Сусветны банк выдзеліў Беларусі $10 млн. на мадэрнізацыю кіравання дзяржаўнымі фінансамі

Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка (СБ) зацвердзіў пазыку для Беларусі ў 10 млн. долараў ЗША. Такое рашэнне прынятае 28 сакавіка, паведамляе сайт СБ.



000021_345941_big.jpg

Фота з сайта belta.by

Грошы выдзяляюцца для новага праекта мадэрнізацыі сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі ў Беларусі "з мэтай узмацнення ўзгодненасці бюджэту з прыярытэтамі палітыкі, кансалідацыі рэшткаў грашовых сродкаў, павышэння празрыстасці бюджэту і стварэння асноў для ўкаранення Інтэграванай інфармацыйнай сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі (ІСУДФ)".


"Стратэгія рэфармавання сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі, падрыхтаваная Мінфінам Беларусі ў 2015 годзе, абапіраецца на вынікі ацэнкі дзяржаўных выдаткаў і фінансавай падсправаздачнасці (ДРФП), праведзенай Сусветным банкам у 2014 годзе, і прадугледжвае амбіцыйную праграму рэформаў у галіне сярэднетэрміновага і праграмна-мэтавага планавання бюджэту, працы казначэйства, кіравання доўгам і бухгалтарскага ўліку ў дзяржаўным сектары, — паведамляе СБ. — Праграма прадугледжвае неабходнасць дапоўніць ў наступныя гады жорсткую фіскальную дысцыпліну акцэнтам на эфектыўнасці размеркавання рэсурсаў і дзяржаўных расходаў, а праект мадэрнізацыі сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі падтрымае рэалізацыю гэтай праграмы".


"Сусветны банк аказаў дапамогу ўраду ў вызначэнні ключавых структурных рэформаў, скіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці, забеспячэнне доўгатэрміновага эканамічнага росту і ўсеагульнага дабрабыту ў Беларусі. Планаванне і выкананне бюджэту — гэта галоўная аснова для ўсіх іншых крокаў па рэфармаванні дзяржаўнага сектара для ўдасканалення аказання паслуг і эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў", — цытуе прэс-служба кіраўніка прадстаўніцтва СБ у Беларусі Ян Чул Кіма. Ён дадаў, што банк гатовы дапамагчы беларускім органам кіравання змяніць падыходы да кіравання дзяржаўнымі фінансамі.


Праект грунтуецца на паэтапным падыходзе да мадэрнізацыі сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі, калі асноўныя інвестыцыі, звязаныя з ІСУДФ, мяркуецца прафінансаваць у межах наступнага праекта пасля рэалізацыі ключавых рэформаў у галіне УГФ, стабілізацыі нарматыўнай базы і зацвярджэння дызайну інфармацыйнай сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі.


"Праект прадугледжвае фінансаванне інстытуцыйных рэформаў, удасканаленне заканадаўчай і арганізацыйнай базы для сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі, перагляд асноўных бізнес-працэсаў і інвестыцый у развіццё патэнцыялу. У выніку рэалізацыі праекта прыватны сектар і грамадзяне атрымаюць выгады, звязаныя з узмацненнем празрыстасці і павышэннем эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі рэсурсамі , што ў канчатковым выніку прывядзе да павышэння ўзроўню і якасці дзяржаўных паслуг", — адзначыў адказны за праект Аляксей Балабушка, старшы спецыяліст па пытаннях дзяржаўных фінансаў, кіраўнік групы спецыялістаў Сусветнага банка.


Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За гэты час ёй былі выдзеленыя крэдытныя рэсурсы ў 1,88 мільярда долараў. Акрамя гэтага, шэраг праграм, уключаючы тыя, што рэалізуюцца пры ўдзеле арганізацый грамадзянскай супольнасці, атрымалі падтрымку за кошт грантавага фінансавання. Наяўны інвестыцыйны партфель ўключае дзевяць праектаў на 998 мільёнаў долараў.
Ірына Турчына, БелаПАН