Перспектывы ЕАЭС для Беларусі: банкруцтва прадпрыемстваў, рост цэнаў і расійская экспансія

Незалежныя эканамісты не чакаюць нічога добрага ад уваходжання Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз.



eaes1.jpg

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, каментуючы «Радыё Свабода» сённяшняе падпісанне ў Астане Дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза заявіў, што па ягоных падліках у выніку падпісання гэтага дакумента 15% беларускіх прадпрыемстваў чакае банкруцтва.

«Любая краіна, любая, якая ўступае ў інтэграцыю, атрымлівае выйгрыш за кошт павелічэння эканамічнай прасторы, — кажа эканаміст. — Што тычыцца гэтага канкрэтнага саюза, то Беларусь будзе карыстацца энергетычнымі рэсурсамі Расіі. Але не на поўную катушку, а праз фільтр. Аднак і гэта вельмі для нас важна, таму што знайсці нейкага іншага партнёра з падобнымі энергарэсурсамі мы не можам. Гэта — плюс».

Мінусаў, пра якія, па словах Леаніда Заікі, ведаюць спецыялісты, для Беларусі ад уступлення ў новы саюз нашмат больш. «Пункт першы — павялічваецца канкурэнцыя на рынку трох краін, — адзначае ён. — Пункт другі — у выніку канкурэнцыі некаторая колькасць беларускіх прадпрыемстваў збанкрутуе. Я лічу, што гэта можа быць да 15% ад агульнай колькасці. Пункт трэці — кошты на энергарэсурсы і тавары з іх застаюцца рэгуляванымі. Гэтага энергарынку не будзе. І гэта таксама мінус. Пункт чацвёрты — Беларусь сутыкнецца з неабходнасцю структурнай перабудовы. Гэта значыць прыйдзецца змяняць пэўныя параметры падзелу працы».

І, нарэшце, пункт пяты — Беларусі давядзецца сустрэцца з надыходам магутнага расійскага бізнэсу. «У нас няма буйных прыватных структур. А свабоднае перамяшчэнне капіталу ў любой з трох краін, якое прапісана ў Дагаворы, азначае, што расейскі капітал можа свабодна прыходзіць да нас, купляць, захопліваць беларускія прадпрыемствы. І гэта, бадай, самы сур’ёзны пункт» — мяркуе Заіка.

Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба скептычна ставіцца да падпісанай сёння ў Астане дамовы. «Нічога добрага не будзе. Мы і раней нічога спрыяльнага не адчувалі ад гэтых усялякіх саюзаў, у тым ліку і ад Адзінай эканамічнай прасторы. А самае такое непрыемнае, што было апошнім часам і што адчулі ўсе беларусы, — гэта падвышэньне ўвазнога мыта да расійскага ўзроўню. У выніку цэны на замежныя машыны падскочылі так, што сярэдняму беларусу ўжо і не набыць больш-менш прыстойнае аўто», — адзначыў Жаліба.

«Ну што, скажыце, адчуў звычайны абывацель ад таго, што ёсць Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора? І што ён адчуе ад Еўразійскага саюзу? Мы адчуваем толькі шалёную інфляцыю ды шалёныя цэны на свініну», — дадаў Жаліба.

«Пакуль ад кіраўнікоў ідуць адны словы ды абяцанкі. Ну вось яны захапляюцца, што будзе адзіны рынак на 170 мільёнаў чалавек. Ну і што? Эканомікі розныя. У Расіі і Казахстану — сыравінная, у нас — іншая. Надзея Лукашэнкі, што з наступнага году мыта за нафтапрадукты будзе заставацца ў нашым бюджэце, а не вяртацца ў Расею, не спраўдзілася ці спраўдзіцца толькі часткова», — гаворыць спецыяліст.