Мірныя людзі: Беларусь стала адным з 40 найважнейшых пакупнікоў зброі
Беларусь засталася ў топ–25 найбуйнейшых сусветных экспарцёраў зброі і адначасова стала адным з 40 найважнейшых яе пакупнікоў, паведамляе thinktanks.by.
Пра гэта сведчаць даныя новага дакладу Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI).
У ім эксперты параўналі перыяд 2019–2023 гадоў з 2014–2018 гадамі.
Куды Беларусь прадае зброю
Доля Беларусі на сусветным рынку зброі за гэты перыяд скарацілася з 0,4% да 0,2%. У аб'ёмах паставак яна страціла 34%.
Беларусь, якая займае цяпер 23-ы радок, абышлі, напрыклад, Польшча, Аўстралія, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Але ў рэйтынгу SIPRI наша краіна па-ранейшаму апярэджвае Бразілію, якая мае магутную ваенна-прамысловую базу (0,2%), і Іран (0,2%), які імкліва павялічвае сваю долю на рынку ўзбраенняў.
Найбуйнейшым пакупніком зброі з Беларусі ў 2019–2023 гадах эксперты SIPRI назвалі В'етнам, на які прыйшлося 30% усіх яго продажаў. Таксама ў першую тройку ўвайшлі Сербія (22%) і Уганда (17%).
Найбуйнейшым пастаўшчыком зброі ў свеце ў разгляданым перыядзе сталі ЗША. Іх доля вырасла з 34% да 42%, а аб'ёмы паставак – на 17%. Найважнейшымі партнёрамі амерыканскіх ваенна-прамысловых канцэрнаў былі Саудаўская Аравія, Японія і Катар.
На другое месца, абагнаўшы Расію, выйшла Францыя. Яе доля на рынку зброі ацэненая ў 11%. У 2019–2023 гадах Францыя нарасціла пастаўкі на 47%, צ і стала найважнейшым пастаўшчыком у Індыю, Катар і Егіпет.
Расія страціла ў аб'ёмах амаль палову (53%), а яе рынкавая доля скарацілася з 21% да 11%. Сярод найважнейшых пакупнікоў расійскага ВПК вылучаюцца Індыя, Кітай і Егіпет.
Краінай, якая здзейсніла найбольшы рывок у экспарце зброі, стала Польшча. Яна заняла ў рэйтынгу SIPRI 14-ы радок. Рынкавая доля Польшчы вырасла з 0,1% да 0,7%, а аб'ёмы — на 1138%! 96% усіх продажаў прыйшліся на Украіну.
Сярод іншых краін, якія прадэманстравалі найбольшыя тэмпы прыросту, фігуравалі Бельгія (430%). А таксама Іран, які актыўна прадае зброю Расіі, Венесуэле і хусітам (276%).
Хто пастаўляе Беларусі зброю
У 2019–2023 гадах Беларусь замкнула топ–40 сусветных імпарцёраў зброі. У гэтым перыядзе яе закупкі выраслі да папярэдняга перыяду на траціну, а доля на рынку павялічылася з 0,4% да 0,5%. Адзіным пастаўшчыком прадукцыі ВПК стала Расія.
Першае месца ў імпарце зброі заняла Індыя, на якую прыйшлося 9,8% долі ў сусветных здзелках.
Нягледзячы на скарачэнне закупак амаль на траціну, другі радок захавала Саудаўская Аравія (8,4%).
А на трэцяе месца, нарасціўшы імпарт з ЗША, Францыі і Італіі на 396%, вырваўся Катар (яго доля ў імпарце — 7,6%).
Апошняму ў спіну дыхае Украіна (4,9%), якая стала абсалютным лідарам па прыросце закупак зброі.
За гэты перыяд закупкі Украінаў зброі выраслі на 6633% (!).
Ключавымі пастаўшчыкамі зброі ва Украіну сталі ЗША (39%), Германія (14%) і Польшча (13%). Адзначым, што адначасова Украіна рэзка (на 73%) скараціла экспарт сваіх узбраенняў.
Другое месца па тэмпах мілітарызацыі, дарэчы, заняў NATO.
Аб'ёмы закупак блокам зброі павялічыліся на 1638%, а яго галоўнымі крыніцамі былі Францыя (68% ад усяго аб'ёму), ЗША (17%) і Вялікабрытанія (15%).