Нацбанк: больш за 80% беларусаў лічаць, што цэны выраслі «моцна» і «вельмі моцна»

Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў вынікі апытання аб інфляцыйных чаканнях насельніцтва. Яно было праведзенае ў сакавіку 2021 года. Рэгулятар праводзіць апытанні і публікуе вынікі з канца 2017 года. Раней апытанне праводзілася штогод у лютым, траўні, жніўні і лістападзе. Сёлета першае апытанне правялі ў сакавіку.

istorii_pro_koronavirus.jpg


Узровень інфляцыі ў сакавіку, паводле адчуванняў беларусаў, склаў 12,9%. Ён вырас у параўнанні з лістападам 2020 года на 1,8 працэнтных пункта. У сакавіку 41,4% рэспандэнтаў лічылі, што цэны выраслі вельмі моцна, 40,2% былі ўпэўненыя, што цэны выраслі моцна (у суме — 81,6%). 16,3% ацэньвалі рост цэн як нязначны, перадае REFORM.by.

Чаканы ўзровень інфляцыі па выніках сакавіцкага апытання таксама склаў 12,9%. Ён павялічыўся ў параўнанні з лістападам на 1,6 працэнтных пункта. 18,8% рэспандэнтаў чакалі паскарэння росту цэн, 56,8% лічылі, што тэмпы росту цэн захаваюцца на бягучым узроўні. 21,1% былі ўпэўненыя ў запаволенні інфляцыі.

У сакавіку 76,3% рэспандэнтаў адказалі, што цяпер не спрыяльны час для буйных пакупак ў крэдыт. 68,5% заявілі, што цяпер дрэнны час для буйных пакупак і без крэдыту.

Разам з тым, 40,7% апытаных сказалі, што не рабілі буйных пакупак у апошнія тры месяцы. У лістападзе такіх было 37,2%.

21,5% рэспандэнтаў у апошнія тры месяцы куплялі бытавую тэхніку, 16,9% назвалі сярод буйных выдаткаў куплю нерухомасці або ўкладанні ў рамонт, 16,1% — лячэнне, 12,7% — куплю або рамонт аўтамабіля, 11,4% — паездку за мяжу, 9,4% — куплю гаджэтаў.

У сакавіку 59,8% беларусаў лічылі, што цяпер дрэнны час для зберажэнняў. 84,6% рэспандэнтаў аддавалі перавагу зберажэнням у замежнай валюце.

Папулярнасць дэпазітаў у сакавіку вырасла на 2,9 працэнтных пункта ў параўнанні з лістападам мінулага года, але банкаўскія ўклады назвалі добрай формай зберагання ўсяго 11,8% рэспандэнтаў. Аддаюць перавагу каштоўным паперам 7,2%.

Найбольш папулярнай формай зберажэнняў застаюцца наяўныя. Іх назвалі 31,6% апытаных. Укладваць у нерухомасць лічаць лепшым 27% рэспандэнтаў, у золата і каштоўнасці, страхоўкі — 17%. Іншыя формы зберажэнняў назвалі 5,4%.