Расіі на ўсіх не хопіць

На тыдні мы даведаліся, колькі просіць Аляксандр Рыгоравіч у Масквы на «падтрымку штаноў». Размова ідзе пра звыклую суму ў 3 мільярды долараў. Пра гэта было агучана на саміце БРІКС і ШАС. Але ці выратуюць нас гэтыя грошы? 



217.jpg

Хутчэй за ўсё, не. Яны толькі падштурхнуць нас да «грэчаскага сцэнару».

Масква крышку ашалела ад патрабаванняў, а таму дыпламатычна паабяцала разгледзець пытанне Мінска «ў бліжэйшы час». Адначасова трэба заўважыць, што над такім жа пытаннем ламае галаву і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — правапераемнік Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, які выдаваў нам крэдыты ў 2011 годзе. Умовы таго крэдыту мы не выканалі, і нават адмовіліся ад апошняга траншу. Таму шанцы нешта атрымаць у нас ад ЕФСР проста мізэрныя. Але надзея памірае апошняй.

Тры з паловай мільярды долараў мы хочам узяць у Міжнароднага валютнага фонду. Але місія МВФ, якая знаходзілася ў краіне, па-ранейшаму патрабуе гарантый таго, што рэформы будуць праведзеныя, «на самым высокім узроўні». Бо раней выкананне ўмоваў крэдытавання ад МВФ заставалася толькі на паперцы.

А вось Масква пагадзілася толькі не патрабаваць ад Мінска вяртання мінулага доўгу ў агульнай суме 1,3 мільярда долараў, а таксама паабяцала выдаць Беларусі $760 мільёнаў долараў для рэфінансавання адной са старых расійскіх пазык. То бок, жывыя грошы да нас не дойдуць.

Ці дапаможа нам Расія? Наўрад ці. Справа не толькі ў тым, што мы і так па вушы ў пазыках. Справа ў тым, што ў самой Расіі ўжо нестае фінансаў на падтрымку ўласных праектаў і розных «інтэграцыйных» структураў. Занадта ўжо мы зайграліся ў шматлікія інтэграцыі — прыйшоў час зацягваць паясы не толькі беларусам, але і расіянам.

Сімптаматычны прыклад: Эканамічны суд СНД не мае сродкаў, каб у бліжэйшыя месяцы выплачваць зарплаты супрацоўнікам, са скрухай паведаміў старшыня выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Паводле яго, у Эканамічным судзе няма грошай, каб у бліжэйшыя месяцы выплачваць заробак супрацоўнікам — а гэта ўсяго 46 чалавек. Лебедзеў дадаў, што некаторыя дзяржавы, у прыватнасці Казахстан і Таджыкістан, адклікалі сваіх суддзяў з Эканамічнага суда СНД. Зараз у складзе суда засталіся толькі суддзі ад Беларусі і Расіі.

Калі Расія (што ўжо казаць пра Беларусь!) не можа выплаціць заробак паўсотні супрацоўнікам эканамічнага суда — то пра якія тры мільярды можа ісці гаворка?

Між тым, я мяркую, што і ў Расіі, і ў МВФ выдатна разумеюць: грошы, выдадзеныя Беларусі на развіццё, будуць проста «праедзеныя», як крэдыты Еўропы праелі грэкі. Бо зараз перад выбарамі сітуацыя з заробкамі ў народа катастрафічная. Нават у будаўніцтве, якое заўсёды лічылася «хлебным месцам», заробкі ўпалі ніжэй плінтуса.

Яшчэ нейкіх 5–7 гадоў таму Беларусь адчувала дэфіцыт будаўнічых кадраў. Ва ўрадзе разглядалі пытанне павелічэння заробкаў у галіне, каб спыніць адток будаўнікоў у Расію і Польшчу. Зараз зарплаты ў сектары адкаціліся на ўзровень ліпеня-верасеня 2012 года. Складанасці ў будаўнічай галіны пачаліся яшчэ ў лістападзе мінулага года, распавядае намеснік дырэктара па працы з персаналам будаўнічай кампаніі «Маналіт Груп» Кацярына Абросімава. «Аб’ёмы будаўніцтва істотна скараціліся, з-за чаго кампаніі сталі пераходзіць на скарочаны працоўны тыдзень, а заробкі будаўнікоў істотна ўпалі», — кажа спецыяліст.

