ІП: «тэрміналізацыя» непазбежная

Кампанія супраць прымусовага набыцця банкаўскіх тэрміналаў для ІП наблізілася да свайго фінішу. Ініцыятыўная група атрымала адказы на адпраўленыя калектыўныя звароты, паведаміў кіраўнік кампаніі, каардынатар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Гродне Сяргей Верамеенка.



02eb920478d2e6f34ccae6afa6132046_small.jpg

Адміністрацыя прэзідэнта, атрымаўшы бандэроль з больш са 100 аркушамі падпісантаў, перадала іх у Савет Міністраў, якому таксама дасылалі зварот, а той перанакіраваў яе ў Нацбанк. І гэта пры тым, што Саўмін разам з Нацбанкам прымаў сумесныя пастановы №924/16 ад 6 ліпеня 2011 года і № 489/7 ад 21 траўня 2014 года, датычныя абавязковага ўсталявання прадпрымальнікамі банкаўскіх тэрміналаў у іх гандлёвых кропках. Першым адказ прыйшоў з Міністэрства па падатках і зборах за подпісам намесніка міністра Святланы Шаўчэнкі са спасылкай на тое, што тэрміналы ўводзяцца ў сувязі з наяўнай эканамічнай сітуацыяй, хоць у звароце падкрэслівалася, што абавязковае ўвядзенне тэрміналаў у сённяшняй эканамічнай сітуацыі моцна ўдарыць па прадпрымальніках.

 

Напрыклад, аналаг беларускага «таннага» чатырохмільённага тэрмінала ў Польшчы каштуе менш за 5 еўра (90 000 рублёў), а аналаг «дарагога» дзесяцімільённага – 37 еўра (740 000 рублёў). З-за кошт чаго такая розніца, і чаму нельга ўвесці ў рэестр танныя прылады, чыноўнікі адказу не даюць.

 

 

Канешне, з пункту гледжання спажыўца, магчымасць разлічыцца карткай – гэта зручна. Але на гэтае пытанне трэба глядзець комплексна, з улікам інтарэсаў усіх бакоў. Зараз павісла ў паветры пытанне пра тое, адкуль будуць браць грошы на новаўводзіны дробныя прадпрымальнікі, грашовы абарот каторых і так мізэрны. З іншага боку, у 350-тысячнай Гародні налічваецца больш за 200 банкаматаў. А што рабіць з разлікам па картцы ў зоне, дзе няма дасяжнасці або працуе з перабоямі інтэрнэт (датычна таксовак)?
 

 


Апошнім прыйшоў адказ з Нацбанку. Згодна з ім, пастанова адменена не будзе, бо тэрміны ўжо пераносіліся. Таксама ў рэгулятары спаслаліся на меркаванне трымальнікаў картак, абсалютна не пачуўшы довады ІП. Сярод падпісантаў чыноўнікі знайшлі тых, хто не з’яўляецца прадпрымальнікам, заявіўшы на гэтай падставе, што ім не варта было клапаціцца, бо іх інтарэсы аніяк не закранутыя. Да адказу была дадзеная табліца з «Інфармацыяй аб парадку, умовах і коштах…» на тэрміналы. Цана абсталявання – ад 10 млн да 13,8 млн рублёў. Або арэнда за 400-680 тыс. рублёў за месяц. Плюс банкаўскае абслугоўванне ад 100 тыс. рублёў за месяц да 3,5% з выручкі. Ёсць і таннейшыя прылады за 1-3 млн рублёў. Але гэта толькі ў «Прыёрбанку» пры ўмове, што з’яўляешся яго кліентам. Па інфармацыі прадпрымальнікаў, якія ўжо замовілі аднамільённае абсталяванне, тавару ў наяўнасці няма. Да таго ж «танныя» тэрміналы не выдаюць чэк аб спісанні сродкаў з рахунку кліента, як таго патрабуе заканадаўства.
 

 


«Такім чынам, чарговы раз беларуская ўлада прадэманстравала, што ўсе «ніжэйшыя за іх» існуюць выключна для таго, каб выконваць загады-дырэктывы, прынятыя недзе там вышэй без якога-небудзь грамадскага абмеркавання. Каб выдаткоўваць свае грошы на затыканне чарговых дзірак у «стабільнай эканоміцы». Ну і, канешне, каб утрымліваць чынавенства, што не жадае ані бачыць, ані размаўляць з тымі, для каго яны нібыта (па заканадаўстве) працуюць. За выстаўлены ІП-эшнікам рахунак прыйдзецца заплаціць ці адмовіцца ад працы. Штосьці гэта надта нагадвае дзеянні «рамантыкаў з вялікай дарогі»» – адзначыў каардынатар БХД Сяргей Верамеенка.

 

Паводле bchd.info