Не крызіс, але новы статус-кво
Цяперашняя сітуацыя ў эканоміцы — гэта не крызіс. Крызісы прыходзяць і сыходзяць, а гэтым разам нішто само па сабе не сыдзе. Тое, што мы бачым сёння, — гэта новая эканамічная рэальнасць, новая пляцоўка для старту.
У некаторым сэнсе мы вярнуліся ў сітуацыю 1995 года, зноў рэзка збяднеўшы і апынуўшыся перад выбарам: пачынаць структурныя рэформы або закансерваваць наяўную сацыяльна-эканамічную мадэль.
Новая стартавая пляцоўка
Увесь 2015 год мы былі ўпэўненыя, што такі ён і ёсць — крызіс. Аднак сапраўдны крызіс прыйшоўся толькі на снежань 2014-га. І тады мы не асабліва нерваваліся — мы ўсе ведалі, што ўмеем праходзіць скрозь крызісы. Мы перажылі крызіс сярэдзіны 1990-х, перажылі крызісы 2009 і 2011 гадоў, і зараз вырашылі, што трэба проста перажыць 2015-ты. А потым усё наладзіцца — вырасце кошт на нафту, вырастуць і прыбыткі бюджэту, эканоміка «пачне дыхаць», прадпрыемствы атрымаюць замовы і вернуцца да поўнага працоўнага тыдня, а грошай у кішэні паболее. Гэта значыць, крызіс як прыйшоў, так і сыдзе.
Так лічаць простыя людзі вакол, так лічыў і ўрад, бадзёра закладваючы ў праект бюджэту нафту па $50. Але зараз, праз 14 месяцаў пасля снежаньскага шаленства 2014-га, робіцца зразумелым: гэта не крызіс, а цалкам іншая рэальнасць нашага жыцця. І абрынутыя кошты на нерухомасць ужо не вырастуць да восені 2016-га. І заводы не пачнуць зноў зарабляць на шчодрых расійскіх замовах.
А значыць, нам трэба будаваць эканоміку — і нацыянальную, і асабіста кожнага з нас, — фактычна зноўку, адштурхваючыся ад таго, што маем сёння. Але пачаць усё роўна давядзецца з усведамлення таго, дзе мы на самай справе знаходзімся. А гэта ўсведамленне так проста не прыйдзе. Бо за апошнія 15 гадоў мы звыклі да таго, што практычна ў кожнага з нас усё становіцца лепш: заводы працуюць, кіраўнік Беларусі нібыта давёў зарплату да «папіццот», адпачынкі і святы — гэта святое, жыццё становіцца лягчэй, а далягляды — ярчэй. І на самай справе, жыццё ў 2010 годзе ўжо было не параўнаць з тым, што мы бачылі яшчэ ў 1997-м. На такім фоне нават рэзкія дэвальвацыі ўспрымаліся з нейкім дзіўным разуменнем: маўляў, ясная справа — не можа быць росту без складанасцяў. Аднак усё роўна ўсё выправіцца, і «заўтра» ў кожнага будзе лепей за «ўчора».
Як вынік, нават сёння, адчуўшы на сабе новую і ацвераджальную эканамічную рэчаіснасць, надта многія працягваюць жыць старымі меркаваннямі аб тым, што гэта проста чарговы крызіс, што хутка ўсё само сабой знікне, і сітуацыя змяняцца да лепшага. Усведамленне таго, што гэта не крызіс, а новая рэчаіснасць, зойме нейкі час — але зацягваць яго нельга. Таму што цяперашняя сітуацыя не прабачае памылак, і традыцыйныя праблемы беларускіх прадпрыемстваў у выглядзе неэфектыўнасці кіравання або няўмення прадаваць уласную прадукцыю ўжо не кампенсуюцца вонкавай кан’юнктурай.
Аднак калі паназіраць за дзеяннямі кіраўніцтва краіны, то робіцца зразумелым: яно засяродзілася на пераасэнсаванні, рэфлексіі ды настальгавання — але не на дзеяннях у адпаведнасці з новай рэальнасцю. Кіраўнік Беларусі то рэзка адмаўляецца праводзіць структурныя рэформы, то абяцае гэтыя самыя рэформы прадстаўнікам МВФ.
Калі што і трэба зрабіць, не толькі органам дзяржкіравання, але і ўсёй краіне ў цэлым, то гэта зразумець: заўтра лепей не стане. Кошты на нафту не вырастуць, а значыць, не вырасце і попыт на нашу прадукцыю з боку Расіі, не вернуцца ранейшыя прыбыткі ад нафтаперапрацоўкі. Яшчэ больш абваліцца ўсё гэта можа, а вырасці да таго ўзроўню, каб стала значна лепш, — гэтага ў найбліжэйшыя гады не адбудзецца. Крыніцы росту свайго дабрабыту трэба шукаць у іншых месцах. А адначасова — падымаць якасць кіравання, культуру вытворчасці, энергаэфектыўнасць усяго, што толькі можна, і прадукцыйнасць працы. Пакуль жа мы па гэтых паказчыках застаёмся на ўзроўні не самых развітых афрыканскіх дзяржаў.
