Працоўных змусяць да новага жыцця?

Верагодна, што ўжо ў 2016 годзе Беларусь чакаюць масавыя звальненні працоўных з нерэнтабельных прадпрыемстваў. Наколькі гэта разумна, як гэта можа выглядаць і што тут мусіць рабіць улада? Спрабуем разабрацца.



2xhncelnm2w.jpg

Непатрэбныя працоўныя рукі

 

Зараз ніхто з эканамістаў не чакае ад 2016 году ўздыму беларускай эканомікі. Усе прагнозы абяцаюць або працяг рэцэсіі (павольнае зніжэнне ўсіх паказчыкаў), або проста стагнацыю ― замарозку цяперашняй нягегласці. Па сутнасці, беларуская эканоміка ― гэта адказ на пытанне, ці можна насіць ваду ў рэшаце. Адказ: можна, калі вады ў рэшата льецца больш, чым выліваецца. Пакуль нафта была дарагая і Расія купляла ўсе нашы тавары, а Захад ― нафтапрадукты, вады лілося больш, чым вылівалася. Цяпер вада ў рэшата не льецца, а рэшата ― буйная ды неэфектыўная прамысловасць ― засталося.

Працяг стагнацыі беларускай эканомікі ў 2016 годзе будзе мець адно вельмі сур’ёзнае наступства: масавыя звальненні працаўнікоў з нерэнтабельных заводаў. Улады ўсяляк пазбягалі такіх звальненняў у 2015-м па шэрагу прычын, першая з якіх ― выбары прэзідэнта. Але эканамічная сітуацыя не паляпшаецца, і стратныя прамысловыя гіганты будуць проста вымушаны звальняць персанал. Кагосьці з іх, канешне, дзяржава падтрымае ― як, напрыклад, падтрымлівае зараз «Гомельшкло», «Камволь» ці «Гомсельмаш». Але большасць будзе або наўпрост банкруціцца, або балюча рэструктурызавацца са значным скарачэннем штату.

Чаму так адбываецца ― не сакрэт. З канца 2014 расійскі рынак для беларускіх тавараў практычна страчаны. Вытворцы, якія ў 2012-2014 добра жылі, прадаючы свой тавар усходнім суседзям, сёння сядзяць без грошай ― але з забітымі складамі (прагнозныя паказчыкі па вытворчасці ніхто не адмяняў). Выйсці на іншыя рынкі яны не могуць.

На гэты конт эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў «НЧ»: «Наш экспарт і надалей будзе падаць, паколькі канкурэнтаздольнасць нашых вытворцаў панізілася. Справа тут нават не ў попыце з боку Расіі. Проста мы тэхналагічна адстаем ад усяго свету. Мы ўжо не можам рэальна прадаваць за мяжу нічога, апроч сыравіны ды прадуктаў яе першаснай перапрацоўкі. Нават цэмент ― і той з цяжкасцю прадаем».

leanid_zlotnikau.jpg

Леанід Злотнікаў. Фота з сайта eurobelarus.info

 

Насамрэч, усё больш беларускіх прадпрыемстваў сёння скарачаюць або цалкам спыняюць вытворчасць. Прыклад таму ― спыненне з кастрычніка 2015 вытворчасці тэлевізараў. «Так, нам варта чакаць масавых звальненняў з заводаў. Не факт, што яны будуць зусім ужо абвальна-масавымі, але дакладна звальненняў будзе нашмат болей, чым было раней, ― прагназуе галоўны аналітык фінансавай кампаніі Alpari Вадзім Іосуб. ― Безумоўна, для эканомікі гэта будзе добра, бо звальненні будуць адбывацца на нежыццяздольных прадпрыемствах, а таксама на прадпрыемствах з відавочна залішней колькасцю працуючых».

 

 

img_news_302168_id6162_800x400.jpg

Вадзім Іосуб. Фота з сайта racyja.com

 

Спіс прадпрыемстваў, якія будуць скарачаць працаўнікоў, вядомы ўжо сёння. Гэта лідэры па стратах.