У цэлым па рынку зарплаты, адзначыла яна, у будаўнікоў гэтай зімой заробкі ўпалі на 20%, а ў некаторых кампаніях — да 30–50%. Напрыклад, калі мінулым летам працоўныя ў кампаніі «Маналіт Груп» атрымлівалі ад 9 да 15 мільёнаў рублёў, то цяперашняй зімой — каля 5 мільёнаў. Такая сітуацыя прымусіла некаторых будаўнікоў, якія прыехалі з рэгіёнаў, пакінуць працу ў сталіцы і вярнуцца дадому, дзе не трэба арандаваць жыллё.

І гэта ў той галіне, якую не назавеш прыбытковай. Зараз у Мінскім метро вісіць аб’ява пра кватэру ў Фаніпалі — горадзе-спадарожніку Мінска. Квадратны метр у Фаніпалі каштуе 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Цікава, куды глядзіць Аляксандр Рыгоравіч, які абяцаў кошт квадратнага метра на ўзроўні сярэдняй зарплаты?

Зарабіць жа грошы самі мы не можам — не ў малой ступені з-за «шматвектарнасці» беларускай палітыкі. Зноўку яскравы прыклад: продажы грузавых аўтамабіляў МАЗ на расійскім рынку ў першай палове года скараціліся больш чым у два разы ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. За паўгады мы прадалі ў Расіі толькі 1 769 аўтамабіляў, што на 56% менш, чым за той жа перыяд мінулага года.

І гэта яшчэ адзін паказчык, чаму Расія не можа даць нам запатрабаваныя намі 3 мільярды долараў. У іх няма грошай, каб набываць беларускія тавары, не тое што даць «проста так». Эпоха «грошай у абмен на пацалункі», падаецца, канчаткова скончылася.

Не, канешне, калі яна паднапружыцца, то грошы знойдзе. Але дзеля гэтага трэба напружвацца. А напружвацца чыноўнікі як у Расіі, так і ў Беларусі, проста так не хочуць.

На фоне ўсіх гэтых рухаў народ, які, па выразе Стругацкіх, «шэры, але мудрагелісты», пятай кропкай адчувае набліжэнне чарговага крызісу. Мы ўжо зазначалі ў мінулым нумары, што насельніцтва ў чэрвені кінулася купляць валюту, насуперак усім вясновым тэндэнцыям па яе здачы. Зараз чарговая навіна з фінансавага рынку. У тым жа чэрвені беларусы прыкметна актывізавалі перавод рублёвых дэпазітаў у валютныя ўклады.

На 1 чэрвеня рублёвыя дэпазіты насельніцтва ў нацыянальнай валюце знізіліся на 68,6 мільярда рублёў. Тэрміновыя ўклады за чэрвень знізіліся на 750,3 мільярда рублёў. А валютныя ўклады выраслі на $198,4 мільёна і на 1 чэрвеня склалі ўвесь золатавалютны рэзерв Беларусі ў ягоныя лепшыя часы — $8,133 мільярда.

Варта зазначыць, што зараз ЗВР сінявокай, разлічаныя па стандартах МВФ, на 1 ліпеня склалі $4 мільярды 620,7 мільёна. То бок, у насельніцтва грошай удвая больш, чым у дзяржавы. А напачатку жніўня дзяржаве патрэбна будзе яшчэ і аддаць $1 мільярд у якасці аплаты за еўрабонды.

Баюся, што калі ўсе беларусы пачнуць пераводзіць валюту ў наяўныя грошы — прыкладна палове іх не хопіць. Вось вам і Грэцыя з іхнім закрыццём банкаў.