Партыя БНФ рэзка негатыўна ставіцца да падпісання дамовы аб ЕАЭС у Астане

Партыя БНФ рэзка негатыўна ставіцца да падпісання дамовы аб ЕАЭС у Астане. На думку лідэра партыі Аляксея Янукевіча, Еўразійскі саюз з’яўляецца пагрозай дабрабыту і незалежнасці Беларусі, і перашкодай дэмакратызацыі краіны.



bnf1.jpg

Удзел Рэспублікі Беларусь у гэтым чарговым інтэграцыйным утварэнні не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам, гаворыцца ў заяве Янукевіча.

Еўразійскі саюз можа нанесці шкоду народнай гаспадарцы Беларусі і балюча ўдарыць па дабрабыту ўсіх нашых суайчыннікаў. Ад яго выйграе толькі расійская эканоміка, якая атрымае безперашкодны доступ да беларускіх працоўных і гаспадарчых рэсурсаў. Агрэсіўны расійскі алігархічны капітал, які ёсць зброяй у руках сучаснага расійскага імперыялізму, можа разбурыць беларускі нацыянальны бізнэс, лічыць лідэр Партыі БНФ.

Досвед функцыянавання гэтак званага Мытнага саюза сведчыць, што беларускі ўрад і прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь у органах кіравання інтэграцыйнымі ўтварэннямі не ў стане абараняць інтарэсы беларускага бізнэсу і беларускіх спажыўцоў. Праз гэтыя структуры нашай краіне навязваюць невыгадныя гандлёвыя абмежаванні, якія ўсталёўваюцца выключна ў інтарэсах Расіі. Еўразійскі саюз ад моманту ўтварэння прывядзе да яшчэ большага павелічэння коштаў на спажывецкія тавары, да дэфіцыту якасных і танных тавараў з краінаў, што не ўдзельнічаюць у гэтым саюзе.

«Пад прыкрыцьцём лозунгаў пра адзіную прастору для руху працоўных рэсурсаў у Беларусь будуць прыцягнутыя танныя і некваліфікаваныя працоўныя рукі з Усходу, што пагражае скарачэннем працоўных месцаў, змяншэннем заробкаў ды будзе штурхаць беларусаў да эміграцыі за мяжу ў пошуках працы», — лічыць Янукевіч.

Еўразійскі саюз, паводле ягонага меркавання, ёсць чарговым крокам па здачы элемэнтаў нацыянальнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і пагражае стратай кантролю за нацыянальнай эканомікай. «Пад шыльдай Еўразійскага саюзу рыхтуецца здача расійскаму капіталу найбольш эфектыўных беларускіх прадпрыемстваў – Інтэграла, Гродна-Азота, МАЗа, нафтаперапрацоўчых магутнасцяў ды іншых. Узамен дзеючы рэжым разлічвае атрымаць кароткатэрміновую падтрымку ў выглядзе крэдытаў, якія будуць пушчаныя на падтрымку неэфэктыўнай адміністратыўна-каманднай мадэлі эканомікі. Але ж досвед і логіка ўсіх ранейшых інтэграцыйных авантураў сведчыць, што такім чынам беларускі ўрад страчвае кантроль над усё большымі элементамі нацыянальнай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве.

«Еўразійскі саюз ёсць аб’яднаннем недэмакратычных рэжымаў, таму ўдзел у ім Беларусі з’яўляецца сродкам кансервацыі ў нашай краіне аўтарытарнага ладу. Адсутнасць народаўладздзя, пагарда правоў асобы, фальсіфікацыі выбараў і маніпуляцыі воляй народа ў мэтах забесьпячэння незмяняльнасці аўтарытарнага кіраўніцтва — гэта тое, на чым Еўразійскі саюз грунтуецца. Адпаведна, Еўразійскі саюз будзе ўсялякім чынам перашкаджаць развіццью дэмакратыі», — адзначае Янукевіч.

«Нацыянальным інтарэсам Беларусі і беларускага народа адпавядае еўрапейскі, а не азіяцкі шлях развіцьця. Менавіта еўрапейскі выбар, які ўжо зрабілі нашыя краіны-суседзі Літва, Латвія, Польшча, і пра які вельмі выразна і мужна заявіў змагарны ўкраінскі народ, з’яўляецца адзіным магчымым шляхам сапраўднага развіцьця нашай нацыі», — кажа лідэр Партыі БНФ.

«Інтэграцыя ў Еўропу – гэта стабільнае і высокатэхналагічнае разьвіццё, мадэрнізацыя эканомікі, рост дабрабыту ды еўрапейскія стандарты жыцця, умацаванне гарантыяў незалежнасці і развіццё дэмакратыі. Еўразійскі саюз — гэта стагнацыя і заняпад эканомікі, падзенне ўзроўню жыцця да стандартаў мінулага стагоддзя, якія існуюць у Сярэдняй Азіі, захоп працоўнага рынку мігрантамі з азіяцкіх краінаў, страта кантролю за лепшымі прадпрыемствамі краіны, кансервацыя недэмакратычнага рэжыму і неэфэктыўнай сістэмы адміністрацыйнага кіравання эканомікай», — адзначае Янукевіч.

Ул.інф.