 

Вось як выглядае Топ-10 самых стратных прадпрыемстваў на канец 2015 года:

 

1. «Гомсельмаш»

2. БМЗ

3. МТЗ

4. «Гомельшкло»

5. МАЗ

6. Светлагорскі ЦКК

7. Барысаўскі мясакамбінат

8. «Крычаўцэменташыфер»

9. «Амкадор»

10. БАТЭ

 

 

gomsel_mash.jpeg

«Гомсельмаш». Фота з сайта gomel.today

 

Як бачым ― спрэс яшчэ нядаўнія «флагманы» беларускай прамысловасці. І звальненні там ужо пачаліся. Па інфармацыі Міністэрства фінансаў, у III квартале 2015 года колькасць працоўных на МАЗе скарацілася на 1344, на «Белшыне» ― на 1133, на МАПІДзе ― на 1044 чалавекі. Але ж шмат звальненняў можна чакаць і ў невялікіх мястэчках, дзе масава рыхтуюцца да банкруцтва невялікія прадпрыемствы. Прыклад ― Елізава, дзе банкруціцца завод шклатары, якім валодаў пасаджаны ў СІЗО бізнэсмен Аляксандр Мураўёў (саўладальнік «Мотавела»).

 

 

f04c276d85c7e3f9baef7d23ae9c8ec3.jpg

Аляксандр Мураўёў

 

Цяперашні попыт на працоўную сілу ― самы нізкі з 2004 году. Нават у 2009-м, на фоне сусветнага эканамічнага крызісу, калі ў Беларусі назіраўся спад прамысловай вытворчасці, узровень заяўленых вакансій быў вышэйшы, паведамляе БелаПАН. На гэтым фоне ў 2015 годзе ў краіне акрэслілася тэндэнцыя росту беспрацоўных. Паводле звестак Міністэрства працы і сацабароны, на 1 снежня ў Беларусі колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку, склала 43,2 тысячы чалавек. Для параўнання: напрыканцы 2014 году гэты паказчык складаў 24,2 тыс. чалавек, у канцы 2013-га ― 21 тысячу. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, сёння ў Беларусі максімальная з 2007 году колькасць беспрацоўных.

 

 

І гэта толькі пачатак. У 2016-2017 гадах у ўлады няма асаблівых прычынаў моцна тармазіць масавыя звальненні. Выбары прэзідэнта прайшлі, затое патэнцыйныя крэдыторы ― МВФ ды ЕФСР ― якраз і патрабуюць спыніць дзяржаўную падтрымку стратных заводаў. І гэта цалкам лагічна з эканамічнага пункту гледжання ― зараз даводзіцца марнаваць вялікія грошы, дзяржаўныя рэсурсы, на падтрымку нікому непатрэбнай занятасці, а па сутнасці ― міту пра «сацыяльную дзяржаву».

 

 

timthumb_php.jpeg

Яраслаў Раманчук. Фота з сайта belgazeta.by

 

«Нават па афіцыйных ацэнках мінімум паўмільёна чалавек пры існуючай сістэме вытворчасці з’яўляюцца лішнімі, бо яны незапатрабаваныя рынкам, ― гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук. ― Прычым інтэграваць (узяць на працу) столькі людзей не здольныя ні дзяржпрадпрыемствы, ні холдынгі, ні канцэрны ― гэта давядзецца рабіць малому і сярэднему бізнэсу. Таму калі ўлада «наязджае» на індывідуальных прадпрыймальнікаў ― гэта не толькі абсурдна, але і небяспечна».

 

 

Праблема амаль без вырашэння

 

Сапраўды, адна справа ― проста звольніць з прадпрыемстваў «залішніх» людзей. Але куды іх падзець? Больш за 20 гадоў беларускі «ляхтарат» прывучалі да сацыяльнай дзяржавы, прывучалі, што «чарка ды шкварка» абавязкова будзе. А зараз ― яшчэ і дэманструюць, што будзе з тым, хто паспрабуе рабіць свой уласны бізнэс.

