Чарговы рэкорд: беларусы набралі крэдытаў больш чым на 9 мільярдаў рублёў
Такая вялікая колькасць узятых насельництвам крэдытаў выклікае занепакоенасць у крэдытораў Беларусі, паведамляе "Радыё Свабода".
Паводле дадзеных Нацбанку, на 1 сакавіка фізічныя асобы павялічылі свае даўгі перад банкамі да 9,3 мільярда рублёў. І гэта зноў рэкордная сума.
Агульная сума выдадзеных грамадзянам крэдытаў на 1 сакавіка склала 9327,8 мільёна рублёў. Большая частка гэтых грошай — 6152,9 мільёна рублёў — узятая на куплю або будаўніцтва жылля. Кожны трэці крэдытны рубель (3174,8 мільёна) быў выдаткаваны на набыццё спажывецкіх тавараў.
Варта адзначыць, што ў апошні месяц даўгі сталі расці меншымі тэмпамі: у сакавіку 2018 году грамадзяне аформілі крэдытаў на 135,8 мільёна рублёў, у той час як у лютым — на 160,1 млн. Таксама ў сакавіку беларусы сталі больш цікавіцца крэдытамі на нерухомасць: калі ў лютым іх было аформлена на суму 59,3 мільёна рублёў, дык у сакавіку — на 71,5 млн рублёў. Гэта тлумачыцца найперш з ажыятажным попытам на танныя кватэры малой плошчы ў новабудоўлях.
Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ўжо прапанаваў уладам астудзіць попыт на крэдыты, паколькі яны ў сваю чаргу стымулююць попыт на імпарт, што цісне на курс рубля.
У выніку 28 сакавіка Нацбанк заявіў, што з 1 траўня будуць змененыя правілы выдачы крэдытаў насельніцтву: у Беларусі ўвядуць каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Банк будзе аналізаваць даходы і выдаткі фізічнай асобы, якое звярнулася па крэдыт.
«І выдаткі па крэдытах, мікразаймах, лізінгу не павінны перавышаць 40% ад абвешчанага фізічнай асобай даходу», — заяўляюць у Нацбанку. Чакаецца, што дакументы на гэты конт будуць апублікаваныя ў найбліжэйшы час.