«Гэта самае страшнае для ўладаў», — Шумчанка

Напярэдадні антыкрызіснага форуму прадпрымальнікі самастойна ладзяць сходы ў пустых гандлёвых цэнтрах.



a58d2adc_190c_42d9_9646_0407cfbb1f6a_w640_r1_s_cx0_cy9_cw0.jpg

Індывідуальныя прадпрымальнікі, нязгодныя з указам № 222, які, як яны сцвярджаюць, не дае магчымасці гандляваць нехарчовымі таварамі краінаў Мытнага саюзу, збяруцца на антыкрызісны форум 11 студзеня. Але яшчэ да форуму стыхійна ладзяцца мясцовыя сходы.

 

Як стала вядома Свабодзе, прадпрымальнікі збіраюцца на мясцовыя сходы 5 снежня ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком», у гомельскім «Сакрэце», на найбуйнейшым рынку Магілёва, Віленскім. Там прадпрымальнікі хочуць абмеркаваць свае праблемы, падрыхтаваць улёткі з тлумачэннямі сваёй пазіцыі пакупнікам, звароты да ўладаў ды «вырашыць, як далей жыць».

 

Старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка распавёў "Свабодзе", што мае дачыненне толькі да падрыхтоўкі антыкрызіснага форуму, а мясцовыя сходы — ініцыятывы саміх прадпрымальнікаў, што не каардынуюцца «зверху»:

gdb.rferl.org__c1d7ca2c_3ef8_4_08c2cded04710f0b8bab8b4a08f027bf.jpeg

Анатоль Шумчанка

«Гэта самі прадпрымальнікі! І гэта тое, пра што мы папярэджвалі ўлады. Тое, што далей будзе адбывацца, гэта цікавыя моманты, на якія трэба хутчэй рэагаваць. Гэта ўсё можа набыць стыхійны характар.

Я ведаю, што сёння ў Берасці нашы актывісты будуць працаваць з тэлеканалам АНТ, у Гомелі будзе аб 11-й гадзіне сустрэча з прэсай... Адзінае, што мы робім, гэта арганізуем антыкрызісны форум і маніторым сітуацыю, трымаем сувязь з усімі. А што ў галаве чалавека, мы не ведаем.

Гэта галоўная пагроза для цяперашніх уладаў. Бо змагацца з арганізаваным пратэстам яны навучыліся. А змагацца са стыхійным пратэстам — вось гэта для іх вельмі сур’ёзная праблема».

Магчыма, тэлеканал АНТ дасць слова і самому Шумчанку, у якога мае намер узяць каментар у менскім гандлёвым цэнтры «Еўропа».

Удзень 4 студзеня Шумчанка тэлефанаваў намесніку міністра эканомікі Ірыне Касцевіч, з якой паўгадзіны абмяркоўваў сітуацыю з пратэстамі прадпрымальнікаў. Па выніках размовы ў яго склалася ўражанне, што ўлады «не хочуць прызнаваць сваю памылку»:

«Я пачаў з таго, што, маўляў, паглядзіце: рынкі пустыя, гандлёвыя цэнтры пустыя, трэба нешта рабіць, спыняць гэтае бязладдзе. У адказ я пачуў: былі навагоднія святы, выходныя ў краіне, з чаго вы ўзялі, што нешта адбылося? Натуральна, мяне гэта збянтэжыла, таму спытаў у адказ: колькі вам трэба часу, каб вы заўважылі праблему?

Потым, натуральна, была размова на падвышаных танах. Мне казалі, што юрыдычныя асобы патрабуюць роўных умоваў [з індывідуальнымі прадпрымальнікамі]. Я казаў, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў цяперашніх умовах працаваць не могуць, неабходна тэрмінова вырашаць гэтую праблему. Не «нейкім там чынам», а ёсць канкрэтная прапанова: увесці мараторый на паўгода [на ўказы № 222 і 666] і за гэты час прыняць кампраміснае рашэнне, што задаволіць усе бакі.

Паўгадзіны размаўлялі, даказвалі адзін аднаму. Іх пазіцыя такая: чаму такі народ? Яна не разумее, чаму ў нас такі народ, бо, маўляў, давала паўтара-два гады на перабудову бізнесу, а нашыя людзі гэтага не зрабілі. Кажу: іншага народу няма, такія людзі. Яна адказвае: калі няма, калі не могуць перастроіцца, то мо трэба нечым іншым займацца? Кажу, што іншым таксама асабліва не пазаймаешся, мне здаецца, трэба па-іншаму пытанне ставіць: трэба ствараць умовы, каб бізнес працаваў, а не знішчаць яго.

Паводле нашай інфармацыі з рэгіёнаў, падатковыя інспектары прасілі прадпрымальнікаў, каб яны пісалі заявы, нібы яны ў адпачынку. У мяне такое пытанне: я не разумею, гэта ўлады займаюцца самасупакойваннем? Яны хочуць кагосьці падмануць? То яны найперш сябе падманваюць тым, што думаюць, што людзі ў адпачынках. Напрыканцы размовы яна сказала, што перажывае і заклапочаная гэтай сітуацыяй. Але я так зразумеў, што пакуль не будзе адмашкі зверху, ніхто нічога рабіць не будзе.

Я яшчэ раз хачу заявіць: людзі прыпынілі сваю працу праз немагчымасць выконваць законы, якія прыдумалі чыноўнікі. Кропка! Тое, што яны не працавалі першыя два выходныя дні, гэта сур’ёзны сігнал. Тое, што я казаў Касцевіч: што для вас выходныя, для нас працоўныя дні. Яшчэ адно сведчанне сур’ёзнасці: вы паглядзіце, колькі вывезена тавару. Пустыя гандлёвыя аб’екты без тавараў па ўсёй краіне. Не ўсе, канешне, паспелі вывезці, але многія. Якія яшчэ доказы шаленства, бязладдзя патрэбныя нашым чыноўнікам? Што, толькі калі людзі на вуліцы выйдуць, тады для іх будзе паказнік? Дык яны ж самі першыя крычаць, што трэба цывілізавана вырашаць пытанні..."

Шумчанка нагадвае: 11 студзеня будзе форум, на якім людзі самі ўхваляць рашэнне па далейшых дзеяннях.

www.svaboda.org