На жаль, трэба канстатаваць: сёння, пры цяперашняй сацыяльна-эканамічнай мадэлі, вырашыць праблему масава звальняемых людзей ― немагчыма. Для гэтага патрэбная згода дзяржавы на сур’ёзныя рэформы. Хай сабе і па ўзоры Кітая ― без палітычнага пацяплення, але з наданнем свабоды прыватнаму бізнэсу, з павагай да прыватнай уласнасці. Гэта першае. Другое (і значна больш складанае) ― патлумачыць людзям, што на добрую дзяржаву разлічваць больш ня варта. Яна дасць магчымасць зарабляць самому, але гарантаваць занятасць больш не будзе. Натуральна, гэта вялікая рызыка для дзеючай улады. А раптам знойдзецца папуліст, большы за Лукашэнку? Які распавядзе, што насамрэч нікога звальняць ня трэба, а варта проста падзяліць паміж людзьмі прыбыткі ад продажу хлорыстага калію ― і ўсім стане добра!

Але ўявім, што дзяржава дала згоду на рэфармаванне. Што можна зрабіць, каб беларуская эканоміка «паглынула» ад 500 000 да мільёна звальняемых людзей? Насамрэч рэцэпты ёсць. Больш за тое, яны добра вядомыя і адпрацаваныя ў такіх краінах, як Польшча, Чэхія, Славакія, Вугоршчына і гэтак далей.

Такім чынам, па чарзе:

 

  •  Актыўнае развіццё малога прыватнага бізнэса

 

У Польшчы рэформы пачаліся з таго, што ў 1988-м быў прыняты г.зв. «закон Вільчэка» (ад імя міністра прамысловасці Мечыслава Вільчэка). Ён дазваляў палякам займацца любым бізнэсам, з самымі мінімальнымі абмежаваннямі (кшталту ліцэнзіравання).

У 1990-м Лешэк Бальцэровіч шакіраваў краіну ўльтраліберальнымі рэформамі. Нерэнтабельныя прадпрыемствы зачыняліся адно за адным. Але тыя, каго звальнялі, знаходзілі працу ў прыватным сектары або распачыналі ўласны бізнэс. Таму спрыялі шматлікія праграмы падтрымкі малых прадпрыемстваў, даступныя крэдыты пад стварэнне малога бізнэсу.

 

  • Экспарт працоўнай сілы

 

З 1988 па 1995 год з краіны з’ехала на заробкі каля 2 млн. палякаў. Так, гэта былі найбольш дасведчаныя працаўнікі, з веданнем моваў. Але за апошнія пяць гадоў вярнулася ўжо амаль палова. Яны вяртаюцца з грашыма, купляюць у Польшчы нерухомасць, распачынаюць бізнэс, інвестуюць.

 

  • Глыбокая рэструктурызацыя прадпрыемстваў

 

Такія гіганты, як МАЗ, «Белшына», «Гомсельмаш» не могуць існаваць у сённяшнім выглядзе. Іх лёс ― раздрабленне на мноства вузкапрофільных вытворцаў, кожнаму з каторых будзе лягчэй адшукаць сваю нішу на рынке.

 

  • Прыватызацыя «з абавязкам»

 

Буйныя, але стратныя прадпрыемствы можна прадаваць замежным інвестарам практычна задарма, але з прынцыповай умовай: або захаваць працоўныя месцы, або ўсім, каго звальняюць ― аплаціць перанавучанне на новую спецыяльнасць, запатрабаваную рынкам.

 

  • Стымуляванне прыватнага аграрнага прадпрыймальніцтва

 

Сёння ў Польшчы знаходзіцца 12% ад агульнага аграбізнэсу ЕЗ. У Еўропе 12 млн фермерскіх гаспадарак, з іх у Польшчы ― 1,5 млн. Краіна ― на 4-м месцы па вытворчасці гародніны. Сельскагаспадарчы экспарт Польшчы ― 23 млрд эўра, з іх 70% ― у краіны ЕЗ.

 

А Беларусь мае яшчэ меншую шчыльнасць насельніцтва, яшчэ болей вольнай зямлі.