S&P пацвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні «В мінус»
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's пацвердзіла доўгатэрміновы і кароткатэрміновы суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні «B - » і «B» адпаведна. Прагноз змены рэйтынгаў — «стабільны».
«Стрымліваючы ўплыў на ўзровень рэйтынгаў Беларусі аказваюць нізкая ... прадказальнасць і эфектыўнасць інстытуцыйнай і кіраўніцкай сістэмы краіны, значныя патрэбы ўрада ў фінансаванні і вельмі высокая залежнасць ад знешняга фінансавання», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
Таксама, адзначаюць эксперты, негатыўны ўплыў на крэдытаздольнасць краіны аказваюць значныя патрэбы ўрада ў валютным фінансаванні ў канцы 2014 і ў 2015 гадах, што захоўвае верагоднасць правядзення экспансіянісцкай фіскальнай і грашова-крэдытнай палітыкі напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў.
Акрамя таго, эксперты агенцтва паказваюць на тое, што неспрыяльная знешняя эканамічная сітуацыя (у прыватнасці ў Расіі і Украіне), невысокая коштавая канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў і адсутнасць прагрэсу ў правядзенні структурных рэформаў у бліжэйшыя 3 — 4 гады будуць працягваць абмяжоўваць тэмпы эканамічнага росту краіны.
«Нягледзячы на некаторае паскарэнне росту ў першыя восем месяцаў 2014 года да 1,5% (у параўнанні з 0,9% у 2013 годзе), мы чакаем, што сярэднія тэмпы росту ВУП Беларусі ў 2015-2017 гг. не перавысяць 2%», — гаворыцца ў паведамленні.
Знешнія абавязацельствы Беларусі значна перавышаюць яе актывы: «... па нашай ацэнцы, у бліжэйшыя тры-чатыры гады яны будуць складаць больш за 100% паступленняў па рахунку бягучых аперацый (СТА). Пры гэтым чысты знешні доўг павялічыцца з 53% паступленняў па СТА ў 2013 годзе да больш чым 70% у 2017 годзе».
«Патрэбнасці ў знешнім фінансаванні застаюцца ключавым фактарам, якія абмяжоўваюць крэдытаздольнасць Беларусі. Мы чакаем, што ў 2014-2017 гг. дэфіцыт рахунку бягучых аперацый складзе ў сярэднім 6% ВУП, нягледзячы на паступовае паслабленне курсу нацыянальнай валюты, якога, на нашу думку, будзе недастаткова для істотнага паляпшэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на рынках ключавых гандлёвых партнёраў», — канстатуе S&P.
«Мы можам распачаць негатыўнае рэйтынгавае дзеянне, калі затрымка прадастаўлення падтрымкі з боку Расійскай Федэрацыі або неспрыяльная кан’юнктура фінансавых рынкаў абцяжараць рэалізацыю планаў урада па рэфінансаванню доўгу, асабліва ва ўмовах адсутнасці альтэрнатыўных сцэнарыяў. Мы таксама можам панізіць рэйтынгі, калі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2015 адбудзецца значнае паслабленне фіскальнай палітыкі, у тым ліку павялічацца пазабюджэтныя выдаткі, што прывядзе да больш хуткага назапашвання доўгу», — адзначаюць «палітычную» опцыю эксперты агенцтва.
«Мы можам павысіць рэйтынгі, калі адзначым паляпшэнне паказчыкаў плацёжнага балансу, што будзе выяўляцца ў зніжэнні патрэбаў ў знешнім фінансаванні, паляпшэнні сальда рахунку бягучых аперацый і большай даступнасці замежнай валюты. У гэтым выпадку меры, якія вядуць да павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны, або значны пазітыўны ўплыў ад уваходжання ў мытны саюз з Расіяй могуць стаць фактарамі, спрыяльнымі павышэнню рэйтынгаў», — паказваюць яны на альтэрнатыўны выбар.