Леанід Заіка: У пройгрышы — беларускія пакупнікі
Эканаміст Леанід Заіка распавядае пра тое, чаму за мяжой беларускія тавары каштуюць танней, чым дома.
![Фота novostipmr.com Фота novostipmr.com](/img/v1/images/15.04.16_tovary.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота novostipmr.com
Пастаўкі цэмента з Беларусі ва Украіну за студзень-жнівень 2017 года выраслі на 170%, пры гэтым там беларускі цэмент прадаецца ў паўтара разы танней, чым у Беларусі.
Чаму беларусы больш плацяць за айчынныя тавары, чым замежнікі?
Леанід Заіка распавёў "Радыё Рацыя":
— Такая сітуацыя не толькі з цэментам. Я, напрыклад, купляў беларускі веласіпед у Расіі танней, чым ён каштуе тут. А дзе-небудзь у Вашынгтоне цукеркі фабрыкі “Камунарка” могуць быць таннейшыя, чым у Мінску. Такія эфекты здараюцца пры дрэннай рыначнай канкурэнцыі і адсутнасці нармальнай маркетынгавай працы. У такім выпадку нярэдка заключаюцца здзелкі, калі тавары прадаюцца на ўзроўні сабекошту. Зараз многія магазіны прадаюць два тавары па цане аднаго. І што з гэтага вынікае? Тое, што гандлёвыя сеткі купляюць тавар па цэнах, якія ў разы ніжэйшыя, чым тыя, што для пакупнікоў. Таму што не сталі б яны прадаваць без прыбытку.
— Гандлёвыя сеткі накручваюць цэны?
— Некаторыя гандлёвыя сеткі падвышаюць цану ад 50 да 400 адсоткаў. Людзі жахнуліся б, калі б даведаліся, якая рэальная цана тых тавараў, якія яны купляюць. Таму можна купіць у Беларусі нешта па аптовай цане і прадаваць у Расіі ці Украіне на 20-30 адсоткаў танней, чым гэта робяць беларускія магазіны, якія і “накручваюць” сабе шалёны працэнт. У такой сітуацыі ў пройгрышы, на жаль, застаюцца простыя беларускія пакупнікі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё
Рацыя