Праектам дамовы аб ЕАЭС задаволеныя Назарбаеў і Пуцін, а Лукашэнка — не зусім
Застаецца некаторая незадаволенасць у тым, што тычыцца дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Не сказаць пра тое, што некаторая незадаволенасць маецца, я не магу», — сказаў ён у чацвер на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Паводле слоў Лукашэнкі, «у нас ёсць яшчэ магчымасць зрабіць нашы дамоўленасці лепш, да ўзаемнай выгады ўсіх удзельнікаў дамовы».
«І будучы шчырым, надзейным партнёрам — а па іншаму Беларусь не можа — мы абавязкова пра гэта пагаворым і з прэзідэнтам Расіі, і з прэзідэнтам Казахстана», — адзначыў кіраўнік Беларусі.
Ён выказаў надзею «на паразуменне і канструктыўны падыход да вырашэння ўсіх пытанняў».
Назарбаеў на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў чацвер заявіў: «Мы завяршылі каласальную працу па падрыхтоўцы дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яго падпісанне адзначыць якасна новы этап развіцця інтэграцыі на еўразійскай прасторы. Дамова атрымалася, я лічу, узважанай, пісьменнай, якая ўлічвае інтарэсы ўсіх нашых дзяржаў».
«Работа была праведзена велізарная, спрэчкі былі дастатковыя, але дасягнуты кансэнсус задаволіў ўсе бакі. У ёй (дамове аб ЕАЭС) адлюстраваныя ўсе базавыя аспекты, уласцівыя міжнароднай інтэграцыі, зафіксаваныя прынцыпы суверэннай роўнасці дзяржаў, тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама павага асаблівасцяў палітычнага ладу ўсіх дзяржаў», — заявіў кіраўнік Казахстана.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін распарадзіўся прыняць прапанову ўрада РФ аб падпісанні Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Адпаведнае распараджэнне Пуціна размешчана ў чацвер на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
«Дазволіць Мінэканамразвіцця Расіі ў ходзе перамоваў аб падпісанні названй Дамовы ўносіць у яе праект, ухвалены ўрадам Расійскай Федэрацыі, змены, якія не маюць прынцыповага характару», — гаворыцца ў тэксце распараджэння.
«Лічыць мэтазгодным падпісаць Дамову, прадугледжаную гэтым распараджэннем, на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў», — адзначаецца ў дакуменце.
«Перамовы (па падрыхтоўцы дамовы) ішлі не проста, але ўсе бакі былі настроены на кампраміс. Праца завершана, і спадзяемся, што ў Астане будзе пастаўлена гучная і ўрачыстая кропка: з 1 студзеня 2015 года Еўразійскі саюз пачне функцыянаваць і тры краіны пяройдуць на якасна новы ўзровень узаемадзеяння», — сказаў у сераду журналістам памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў.
Як паведамлялася, прэзідэнты Расіі, Беларусі і Казахстана ў ходзе пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў чацвер у Астане плануюць падпісаць дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).
Паводле interfax.by