«Той, хто прыдумаў указ 222, — шкоднік», — першыя дні без тавараў расійскага легпраму ў Горках

Прэзідэнцкі ўказ 222, які ўступіў у сілу ад 1 студзеня, паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў.



b42c86b8_2e49_476d_b6f1_b0f4523b424f_w640_r1_s.jpg

Індывідуальныя прадпрымальнікі ў Горках Магілёўскай вобласці, якія возяць тавары расійскага легпраму, не выйшлі на працоўныя месцы.

Пакупнікі, якія прыйшлі набыць адзенне ці абутак, былі здзіўленыя, убачыўшы зачыненыя гандлёвыя аб’екты. У Горках упершыню за многія гады апусцеў мясцовы рэчавы рынак.

У нядзелю на адведзенай пляцоўцы збіраліся, каб прадаць тавар, не толькі горацкія гандляры, але і прыезджыя, з суседніх райцэнтраў.

Наведнікі рынку не хавалі, што збянтэжаныя ўбачаным. На пытанне, ці не здзівіў іх рынак без гандляроў, жыхары райцэнтру адказвалі: здзівіў.

«Нашы індывідуальныя прадпрымальнікі цяпер не могуць вольна гандляваць, бо, відаць, ёсць нейкія праблемы», — выказала здагадку адна з наведніц рынку.

gdb.rferl.org__05bd3fcd_fa50_4_d400cc4199c7ff1bab1d19d70b20f432.jpeg

Пляцоўка, на якую з'яжджалі гандляры, бязлюдная

«Для нас, пакупнікоў, гэта не дужа добра, — працягнула жанчына. — Тут жа можна было прыдбаць рэчы таннейшыя, чым у крамах, дый выбар быў большым. Замяніць прывазны тавар беларускім будзе вельмі цяжка. Эканамічная сітуацыя неспрыяльная».

Наступную суразмоўніцу пусты рынак таксама здзівіў. Як зазначыла жанчына, у яе было прадчуванне нечага падобнага, але такога, прызналася яна, убачыць не чакала:

«Вельмі сумна. Хацелі нешта прыдбаць сёння, але спазніліся», — каротка пракаментавала карціну на рынку жыхарка Горак.

Маладая пара прыйшла на рынак таксама пашукаць патрэбныя ім рэчы, аднак на гандлёвай пляцоўцы маладзёны не затрымаліся.

«Нас здзівіў пусты рынак», — выказалася дзяўчына.

«Людзям забаранілі гандляваць. У іх павінна быць ліцэнзія на гандаль небеларускімі рэчамі, — зазначыла іншая жыхарка Горак. — Людзей шкада, бо без працы застануцца многія. Дый пакупнікоў, якія прывыклі набываць рэчы на рынку. Дзе цяпер ім купляць, я і не ведаю».

gdb.rferl.org__2779889e_4ade_4_c905980153ee21139d5e6f15bee7bf77.jpeg

Пакінуты каркас гандлёвай палаткі — адзінае, што запаўняе пустэчу пляцоўкі

Суразмоўніца запэўніла, што беларускага тавару цяпер даволі, каб ім замяніць прывазное з Расіі.

Дырэктар рынку ў прыватнай гутарцы запэўніў, што пусты рынак — часовая з'ява. Паводле яго ў наступныя выхадныя гандляроў на ім будзе на парадак болей.

Прадпрымальнікі, якія наведаліся ў свае павільёны на іншым рынку райцэнтру, каб сабраць тавар для вывазу, не ўтойвалі, што выйсця з той сітуацыі, якую стварыў прэзідэнцкі ўказ № 222, яны не бачаць. Многія, зазначылі суразмоўцы, свой бізнес страцяць:

«Вы ж бачыце, мы не працуем. Ніхто нібыта і не забараняў, але з іншага боку забаранілі гэтак, што, калі нам гандляваць па ўсіх правілах, то выгады ніякай. Калі нічога ня зменіцца, пойдзем — самі не ведаем куды, бо працы ж іншай зусім няма. Нават біржа не ўладкуе. Гэтыя законы прымаюць людзі далёкія ад нашага жыцця і нашай працы», — каментуе сітуацыю адзін з горацкіх прадпрымальнікаў. Ён гандлюе таварамі расейскага легпраму больш за пятнаццаць год.

