Сусветны банк: Дасягненні Беларусі ў галіне скарачэння беднасці носяць няўстойлівы характар

Беларусь за апошнія гады дабілася ўражальных поспехаў у скарачэнні беднасці, аднак гэтыя дасягненні носяць няўстойлівы характар.

susvetny_bank.jpg

 

Пра гаворыцца ў каментары Сусветнага банка (СБ) з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю галечы, які адзначаецца 17 кастрычніка.

У Сусветным банку адзначаюць, што за апошнія 15 гадоў доля насельніцтва за рысай беднасці ў Беларусі ў нацыянальным вызначэнні знізілася з 41,9% у 2000 годзе да 5,7% у 2016 годзе. Па паказчыку беднасці, супастаўным у міжнародным маштабе (5 долараў ЗША на дзень), доля насельніцтва за рысай беднасці ў рэспубліцы знізілася з 60% у 2000 годзе да менш чым 1% у 2013-м.
Акрамя таго, адзначаюць у СБ, Беларусі ўдаецца зніжаць паказчыкі беднасці значна больш хуткімі тэмпамі ў параўнанні з іншымі краінамі Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
"Зніжэнне ўзроўню беднасці ў Рэспубліцы Беларусь адлюстроўвае інклюзіўны характар эканамічнага росту ў краіне за апошнія пятнаццаць гадоў. У Рэспубліцы Беларусь адзначаны найбольш высокія тэмпы росту спажывання найменш забяспечаных 40% насельніцтва ў 2006—2011 гадах — у перыяд, калі многія краіны Еўропы сутыкнуліся з наступствамі фінансавага крызісу і падзеннем даходаў найменш забяспечаных 40% насельніцтва", — гаворыцца ў каментары.
У Сусветным банку адзначаюць, што ў аснове высокіх тэмпаў эканамічнага росту Беларусі ляжала магчымасць імпартаваць расійскія энерганосьбіты па зніжаных цэнах, а таксама ўстойлівы эканамічны рост у Расіі і іншых краінах — асноўных гандлёвых партнёрах рэспублікі. 

Гэтыя фактары стымулявалі аб'ёмы выпуску прадукцыі ў прамысловасці і сельскагаспадарчым сектары краіны. У сваю чаргу, высокія тэмпы эканамічнага росту дазволілі ўраду падтрымліваць высокі ўзровень занятасці насельніцтва, а таксама паслядоўны рост рэальнай заработнай платы і пенсій. Падатковая палітыка і мадэль дзяржаўных выдаткаў спрыялі пераразмеркаванню грашовых сродкаў ад багатых да бедных, падкрэсліваюць у СБ.
Аднак фактары, якія ляжаць у аснове поспехаў Рэспублікі Беларусь за мінулы перыяд, вычарпалі сябе, і гэта з'яўляецца галоўнай прычынай для неспакою, адзначаюць у СБ. Прадукцыйнасць у дзяржсектары расце недастаткова хуткімі тэмпамі для таго, каб забяспечыць магчымасці для істотнага павышэння зарплаты. Зніжаецца попыт на беларускую прадукцыю на расійскім рынку, цэны на імпартаваныя энерганосьбіты ўжо не гэтак спрыяльныя, узмацняецца пазыковая нагрузка на бюджэт, састарваюцца асноўныя фонды, — канстатуюць эксперты СБ.
Паводле іх ацэнкі, пры адсутнасці структурных зменаў у эканоміцы тэмпы росту ў Беларусі не перавысяць 2% за год, а прыбыткі будуць павялічвацца нязначна. Для забеспячэння аплаты жыллёва-камунальных паслуг неабходнае павышэнне адпаведных тарыфаў, але пры гэтым малазабяспечаныя грамадзяне павінны атрымліваць кампенсацыю, адзначае СБ.
Аналітыкі падкрэсліваюць: рэцэсія на працягу двух гадоў паказала, што дасягненні Беларусі ў галіне скарачэння беднасці носяць няўстойлівы характар: у 2014—2016 гадах удзельная вага насельніцтва з даходамі менш за 10 долараў ЗША на дзень павялічылася на 3 працэнтныя пункты, а ў сельскіх раёнах гэты паказчык вырас на 6 працэнтных пунктаў.
Акрамя таго, адзначаецца ў каментары, у доўгатэрміновай перспектыве ў Беларусі абвострыцца праблема старэння насельніцтва.
"Беларусь адносіцца да ліку краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія ў найбольшай ступені сутыкаюцца з сур'ёзнымі выклікамі, звязанымі са старэннем насельніцтва: менш тых, хто працуе, менш інвестыцый і больш выдаткаў на выплату пенсій. Гэтыя фактары ўскладняюць намаганні Рэспублікі Беларусь па дасягненні ўстойлівага ўсеагульнага дабрабыту. Аднак паскарэнне тэмпаў эканамічнага росту ў суседніх краінах адкрывае новыя магчымасці ў будучыні пры ўмове, калі Беларусь пачне ажыццяўляць эканамічную палітыку, неабходную для павышэння прадукцыйнасці", — падкрэсліваюць у Сусветным банку.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН