Дзіўныя рэвалюцыі

Крызіс — гэта нармальны стан капіталістычнай эканомікі і дэмакратычных палітычных сістэм. Непрадказальнасць сітуацыі не пагражае ім разбурэннем, а выступае ў якасці абавязковай умовы развіцця. 



pult_1_1__logo.gif

Рэвалюцыя — лакаматыў гісторыі, сцвярджаў Карл Маркс. Аднак на нашых землях гэты лакаматыў усё мінулае стагоддзе бегаў па кругу.

У папярэднім нумары «Азбукі паліталогіі» (гл. «Калі не я, дык хто?») з дапамогай гісторыка Уладзіміра Булдакова мы разгледзелі тры стадыі крызісу: этычную, ідэалагічную і палітычную. Іх поўны спіс уключае таксама арганізацыйную, сацыяльную, ахлакратычную і рэкрэацыйную стадыі.

Але перадусім неабходна канкрэтызаваць паняцце «крызіс». Паводле Вікіпедыі, крызіс — гэта «стан, пры якім існуючыя сродкі дасягнення мэтаў робяцца неадэкватнымі, у выніку чаго ўзнікаюць непрадказальныя сітуацыі».

У межах беларускай мадэлі адзіным суб’ектам з’яўляецца ўлада. Толькі яна надзеленая правам і рэсурсамі для пастаноўкі публічных мэтаў і іх рэалізацыі. Мэтай улады з’яўляецца... утрыманне ўлады. Такая вось таўталогія.

Між тым, крызіс — гэта нармальны стан капіталістычнай эканомікі і дэмакратычных палітычных сістэм. Непрадказальнасць сітуацыі не пагражае ім разбурэннем. Наадварот, яна выступае ў якасці абавязковай умовы развіцця. Аўтар тэрміна «стваральнае разбурэнне» эканаміст Іосіф Шумпетэр галоўную прычыну крызісаў звязваў з залішняй колькасцю інавацый, засваенне якіх немагчымае без разбурэння састарэлых эканамічных структур. Крызіс і бярэ на сябе ролю разбуральніка старога.

Аднак «наш крызіс» — гэта этап у развіцці «ўладнай вертыкалі», калі яна перастае адпавядаць зменлівым знешнім і ўнутраным выклікам. У выніку не толькі ўлада, але і грамадства спаўзаюць у хаос і смуту, якую ў нас прынята называць «рэвалюцыяй».

Негатыўны адбор

Арганізацыйны кампанент крызісу звязаны з неэфектыўнасцю, якая ўвесь час расце, а затым і з распадам кіраўнічых структур, у тым ліку і наноў узніклых. Яго вастрыня вызначаецца як знешнімі фактарамі (няўменнем рэагаваць на змененыя абставіны), так і ўнутранымі збоямі.

На сёння арганізацыйны кампанент, бадай, самы «прасунуты» — яго наяўнасць прызнае нават адзіны палітык (АП). У сваіх рашэннях АП прывык ісці «ад жыцця». А жыццё крута мяняецца. Непазбежнасць рэформ ужо выразна ўсвядомленая эканамічным блокам «уладнай вертыкалі», які цісне на АП. І той вымушаны абараняцца. 26 студзеня АП у чарговы раз быў вымушаны растлумачыць, што «так званыя рэформы для сябе» будуць не толькі «адрынутыя народам», але і «дэстабілізу­юць абстаноўку», «и тогда нам потребуется при потере управляемости (выдзелена. — С.Н.) возможно, и лица власти, денег гораздо больше, чем надо, допустим, сегодня для погашения внешнего заимствования».

Згода ўлады на рэформы — сведчанне яе смуты. У эканамічным блоку згода ўжо дасягнутая. Але АП не забыў шок, які ён перажыў у пачатку 90-х гадоў. Адсюль чаплянне за міфалагему парадку і стабільнасці. Адсюль жа вера ў магчымасць з дапамогай ручнога кіравання (мадэрнізацыі кіравання) павысіць канкурэнтаздольнасць эканамічнага складніку беларускай мадэлі.

Тут варта патлумачыць, што з часоў сталінскага «таталітарызму» планавая дырэктыўнасць наверсе спараджае хаос знізу. Таму чым больш жорсткая «ўладная вертыкаль», тым верагодней надыход арганізацыйнага хаосу.

