НЭП па-беларуску

2 сакавіка ў канферэнц-зале бізнэс-цэнтру «Вікторыя» бізнэс-супольнасць Беларусі прыняла праект «Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі — 2011», распрацаваны сыходзячы з палажэнняў дырэктывы №4.

Менавіта выпрацоўка канкрэтных спраў па рэалізацыі гэтага цуда-дакумента і была асноўнай мэтай XII Асамблеі дзелавых колаў, на якую прыехалі больш за 300 прадпрымальнікаў з усёй краіны.

2 сакавіка ў канферэнц-зале бізнэс-цэнтру «Вікторыя» бізнэс-супольнасць Беларусі прыняла праект «Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі — 2011», распрацаваны сыходзячы з палажэнняў дырэктывы №4.

Менавіта выпрацоўка канкрэтных спраў па рэалізацыі гэтага цуда-дакумента і была асноўнай мэтай XII Асамблеі дзелавых колаў, на якую прыехалі больш за 300 прадпрымальнікаў з усёй краіны.
Першая асамблея адбылася 19 гадоў таму, у далёкім ужо 1992 годзе, у той час, калі бізнэс-супольнасць толькі фармавалася, а ўлада не імкнулася паставіць яе пад свой кантроль. І без усякіх дырэктываў пачыналася лібералізацыя эканомікі. Дарэчы, прэм’ер-міністрам напачатку 1990-х быў Вячаслаў Кебіч, які зараз узначальвае Гандлёва-фінансавы саюз. «Улада на тое і ўлада, каб спачатку бар’еры паставіць, а потым зняць», — патлумачыў экс-прэм’ер з’яўленне Дырэктывы №4. І дадаў, што ў часы яго кіравання да бізнэсу ставіліся з павагай і не імкнуліся жорстка кантраляваць. А тое, што зараз урад узначаліў Міхаіл Мясніковіч (у Кебіча ён быў віцэ-прэм’ерам), сведчыць пра пачатак новага этапу ў развіцці беларускага бізнэсу.
Можа, і так. Але пакуль адносіны ўлады і прадпрымальнікаў нагадваюць гульню ў коткі-мышкі. Вось, напрыклад, указ №72 пра вольнае коштаўтварэнне, якое выводзіць дзяржаву з гэтай сферы, а вось — пастанова №240/5 «Аб разліках па імпарту некаторых тавараў», якая грунтоўна абмяжоўвае магчымасці набыцця валюты ў тым ліку для закупкі складанага нятаннага абсталявання для мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Амаль на кожны свой знешне станоўчы крок улада адказвае новым абмежаваннем.
Нягледзячы на гэта, наш бізнэс акрыяў і марыць пра лепшую будучыню. І літаральна закідвае ўрад прапановамі. Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур у сваім выступе на асамблеі заявіў, што Мінэканомікі прымае прапановы па рэалізацыі дырэктывы №4 яшчэ да 4 красавіка 2011 года. У план мерапрыемстваў па рэалізацыі дакумента ўжо ўключана каля 140 пазіцый. 
Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін гаворыць, што цяпер найбольш актуальным выклікам для прадпрымальнікаў з’яўляецца недасканаласць заканадаўства і адсутнасць гарантый уласнасці.
«Але гэта цяпер пераадольваецца. Мы былі галоўнымі, хто пісаў прапановы па развіцці дыялога паміж дзяржавай і бізнэсам, — аптымістычна зазначае Уладзімір Карагін. — Таму ёсць задача, каб прадпрымальнікі сталі рэальнымі ўласнікамі, каб да іх прыслухоўваліся пры законатворчасці, каб рэформы былі незваротнымі, а курс лібералізацыі насамрэч фармаваўся з бізнэс-супольнасцю. Цяпер усе нарматыўныя акты ў Беларусі будуць абмяркоўвацца, прымацца толькі з нашай экспертызай. Канешне, трэба прывесці ў нармальную сістэму падаткаабкладанне, прыватызацыю, напярэдадні якой мы знаходзімся. Айчынны бізнэс мусіць атрымаць імпульс да развіцця».
Такі аптымізм, аднак, не падзяляюць прадпрымальнікі з рэгіёнаў (гэта гучала ў кулуарах), якія бліжэй і да народа і да мясцовай улады. А ўлада гэта зусім не хоча развітвацца з прывілеяй дыктаваць свае ўмовы бізнэсу. Чаго толькі вартае распараджэнне гомельскага мэра, які фактычна забараніў продаж у Гомелі прадуктаў немясцовай вытворчасці.
Найбольш нараканняў і незадаволенай рэакцыі на асамблеі выклікалі тэмы праверак і штрафаў, сертыфікацыі прадукцыі. Вядомая шэрагам судовых спраў наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная падкрэсліла, што праверкі кантралюючых органаў кладуцца невыносным цяжарам на плечы бізнэсоўцаў, не заўсёды адбываюцца згодна з заканадаўствам, да ўсяго, пашыраная практыка, калі падатковая «вымагае» штрафы ў прадпрымальнікаў па прынцыпу «не пакараць не можам, таму дамовімся хоць на нейкую суму». Калі меркаваць па рэакцыі ў залі,  падобныя сітуацыі знаёмыя абсалютнай большасці бізнэсоўцаў.
Дарэчы, нават па выступах на асамблеі было бачна, што бізнэс і чынавенства размаўляюць на розных мовах. Таму пра якое партнёрства можа ісці гаворка? «Яны (улады) выбіраюць, што ім трэба для вузкага кола бізнэсоўцаў, а большасць слушных прапаноў, якія тычацца асноўнай часткі прадпрымальнікаў, застаецца без увагі», — лічыць Анатоль Змітровіч, старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў.
Так ці інакш, але зразумела, што сістэмнага падыходу да рэалізацыі дырэктывы №4 і наогул да нацыянальнага бізнэсу ў сённяшняй улады няма. І якімі б станоўчымі ні падаваліся тыя дакументы і нарматыўныя акты, якія прымаюцца для лібералізацыі эканомікі, зразумела, што гэта лібералізацыя адбудзецца толькі ў рамках дазволенага. Бо гэтай уладзе незалежны і заможны бізнэс не патрэбны.
Як тут не ўзгадаць, што 90 гадоў таму, якраз у сакавіку, Савецкая Расія прыняла Новую эканамічную палітыку. НЭП тады таксама шмат каго прымусіў паверыць, што дзяржаве патрэбна прадпрымальніцкая ініцыятыва. Усім вядома, чым гэта скончылася.