Амбіцыі не па сродках
У нашай улады вельмі вялікія амбіцыі. Нават неразумна вялікія ў параўнанні з дзейсным станам рэчаў. У любой іншай сітуацыі ў такіх выпадках кажуць: «Закатаў бы губу!». Але нам трэба трымаць імідж краіны. І як бы нам з гэтым іміджам не надарвацца.
«Бонусны» зімні месяц, у які ператварыўся сакавік, урэшце скончыўся. Дзяржава ў чарговы раз задумалася пра «бітву за ўраджай», якая пачынаецца з пасяўной. І гэтым разам, як падлічылі ва ўрадзе, пасяўная абыдзецца нам у гіганцкую суму — аж у мільярд (!) долараў.
Як паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, «згодна з разлікамі правядзення веснавой пасяўной кампаніі, для яе паспяховага правядзення нам трэба 1,9 млрд рублёў. У тым ліку для выкупу гаруча-змазачных матэрыялаў трэба 347 млн рублёў, для набыцця мінеральных угнаенняў — 573 млн, на закупку сродкаў аховы раслін — 348 млн», — сказаў ён. На рамонт і абслугоўванне сельгастэхнікі з агульнай сумы выдзеляць 260 млн рублёў.
Дзе ўзяць такія грошы? Паводле Гаркуна, крыніцы ўжо вызначаныя. Гэта дзяржбюджэт, сродкі мясцовых бюджэтаў, ільготныя крэдыты банкаў, крэдыты банкаў, якія выдаюцца на агульных падставах арганізацыям-нарыхтоўшчыкам для авансавання вырошчвання прадукцыі раслінаводства, якая пастаўляецца для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, крэдыты банкаў, якія выдаюцца арганізацыям АПК на агульных падставах, уласныя сродкі арганізацый.
Заўважым, што «ўласныя сродкі арганізацый», — то бок, фінансы саміх калгасаў, саўгасаў і СПК, — на апошнім месцы гэтага спісу. А між тым яны, па ідэі, камерцыйныя прадпрыемствы, якія ствараюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Чаму за іх павінна плаціць уся краіна? І не толькі плаціць, але і потым набываць польскія яблыкі, егіпецкую бульбу і іспанскія гуркі з памідорамі?
Можа, ім увогуле грошай не даваць? Па-мойму, варта было б правесці такі эксперымент. Фермераў ніхто так не спансуе, а яны, між іншым, неяк жывуць, і нават прыбытак маюць. Вось мы і паглядзелі б адзін раз, чаго вартая беларуская сельская гаспадарка. І тады, можа быць, нарэшце вырашылі, што з ёй рабіць.
Тым больш, што грошай, насамрэч, у нас няма. На тыдні Белстат апрылюдніў дадзеныя пра яшчэ адну методыку падліку заробкаў.
Мы ўжо ведаем пра сярэдні заробак — «сярэднюю тэмпературу па бальніцы». Крыху разабраліся з медыяльным заробкам: заробак, які знаходзіцца ў цэнтры. Калі прасцей, то 50% работнікаў маюць заробкі ніжэй медыя, а іншым 50% — вышэй за яе. Зараз Белстат лічыць мадальны заробак.
Мадальны заробак — гэта такі звер, які найчасцей сустракаецца ў нашых лясах. Іншымі словамі, заробак, які налічваецца найбольш часта.
Мадальны заробак за лістапад–2017 склаў 443,4 BYN — або 53% ад сярэдняга. У Мінску найбольш часта налічваўся заробак у 699,5 BYN (60,7% ад сярэдняга). У снежні сярэднія заробкі падскочылі, у студзені — зменшыліся. У выніку лютаўскія мадальныя зарплаты апынулася ледзь вышэй за лістападаўскія. З гэтага вынікае, што ў сярэднім па краіне найбольш часта налічваўся заробак за люты–2018 пад 500 BYN, а па Мінску, хутчэй за ўсё, ён вагаўся каля 700 BYN.
