Нацбанк паставілі на расцяжку жорсткага выбару

11 лістапада Нацбанк будзе вырашаць лёс стаўкі рэфінансавання. Ад таго, які выбар зробяць чыноўнікі, залежаць шляхі праходжання крызісу ў эканоміцы.

nacbank_reuters_rts9muw_1.jpg


На сераду прызначана планавае пасяджэнне праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы. Дадатковае пасяджэнне адбылося зусім нядаўна — 14 кастрычніка. Тады ў НБРБ вырашылі, што не варта чапаць стаўку рэфінансавання і пакінулі яе нязменнай (7,75% гадавых). Нацбанк абгрунтаваў кастрычніцкае рашэнне паскарэннем інфляцыйных працэсаў у эканоміцы, піша banki24.by.

Вераснёвая інфляцыя ў гадавым выражэнні падскочыла да 6,1%, што нашмат вышэй арыентыру рэгулятара на 2020 год (5%). Базавая інфляцыя ў верасні (гэта інфляцыя без уліку сезонна валацільных цэнаў і дзяржрэгулявання) стала максімальнай за 55 месяцаў. У пераліку на гадавыя тэмпы базавая інфляцыя вырасла з 4,3% да 5,4%. Пры гэтым улады хацелі абмежаваць базавую інфляцыю ў межах 4%.

Яшчэ ў кастрычніку Нацбанк прызнаў, што задача па абмежаванні інфляцыі па паказчыку 5% фактычна правалена. Паводле прагнозу рэгулятара месячнай даўнасці «прырост спажывецкіх цэн па выніках 2020 года складзе каля 6%». НБРБ палічыў, што інфляцыя вернецца ў калідор 5% толькі ў сярэднетэрміновай перспектыве.

«Перагрэў» беларускай эканомікі добра прыкметны на дынаміцы складскіх запасаў (яны знаходзяцца на на 5-гадовых максімумах) і на разыходжанні з графікам інфляцыі ў Расіі. Саўмін хоча дамагчыся нулявога падзення ВУП і адначасна спрабуе кіраваць складскімі запасамі ўручную. У мінулыя гады такая крэатыўная практыка ўрада заканчвалася вельмі кепска.

У адрозненне ад Расстата, Белстат паведамляе тыднёвыя дадзеныя па інфляцыі толькі чыноўнікам. Публікацыя інфармацыі за месяц адбудзецца ўвечары 10 лістапада. Па ўскосных прыкметах відаць, што ў аўторак статорганы не ўзрадуюць беларусаў.

Не выклікае аптымізму пазіцыя прэм’ер-міністра. Каб забяспечыць абнуленне падзення ВУП, у 4 квартале трэба разагнаць эканоміку да 4%. Пры гэтым ацэнка раўнаважкага росту (без стварэння дысбалансаў у эканоміцы) дае ўсяго 1-1,5%. Можна сказаць, што прэм’ер Галоўчанка ўжо абвясціў аб прынясенні інфляцыі ў ахвяру. Чыноўнік прапанаваў «лічыць у існуючых умовах любую адназначную лічбу (гэта значыць да 10%) нядрэнным вынікам».

Калі 11 лістапада Нацбанк прагнецца пад ціскам урада і абвесціць аб зніжэнні ставак, то ў беларускай эканоміцы адкрыецца прамая дарога ў крызісныя 2010-ыя. Радасць Саўміна ад стаўкападу будзе нядоўгай, а негатыўныя наступствы такога рашэння прыйдзецца расхлёбваць на працягу кварталаў.