У суботу рынкі замарожаны — прадпрымальнікі не выйшлі на працу
У выходны дзень, 2 студзеня, рынкі пустуюць. Большая частка боксаў зачынены. Вакол ходзяць разгубленыя пакупнікі і пытаюцца: «Як? Няўжо ўсё прадалі?». На кропках продажу вісяць апавяшчэнні «тавар не сертыфікаваны», за шклом — голыя манекены і пустэча.
Анатоль Шумчанка, кіраўнік арганізацыі «Перспектыва», кажа на сваёй старонцы ў фэйсбуку: »Уже сейчас можно говорить о том, что власти парализовали большую часть торговли Беларуси своими указами и законами! Покупатели в недоумении и недовольны!!!»
Спынілася праца на шматлікіх гандлёвых цэнтрах і рынках — прадаўцы не выйшлі.
Па інфармацыі Анатоля Шумчанкі, у ГЦ Ждановічы не працуе 95% нехарчовага сектара, у ГЦ «Экспабел» — на другім паверсе не працуюць 70%, на вуліцы — амаль 100%. ГЦ «Шчасце» — не адчынілася каля 97% боксаў, у ГЦ «Паркінг» — 99%.Гэта звязана з пачаткам дзеяння ўказа № 222 пра рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Паводле якога, ІП павінны будуць рэалізоўваць прадукцыю легпрома, увезеную з краін Мытнага звяза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расійскія пастаўшчыкі, у якіх беларускія ІП галоўным чынам набываюць тавар, у большасці выпадкаў адмаўляюцца выдаваць дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне прадукцыі, што становіцца падставай для штрафаў і канфіскацыі маёмасці ў беларускіх ІП.
14 снежня на форуме прадпрымальнікаў у Менску шматлікія ІП заявілі пра свой намер змушана прыпыніць сваю працу з 1 студзеня ў сувязі з немагчымасцю выканання указу прэзідэнта № 222 і тэхнічнага
рэгламенту.
Падчас размовы з журналістам «НЧ» некаторыя прадаўцы ГЦ «Экспабел» выказвалі спадзяванне, што праз некалькі тыдняў усё зменіцца, выкананне ўказу будзе адкладзена і можна будзе вярнуцца да працы.