ММЗ, МТЗ, прыватнікі: якія прадпрыемствы плануюць баставаць з 26 кастрычніка?
Паколькі да 25 кастрычніка застаецца адзін дзень, а агучаныя ў выстаўленым Лукашэнку ўльтыматуме патрабаванні не выкананыя і, верагодна, выкананыя не будуць, беларусы сталі рыхтавацца да нацыянальнай забастоўкі. Хто збіраецца страйкаваць і ці будзе паспяховай акцыя пратэсту 26 кастрычніка?
Сярод прадпрымальнікаў знайшліся тыя, хто ўжо абвясціў пра ўдзел у страйку 26 кастрычніка. "Прабачце, але ўсімі супрацоўнікамі прынята рашэнне аб страйку супраць гвалту і беззаконня. Мы не можам працаваць, быццам нас гэта не тычыцца. Адпаведна, з 26 кастрычніка крама спыняе працу на нявызначаны тэрмін", — заявіла кіраўніцтва крамы антыкварыяту "Буржуазныя каштоўнасці" ў сваіх сацыяльных сетках.
Не плануе працаваць з наступнага панядзелка фірма suntro.by з Ліды, якая займаецца продажам ультрафіялетавых лямпаў. "На вуліцы нам не даюць выходзіць, дык хоць такім чынам мы выкажам сваё меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне", — распавядае дырэктар фірмы Аляксандр Антропаў. Разам з тым, у поспех забастоўкі ён не моцна верыць: "Страйк павінен быць масавым, а калі будуць страйкаваць адзінкі, гэта ні да чаго не прывядзе".
Далучыцца да нацыянальнага ўльтыматуму вырашылі і некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі. "Я працую сам на сябе, але ўсё роўна хачу падтрымаць страйкавы рух, таму што наша сіла — у адзінстве. Цяпер, як ніколі, важна не толькі праявіць салідарнасць, але і адкрыта пра гэта заявіць. Гэта надасць смеласці і рашучасці тым, хто яшчэ сумняваецца", — піша на сваёй старонцы ў Facebook фрылансер у сферы IT Ян Агеенка. Паводле яго слоў, з 26 кастрычніка прадпрымальнік спыняе прымаць заказы на дызайн і стварэнне сайтаў, а таксама аказваць кансалтынгавыя паслугі карпаратыўным кліентам.
Буйныя заводы плануюць страйкаваць
Але без сумневу, галоўныя спадзевы накіраваныя на забастоўкі найбуйнейшых дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў, страйк якіх у рэчаіснасці можа паўплываць на сітуацыю. Тэрміст з Мінскага маторнага завода (ММЗ), старшыня незалежнага прафкама завода Андрэй Комлік-Ямацін паведаміў DW, што работнікі плануюць 26 кастрычніка сабрацца на тэрыторыі завода каля дырэкцыі і абмяркоўваць вылучаныя імі патрабаванні.
"Страйк — гэта фактычна адзіны рычаг, які ў рамках мірнага пратэсту можна супрацьпаставіць дзяржаўнай машыне тэрору. У нашых руках знаходзяцца рычагі ўплыву на эканоміку", — кажа актывіст.
Цяпер на ММЗ актыўна дзейнічае нядаўна створаны незалежны прафкам, які каардынуе страйкоўцаў. Аднак, па словах Андрэя Комліка-Ямаціна, казаць аб патэнцыяльнай колькасці ўдзельнікаў страйку цяжка, бо ўсё залежыць ад работнікаў і актывістаў на заводзе: "Можа ў нядзелю будзе жорсткі разгон, і гэта спрацуе як трыгер для забастоўкі. А можа наадварот — Лукашэнку скруцяць і адвязуць у Гаагу, а людзі выйдуць святкаваць". Як кажа сябра незалежнага прафкама, рабочыя лічаць, што змогуць дасягнуць сваіх мэтаў з дапамогай страйку.
Ці будзе забастоўка маштабнай?
Страйкаваць на тэрыторыі завода, арганізаваўшы шэсце па цэхах, плануюць і работнікі Мінскага трактарнага завода (МТЗ). "Настрой у завадчан баявы. Калі мы выйшлі страйкаваць у першы раз, большасць людзей скінула пару і супакоілася. Але цяпер пасля ультыматуму Ціханоўскай многія працоўныя зноў хочуць сысці ў стачку, мы нават здзівіліся іх колькасці. Некаторыя брыгадамі плануюць страйкаваць, а недзе і ўся змена — а гэта паўцэха", — распавядае Вадзім Пайвін, нядаўна звольнены з МТЗ электраманцёр, а цяпер — сябра незалежнага прафкама, які ў адсутнасць страйкаму на заводзе каардынуе стачачны рух.
Як кажа актывіст, на МТЗ выйсці на страйк можа каля 30% працаўнікоў завода, а гэта 5-6 тысяч чалавек: "І гэта будзе добры вынік. Завод у такім выпадку ўстане калом". Аднак Пайвін адзначае, што гэта яго ацэнкі, і ў цэлым пытанне аб колькасці ўдзельнікаў страйку даволі цяжкае.
Разам з тым, Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які аб'ядноўвае рух незалежных прафсаюзаў у Беларусі, лічыць, забастоўкі па сэнсе Працоўнага кодэкса ў Беларусі не будзе. "Беларускія рабочыя і служачыя пазбаўлены права на страйк, і гэта галоўная праблема, якую трэба вырашаць. Тое, што адбываецца цяпер — акцыя грамадзянскага непадпарадкавання, і гэта каштоўна для ўсяго рабочага руху. Бо такога не было з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя" , — кажа намеснік старшыні БКДП.
Паводле dw.com