«Чыноўніцкая закасцянеласць, — тлумачыць Булдакоў, — спараджае не меншы дэструктыўны эфект. У пачатку XX стагоддзя, паводле ацэнак сучаснікаў, у вярхах сканцэнтравалася «ўся гама расійскіх бяздарнасцяў, дурняў, істэрыкаў і рабаўнікоў». Кіраўнічы крызіс «развітога сацыялізму» адлюстроўваў няздольнасць камбюракратыі і «чырвоных дырэктараў» абслугоўваць утопію інакш, чым пры дапамозе прыпісак і пазаэканамічнага прымусу».

Чыноўніцкая закасцянеласць — прамое следства негатыўнага адбору, які развіваецца ў неканкурэнтным асяроддзі. За мінулае стагоддзе істотных зрухаў у гэтым пытанні не адбылося. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што адной з прычын, якая блакуе правядзенне рэформаў, памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыл Руды на Кастрычніцкім эканамічным форуме назваў адсутнасць ва ўрадзе спецыялістаў з вопытам «працы ў рынкавых умовах».

Развіццё арганізацыйнага кампанента крызісу стымулюе калегаў. У прыватнасці, няздольнасць улады размяркоўваць рэсурсы па справядлівасці паскарае яе грэхападзенне ў вачах патэрналісцкай «большасці», што з’яўляецца ключавым момантам у развіцці этычнага кампаненту крызісу.

Бюджэт як крыніца няроўнасці

У аснове сацыяльнага складніку крызісу ляжыць абвостранае імкненне адных соцыумаў выжыць за кошт іншых. Сацыяльныя страхі перад невядомым двойчы ў мінулым стагоддзі выклікалі да жыцця феномен этнакансалідацыі і этнаізаляцыі. Гэта з’ява атрымала памылковае — сепаратысцкае — вытлумачэнне. Так званыя «нацыянальныя рухі пачатку XX стагоддзя» былі звязаныя, галоўным чынам, са складанасцямі сацыяльнага выжывання, а не з імкненнем да свабоды. Характэрна, што бальшавікі, якія падтрымалі «нацыянальна-вызваленчыя» рухі ўнутры імперыі да Кастрычніка і ў пазнейшы час, усяляк адмяжоўваліся ад «буржуазных нацыяналістаў».

Равеснікі перабудовы, безумоўна, памятаюць пытанне: «Хто з’еў маё сала?». Перакананасць у тым, што Масква жыруе за кошт перыферыі, была тады ўсеагульнай. Адсюль — імкненне вызваліцца ад апекі. Адсюль — вера ў магчымасць пераадолення эканамічнага крызісу за кошт справядлівага пераразмеркавання ўласных рэсурсаў.

У 1917 годзе ва ўмовах недахопу ўсяго, што неабходна для жыцця, людзі вырашылі: справядлівасць дасягаецца шляхам ліквідацыі багатых. У 1991 годзе ў абстаноўцы татальнага дэфіцыту яны «даспелі» да ідэі пазбаўлення ад беднасці за кошт пераходу да рынку і дэмакратыі. Па факце ж атрымалі «гэтых на іншамарках», г.зн. «новых беларусаў» і «новых рускіх».

Між тым, сацыяльная справядлівасць у сучасным свеце будуецца на аснове індывідуалізацыі працоўных намаганняў, а не на размеркаванні дзяржавай  прадуктаў па «цэхаваму» прынцыпу. На жаль, гэты галоўны ўрок гісторыі масавай свядомасцю так да канца і не засвоены.

Праблемы 1990-х гадоў засталіся ззаду дзякуючы хуткаму эканамічнаму росту. Яго пік у Беларусі прыпаў на 2006 год. Але сітуацыя можа паўтарыцца: калі эканоміка будзе і далей падаць, то цяперашні трэнд на зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва ўзновіць у сучаснасці прызабытае мінулае.