Жонка суразмоўцы дадае, што ў іх была думка папрацаваць крыху, аднак не наважыліся:

«Боязна працаваць. Канфіскуюць тавар, вялікі штраф. Нам гэта не падняць. Цяпер гандлю няма. У людзей безграшоўе. Арэнда завялікая».

gdb.rferl.org__65eb6f1f_205c_4_93bca841ee9cfd3ac93095bc4f3d983d.jpeg

Гандлёвы цэнтр «Малая Еўропа» таксама без гандляроў і пакупнікоў

Прэзідэнцкі ўказ нумар 222 не выгадны ні народу, ні прадпрымальнікам, далучаюцца да гутаркі яшчэ некалькі бізнесоўцаў:

«Падаткі не сплачваюцца. Хоць тавар па сезоне прывезены, але яго ніхто не прадае. Дый народ ходзіць у пошуках свайго», — выказваецца адзін з іх. Ягоны калега дадае:

«Расейцам выгадна. Людзі туды паедуць па тавар. Тут жа недалёка да Смаленску. 75 тысяч рублёў маршруткай. Танней, чым да Мінску. Людзі паедуць у Смаленск па штаны, там жа і харчы будуць купляць. Эканамічна гэты ўказ — шкодніцтва. Беларусь жа не Расія. Гэта адтуль праблема выехаць, а ў нас жа краіна маленькая. Па перыметры сто кіламетраў у розныя бакі — і замежжа. Таму ўсе параз'едуцца».

Пакуль трывала гутарка, да прадпрымальнікаў падышоў не адзін пакупнік, здзіўлена пытаючыся, ці працуюць яны. Маладая дзяўчына, якая прыйшла прыдбаць сабе джынсы, сказала, што пра ўказ 222 чула:

«Так, чула, але спадзявалася, што гэта неяк нас абміне. Нібыта гэты ўказ некалькі год як існуе. Аднак бачым, што ўсё ж ім пазачынялі ўсё. Нядзеля, святочныя дні, і ўсё зачынена».

Зачыненымі павільёнамі сустрэў пакупнікоў у новым годзе і найвялікшы гандлёвы цэнтр Горак «Малая Еўропа». Паводле прадпрымальнікаў, у ім сотня павільёнаў. З іх адчыненымі былі адзінкі і не было ніводнага, які гандляваў бы прывазным з Расіі таварам.

gdb.rferl.org__9f2d2048_9b99_4_3c2dd4bc97d1f8e6f75c6332cd7f19ad.jpeg

З некаторых павільёнаў тавар прадпрымальнікі вывезлі. Засталіся манекены

У наведнікаў гандлёвага цэнтру пытаюся: «Ці зручна будзе простым людзям без таго, што прывозяць прадпрымальнікі».

«Нявыгадна», — у адзін голас адказваюць на пытанне маці і сын.

«Наша беларускае вельмі дарагое, — працягвае жанчына. — Якасць мо і добрая, але выгляд іншым разам не дужа прывабны. І выбару няма. Я гэта ведаю дакладна».

«Выбару такога пэўна ўжо не будзе», — рэагуюць на пытанне маладыя муж і жонка, якія чакаюць папаўнення ў сям’і. Яны завіталі ў «Малую Еўропу», каб прыглядзець рэчы для дзіцяці.

«Беларускае значна даражэйшае. Нас жа прывучаюць, што беларускае якаснае. Аднак у нас прадукцыйнасць працы зусім іншая, таму і тавары і харчы даражэйшыя», — тлумачыць будучы тата.

gdb.rferl.org__8e283e66_c2d7_4_6a9fe57d810483d5974ed0dc19e30c7d.jpeg

Дзіцячае адзенне таксама пад забаронай без сертыфікатаў якасці

Калі не будзе прывазнога, дадае ён, то давядзецца прывыкаць да беларускага.

У гандлёвым цэнтры «Малая Еўропы» прадпрымальнікі прыпынілі працу, як паведамілі іхныя калегі ў адчыненых павільёнах, на месяц. Многія з іх спадзяюцца, што за гэты час сітуацыя канкрэтызуецца.

Адзін з гандляроў адчыненага павільёну выказаў меркаванне, што ўказ прэзідэнта несправядлівы і супраць яго трэба кансалідавана паўстаць. Суразмоўцу незразумела, чаму жыццё ў нібыта адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй не мае агульных патрабаванняў да яе суб’ектаў:

«Калі мы жывём у адзінай прасторы, значыць, у іх таксама павінны быць такія ж законы і гэтак жа павінны зачыніцца рынкі. Павінны быць агульныя патрабаванні і па сертыфікацыі тавараў, а там такога патрабавання няма», — заключыў гандляр з гандлёвага цэнтру «Малая Еўропа».

gdb.rferl.org__2249cb50_9202_4_57b4bb5e61df93732ecd6bc10a61ee02.jpeg

Аптымістычная абвестка на павільёне

Згодна з указам № 222, ад 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакументамі.

У 2014 годзе была скасаваная палёгка, што дазваляла індывідуальным прадпрымальнікам завозіць з Мытнага саюзу тавары легпраму без дакументаў, што пацвярджалі б іх легальнае паходжанне і бяспеку для спажыўца. Такія тавары без дакументаў трэба было распрадаць да 1 сакавіка 2015 году, пазней тэрмін быў працягнуты да канца 2015 году. Непрададзеныя тавары могуць выкарыстоўвацца толькі «ў мэтах асабістага, хатняга, сямейнага спажывання, не звязанага з прадпрымальніцкай дзейнасцю».

www.svaboda.org