Калі адмінусаваць ад налічаных 500 BYN і 700 BYN заробку падаходны падатак і ФСАН, можна атрымаць уяўленне пра тыя грошы, якія атрымліваў на рукі звычайны беларус і звычайны мінчанін. У выпадку краіны гэта будзе каля 440 BYN, у выпадку Мінска — каля 610 BYN.
Варта зазначыць, што гэты заробак — больш рэальны за «сярэдні» і ў прынцыпе суадносны з тым, які прапануюць працадаўцы на біржах працы. Але галоўная праблема — ці хапае яго на жыццё.
Не дзіва, што, паводле дадзеных таго ж Белстата, у Беларусі ў 2017 годзе вырасла колькасць сем’яў, якія апынуліся за нацыянальнай рысай беднасці. У мінулым годзе ў 5,9% сем’яў даходы былі ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму (192,4 рубля ў месяц на чалавека). Годам раней гэты паказчык складаў 5,7%.
Калі параўноўваць па рэгіёнах, то вышэй за ўсё ўзровень малазабяспечанасці ў Брэсцкай вобласці — 8,4%, а ніжэй за ўсё — у Мінску (1,6%, узгадайце пры гэтым мадальны заробак, які ў Мінску вышэйшы). Пры гэтым колькасць беднякоў знізілася толькі ў Магілёўскай вобласці — на 0,1%, ва ўсіх астатніх рэгіёнах вырасла.
Але ж у нас амбіцыі! У нас жа пасяўная і «будоўлі стагоддзя»! Усе ўжо забыліся, як Аляксандр Лукашэнка рассякаў па МКАД-2 за стырном, пры гэтым не прышпіліўшы рамень бяспекі. Гэта было аж тры гады таму! А зараз аказваецца, мы гэтую дарогу яшчэ нават не дарабілі!
Беларусь даробіць МКАД-2 за кошт еўрапейскага крэдыту, паведаміла прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі. Мінтранс і ЕБРР «падпісалі крэдытнае пагадненне па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі Р-80 Слабада — Паперня, км 0,000 — км 14,77», гаворыцца ў паведамленні. Паводле інфармацыі ведамства, гэтая рэканструкцыя з’яўляецца завяршальным этапам будаўніцтва МКАД-2. Сума крэдыту — 42,45 млн еўра.
У мяне пытаннечка: куды падзеўся «дарожны збор», які трасуць з аўтааматараў? Чаму мы зноў лезем у пазыкі, хаця, па ідэі, аж двойчы плацім (дарожны збор плюс акцыз на паліва) за будаўніцтва дарог?
І яшчэ адна аўтааматарская навіна. Нам было мала «Джылі». У Беларусі будуць вырабляць іранскія аўтамабілі «Dena». Iran Khodro Company (IKCO) і СП ЗАТ «Юнісан» падпісалі кантракт на вытворчасць у Беларусі аўтамабіляў «Dena» і «Dena Plus».
Кантракт падпісаны на сумесную вытворчасць 1000 адзінак аўтамабіляў. Але раней быў падпісаны мемарандум, згодна з якім у Беларусі ў бліжэйшыя пяць гадоў мяркуецца выпусціць 5 тысяч аўтамабіляў.
Што можна сказаць пра «Dena»? «Забытая марка бюджэтных аўто», — піша пра яе сайт carsguru.net. А водгукі на autonet.ru уражваюць: «машына толькі для тых, хто гатовы прыкладаць да яе рукі», «усё можна зрабіць сваімі рукамі»… Карацей, канструктар для дарослых.
Жонкам і хатнім гаспадыням трэба тэрмінова заблакаваць працу «Юнісана». Раней яны браліся за такі ж «канструктарскі» «Саманд», зараз «Dena». Падаецца, гэтая фірма не аўтамабілі выпускае, а «адмазку» для мужыкоў, якім патрэбная нагода, каб завіснуць у гаражы.