Паўтаруся: сённяшнюю сітуацыю лепш за ўсё параўнаць з сітуацыяй 1995 года. Вось толькі тады ніхто не лічыў, што гэта часовы крызіс, і праблемы хутка знікнуць самі сабой. Тады было зразумела, што трэба дзейнічаць, трэба выбіраць шлях развіцця. На жаль, кіраўніцтва краіны абрала кансервацыю квазісацыялізму і жыццё практычна за кошт Расіі, яе датацый і яе бяздоннага (як тады здавалася) рынка. Сёння мы зноў перад такім жа выбарам. Гэтым разам было б пажадана не памыліцца.
Новая планка спажывання
У 2010 годзе абяцанні кіраўніка дзяржавы сярэдняй зарплаты ў 2015-м у $1000 успрымаліся амаль сур’ёзна. Сёння — ужо як анекдот. Так, $500 «на нос» дасягнулі — але вельмі хутка і страцілі. Сёння нават $300 «чыстымі» атрымліваюць у краіне далёка не ўсё. Беларусам цяпер давядзецца змірыцца з новай — значна ніжэйшай — планкай спажывання. Гэта новая рэчаіснасць.
Гэта ўскосна і наўпрост пацвярджаецца штодзённа і паўсюль. Пачынаючы прыкладна з 2010-га і па 2015-ты пасля кожных навагодніх святаў на сметніку поруч з маім домам было нямала упаковак ад сучасных тэлевізараў ды ноўтбукаў. У людзей былі грошы, і яны дазвалялі сабе падвышаць якасць жыцця нават на фоне самой высокай у Еўразіі інфляцыі. Але пасля сустрэчы 2016-га на сметніку не з’явілася аніводная скрынка. Справа тут не ў тым, што ўсё ўжо памянялі тэлевізары (мяркую па ўласных суседзях). Проста грошай няма.
Далей — болей. Пачынае змяняцца структура харчавання, і гэта таксама доўгатэрміновы працэс. Супрацоўнікі гастраномаў сведчаць: расце спажыванне хлеба і бульбы, якія людзям прасцей сабе дазволіць, чым мяса або сыр. Яшчэ расійскі гісторык Алег Хляўнюк вывеў трыяду «хлеб — бульба — гарэлка», як мадэль харчавання сталінскага перыяду, якая, тым не менш, засталася характэрная і для пазнейшых, збольшага болей «тлустых» савецкіх гадоў, і для цяжкага пачатку 1990-х.
Потым прыбыткі беларусаў выраслі, іх рацыён стаў нашмат разнастайней. Але сёння ківач пайшоў у супрацьлеглы бок — і да звыклай трыяды рацыёну харчавання вяртаецца істотная частка насельніцтва. Усё болей людзей плануюць карміцца з асабістай гаспадаркі.
Агульнае падзенне прыбыткаў у грамадстве прывяло да росту значнасці пенсій. Сёння ўсё часцей можна бачыць сем’і, у якіх пенсія бабуляў-дзядуляў — галоўны, калі наогул не адзіны, стабільны прыбытак. Таму што маладыя, нават маючы працу, скажам, на дзяржпрадпрыемстве, забяспечыць сябе проста не ў стане. Гэта, дарэчы, адметная асаблівасць менавіта беларускай эканамічнай мадэлі: на эканамічныя праблемы яна рэагуе не беспрацоўем і структурнымі рэформамі, а паніжэннем заробкаў і памяншэннем працоўнага тыдня.
Усё гэта (маючы на ўвазе падобную сітуацыю ў Расіі), дарэчы, ужо зразумелі расійскія банкі, якія ў сваіх дакладах па выніку 2015-га абвясцілі аб знікненні спажывецкай мадэлі эканомікі Расіі, якая вызначала яе развіццё апошнія 15 гадоў. Магчымасцяў для хуткага росту прыбыткаў, імпарту і спажывання аналітыкі больш не бачаць. Напрыклад, інвестыцыйны дэпартамент Ашчадбанка піша аб новай макраэканамічнай рэальнасці, да якой трэба рыхтавацца Расіі. «Мы лічым, што доўгатэрміновыя тэмпы эканамічнага росту ў новай рэальнасці будуць нізкімі, курс рубля — слабым, а спажывецкі попыт ужо не будзе галоўным фактарам росту эканомікі», — рэзюмуюць эксперты Ашчадбанка.
Таксама англійская ВВС цытуе эканамістаў «Альфа-банк», якія ў снежаньскім дакладзе аб расійскай эканоміцы пішуць, што спажывецкая мадэль росту эканомікі вычарпала сябе. Расіянам давядзецца прыцішыць свае чаканні і рыхтавацца да доўгага перыяду, калі зарплаты нават у рублях расці не будуць, а выдаткі давядзецца рэзка скарачаць. На рост сацыяльных выдаткаў урада або крэдыты ва ўмовах падзення коштаў на нафту і слабай дынамікі эканомікі разлічваць таксама не варта, упэўненыя ў «Альфа-банку». Пры гэтым нават нафтавы картэль АПЕК прагназуе вельмі павольны рост сусветных коштаў на нафту — і так да 2040-га. Адпаведна, да таго часу наўрад ці можна чакаць бурнага росту эканомікі і спажыванні ў Расіі.
А значыць, і ў Беларусі таксама. Пачынаем зноўку, сардэчна запрашаем у 1995-ты. Цікава толькі, куды рушым…