Ссоўваюцца тэрміны выдзялення Беларусі еўразійскага крэдыту
У першым квартале два апошнія траншы еўразійскага крэдыту Беларусь не атрымае.
Паводле інфармацыі БелаПАН, тэрміны выдзялення краіне апошніх двух траншаў еўразійскага крэдыту ссоўваюцца.
Міністэрства фінансаў Беларусі раней заяўляла, што разлічвае на паступленне апошніх двух траншаў крэдыту Еўразійскага банка развіцця (кожны — на 200 млн долараў) у першым квартале 2018 года.
Паводле інфармацыі БелаПАН, працягвае абмяркоўвацца карэкціроўка крэдытнай праграмы ў сувязі з несвоечасовым выкананнем Беларуссю умоў крэдытнай праграмы.
"Мяркуючы па папярэдніх дамоўленасцях, верагоднасць атрымання Беларуссю шостага траншу еўразійскага крэдыту высокая. Для атрымання сёмага траншу Беларусі трэба будзе выканаць дадатковыя ўмовы", — паведаміў суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах.
Як паведамлялася, рашэнне аб выдзяленні Беларусі шостага і сёмага траншаў крэдыту прымаецца на падставе выканання параметраў крэдытнай праграмы на 1 кастрычніка 2017 года і на 1 студзеня 2018 года адпаведна.
У прыватнасці ўмовы выдзялення шостага траншу прадугледжвалі, што да 1 кастрычніка 2017 года павінна быць укаранёная сістэма ацэнкі ўздзеяння праектаў нарматыўна-прававых актаў на бізнес. Таксама прадугледжвалася, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва стане ўпаўнаважаным органам па абароне правоў прадпрымальнікаў (амбудсменаў).
Аднак гэтыя параметры крэдытнай праграмы не былі выкананы. У снежні 2017 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што няма неабходнасці ствараць у краіне інстытут амбудсмена, паколькі ўпаўнаважаны па абароне правоў прадпрымальнікаў ужо ёсць, і прасіў гэта перадаць еўразійскаму крэдытору. "Перадайце ім, што такі ўпаўнаважаны ў Беларусі ёсць — прэзідэнт", — падкрэсліваў Лукашэнка.
Умовы атрымання сёмага траншу крэдыту, якія павінна была выканаць Беларусь да 1 студзеня 2018 года, прадугледжвалі павышэнне ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг да 70%. Таксама прадугледжвалася зніжэнне долі дзяржаўнага сектара ў стварэнні валавога дададзенага кошту да 41%.
Крэдытная праграма Беларусі з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця была заключана ў 2016 годзе. Стабілізацыйны крэдыт (на 2 млрд долараў) выдзяляецца Беларусі сямю траншамі, пяць з якіх (на суму 1,6 млрд долараў) ужо паступілі ў краіну.
Папярэдні еўразійскі крэдыт, які выдаваўся ў 2011—2013 гадах, Беларусь цалкам не змагла атрымаць з-за невыканання ўсіх умоў крэдытнай праграмы.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН