валютай, а «вымыванне» гэтай валюты за мяжу можа прывесці да паўтарэння 2011 года.

Аднак, акрамя імпарту ёсць яшчэ які-ніякі адпачынкавы сезон. У Крым нашы грамадзяне ехаць ужо не пажадалі, а альтэрнатывай у іх засталіся «цвердавалютныя» Грэцыі, Кіпры, Балгарыі ды Турцыі. Ну, а хто за мяжу не паедзе, той патраціць грошы на буйныя пакупкі. І вось гэтых пакупак імпарту ўлада імкнецца пазбегнуць.

Між тым, старшыня нашага Нацбанку Надзея Ермакова — жалезная жанчына. Яна спадзяецца, што да канца года сітуацыя ў эканоміцы краіны палепшыцца. Што тычыцца імклівага таяння брыдж-крэдыту ВТБ адразу ў два разы, то яна заявіла: «Абавязкі трэба выконваць, і мы гэта робім у дакладнай адпаведнасці з графікам плацяжоў, усё ідзе капейчына ў капейчыну». То бок, ускосна пацвердзіла, што гэты «зніклы» мільярд у значнай частцы сышоў на сплату знешніх пазыкаў.

«Усё пралічана, негатыўнай сітуацыі не будзе, гэтых грошай нам цалкам дастаткова, каб разлічыцца з абавязкамі. Ёсць даўгі, якія мы можам рэфінансаваць, і мы іх рэфінансуем, а ў прынцыпе я спадзяюся, што сітуацыя ў нас палепшыцца, і будзе нават лепш, чым цяпер», — сказала Ермакова. «Нацбанк і Мінфін маюць план і выразную стратэгію дзеянняў. Да канца года вы ўбачыце гэта», — сказала яна.

Яе б словы, да Богу ў вушы. Праўда, кажучы яе словамі, грошай нам хопіць, каб аддаць пазыкі, а самім нічога не застанецца — ну хай бы і так. Але не пакідае ўражанне, што беларуская фінансавая сістэма падобная на «фінансавую піраміду» — мы пазычаем грошы ў адных, каб расплаціцца з іншымі. А ўсе такія «піраміды» вельмі кепска заканчваюцца…

Тым часам, Нацбанк не адмаўляецца і ад стратэгіі плаўнай дэвальвацыі рубля. Па словах Ермаковай, да канца 2014 года курс долара можа скласці 10,7 — 10,8 тысяч беларускіх рублёў за долар.

Фінансавыя дзіркі, як заўсёды, затыкаюцца за кошт насельніцтва. Здавалася б, у нас стабільная сітуацыя на нафтавым рынку. Больш за тое, Расія пагадзілася пастаўляць нам нафту ў тых аб’ёмах, якую мы патрабуем, і часткова скасаваць нафтавыя мытныя пошліны. Аднак на гэтым тыдні зноў падаражэў бензін. Аб падаражанні паліва з 8 ліпеня ў сярэднім на 5%, гэта значыць практычна на 500 рублёў за літр, абвясціў канцэрн «Белнафтахім», манапаліст у Беларусі ў фарміраванні адпускных цэн на нафтапрадукты

Паводле новых тарыфах літр бензіну АІ-92 цяпер каштуе 9 300 рублёў, АІ-95 — 10 000, самае таннае дызпаліва — 10 100. У «Белнафтахіме» рост коштаў тлумачаць падзеннем курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, а таксама неабходнасцю «паэтапнага збліжэння коштаў на паліва ў Беларусі і Расіі».

Ну вось чаму нам усе перашкаджаюць? Раней павышэнне коштаў на паліва абгрунтоўвалі тым, што яго вывозяць у Польшчу, Літву, Украіну… Зараз — нам ужо і Расія падгаджвае. Можа быць, гэта не ў іх, а ў нас нешта не тое?

Эканамісты кажуць, што гэта не апошняе павышэнне кошту бензіну. «Галоўная прычына — гэта недахоп грошай у бюджэце, і гэты недахоп улады імкнуцца перакрыць любым чынам, не толькі за кошт крэдытаў, прыватызацыі, якая пакуль ідзе абы-як, але і за кошт насельніцтва», — кажа эканаміст Леў Марголін. Прычым, падаражанне паліва — заўсёды новы віток інфляцыі, паколькі ў канчатковы кошт любых паслуг і прадукцыі закладзены кошт транспарціроўкі, а значыць, кошт бензіну. Цэны крыху падымуцца літаральна на ўсё.

Новае павышэнне коштаў можна чакаць ужо ў бліжэйшы час, перад пачаткам уборачнай кампаніі, кажуць эксперты. Так «Белнафтахім» паспрабуе скампенсаваць хаця б частку стратаў, якія айчынныя НПЗ нясуць ад продажу паліва сельскагаспадарчым прадпрыемствам па льготных цэнах.

Тым больш, што Аляксандр Рыгоравіч запатрабаваў прыбраць «хлеб» да грама, папярэдзіўшы, што цяперашняя ўборка ўраджаю будзе праходзіць пад падвышанай увагай з боку кантралюючых органаў. «Майце на ўвазе, што ў гэтым годзе ўборка будзе як ніколі «ваеннай». Хлеб вырас выдатны, і яго трэба прыбраць да грама», — заявіў Лукашэнка ў Бялыніцкім раёне.

Зразумела, калі прыборка прадукцыі нашай гаротнай сельскай гаспадаркі будзе праходзіць «ваенным чынам», то на такую спецаперацыю не будуць шкадаваць ані грошай, ані паліва, ані іншых рэсурсаў. Так што Нацбанку трэба зараз пільна глядзець, каб «ваеннае становішча» ў чарговы раз не з’ела б грошы з рэзерву.