"Перспектыва" заклікае ўрад адэкватна адрэагаваць на сітуацыю з ІП

 Рэспубліканскае грамадскае аб`яднанне "Перспектыва" заклікае ўрад Беларусі адэкватна адрэагаваць на сітуацыю, якая склалася з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП). З новага года праца большасці гандлёвых цэнтраў і рынкаў у краіне паралізаваная.



ip_tc_pusto_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
У заяве, апублікаванай на сайце "Перспектывы", гаворыцца, што працу спынілі 90% гандлёвых цэнтраў і рынкаў па ўсёй Беларусі. "Адбыўся калапс рознічнага спажывецкага рынку", — адзначае прадпрымальніцкае аб`яднанне.
"Гэтыя падзеі адбыліся з прычыны халатнасці чынавенства, якое не надало належнай увагі сітуацыі і праігнаравала шматлікія прапановы прадпрымальніцкай супольнасці", — гаворыцца ў заяве.
"Перакананыя, што пустыя рынкі і гандлёвыя цэнтры — гэта лепшы доказ некампетэнтнасці дзяржорганаў і памылковасці палітыкі рэгулявання малога бізнесу ў Беларусі. У сітуацыі, якая склалася, гэта шлях вар`яцтва, інакш нельга назваць, калі падчас крызісу ў эканоміцы без сродкаў да існавання засталося каля 500 тыс. чалавек (сем`і прадпрымальнікаў і тыя, хто залежыць ад іх)", — адзначае "Перспектыва".
Аўтары заявы заклікаюць урад "вярнуцца на дарогу розуму і прыняць своечасовыя адэкватныя рашэнні, з улікам меркаванняў саміх прадпрымальнікаў".
З пачатку новага года ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". З гэтага часу ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Праблема ў тым, што расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку на ІП накладаюць штрафы, у іх канфіскуюць тавар. Неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ пачутыя не былі.
У канцы снежня РГА "Перспектыва" звярталася да кіраўніка дзяржавы з просьбай увесці мараторый на прымяненне указаў № 222 і 48 ("Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў"). Гэтыя дакументы, гаварылася ў лісце, практычна не пакідаюць перспектыў для працы ІП у сферы рознічнага гандлю. "Нельга, каб з-за немагчымасці выканаць дзеянні закона людзі прыпынялі альбо наогул спынялі сваю працоўную дзейнасць на месцах, асабліва ў наш складаны час", — адзначалася ў звароце.
30 снежня некаторыя ІП пабывалі на прыёме ў намесніка міністра па падатках і зборах Беларусі Святланы Шаўчэнкі. Як паказалі вынікі гэтых сустрэч, улада не мае намеру рэагаваць на просьбы прадпрымальнікаў.
Як раней паведамляў БелаПАН, у першыя дні новага года ў Мінску і іншых гарадах Беларусі многія рынкі і гандлёвыя цэнтры засталіся практычна пустымі — пераважная большасць ІП прыпынілі сваю працу з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа № 222.
Марына Носава, БелаПАН