Фарміраванне сацыяльнага складніку крызісу на за гарамі. Са свайго боку, «дзяржава для народа» робіць усё магчымае, каб паскорыць яго набліжэнне. Ахвочым пераканацца ў гэтым я рэкамендую звярнуцца да бюджэту на 2016 год. Ён прадугледжвае павелічэнне расходаў на 6,9%, што значна ніжэй за афіцыйны прагноз па інфляцыі. Такім чынам, у поўнай адпаведнасці з планам, многія бюджэтнікі ў бягучым годзе збяднеюць. Нескладана здагадацца, што гэты лёс абміне бюджэтнікаў у пагонах. У лідарах сярод лідараў будуць служачыя дэпартамента выканання пакаранняў і ўнутраных войскаў, чые даходы павялічацца на 18,9 і 19,9%.

Кожнай жанчыне — па мужыку

Ахлакратыўны складнік крызісу не варта атаясамліваць з анархіяй. Яна звязаная з вылучэннем на першы план маргінальных элементаў, якія зыходзяць з ваяўніча-спажывецкіх установак. У гэты перыяд кіруе натоўп або адпаведныя стэрэатыпы паводзінаў.

Ахлакратыя праяўляе сябе ва ўмовах рэгрэсу калектыўнай псіхікі да архаічных адносін і дамінавання інфантыльных эмоцый на ўсіх сацыяльных узроўнях. Асабліва гэта заўважна ў кропках біфуркацыі, калі правадыры охласу задаюць і навязваюць мэты і спосаб паводзін усяму грамадству. Пры гэтым сувязь лідар—масы набывае спрошчаны «правадырскі» характар. На гэтай аснове ўзнікае адчуванне знітаванасці, якая здольная супрацьстаяць варожаму свету.

У 1917 годзе ахлакратыя найбольш яскрава праяўляла сябе праз палітычны лозунг: «Рабуй нарабаванае» і праз рост самасудных распраў. Сучасны правадыр ахлакратыі ў Расіі — Уладзімір Жырыноўскі. Варта хаця б прыгадаць яго абяцанне даць кожнай жанчыне па мужыку, а кожнаму мужыку — па бутэльцы гарэлкі.

У 1994 годзе ў Беларусі маргінальныя элементы прадвызначылі вынік першых прэзідэнцкіх выбараў. Першыя выбары апынуліся і апошнімі. Спасылка АП на народ, што не прымае «так званыя рэформы для сябе», сведчыць пра актуальнасць ахлакратыўнай стадыі крызісу. Два дзесяцігоддзі яна знаходзілася ў адносна латэнтнай форме. Але сёння, мяркуючы па ўсім, гатовая зноў актывізавацца.

Ламаць — не ствараць

Рэкрэатыўны кампанент крызісу пераважае ў той момант, калі «чалавек натоўпу» зноў згаджаецца на ролю істоты, якой кіруе дзяржава. Пры гэтым актывізуецца псіхалагічны кампанент «уцёкаў ад свабоды». У найноўшай гісторыі Беларусі гэты кампанент канчаткова сфармаваўся пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года. Ён стаў заключным акордам рэвалюцыйнай смуты і дазволіў умацавацца «дэспатычнай дэмакратыі». Кола замкнулася. «Дзяржаўнасць, — паводле трапнай заўвагі Булдакова, — адрадзілася з дапамогай традыцыі, якая супакоілася».

Паводле Маркса, рэвалюцыя — лакаматыў гісторыі. Аднак на нашых землях гэты лакаматыў усё мінулае стагоддзе бегаў па кругу.

Дзіўныя атрымліваліся рэвалюцыі. Яны руйнавалі стары свет, але адбудаваць новы свет не здолелі. Безумоўна, нешта мянялася. Імператар, генеральны сакратар, прэзідэнт... Гэта ўсяго толькі формы непадкантрольнай грамадству ўлады.

Але праблема кантролю — гэта праблема грамадства. Рухаючай сілай буржуазных рэвалюцый было трэцяе саслоўе. Яно ўсведамляла свае інтарэсы, і дзеля іх рэалізацыі не мела патрэбы ў патэрналісцкай дзяржаве.

Беларуская апазіцыя традыцыйна канцэнтруе свае намаганні на задачы адхілення АП і наіўна мяркуе, што сам факт перамогі на выбарах здольны гарантаваць незваротнасць дэмакратычных пераўтварэнняў.

Досвед Украіны не пацвярджае такія спадзяванні.