Што пагражае эканоміцы ў Беларусі: Павышаецца рызыка рэцэсіі, а долар будзе расці
Рызыкай для Беларусі з'яўляецца паслабленне найбуйнейшых сусветных эканомік, у першую чаргу расійскай. Не дадае пазітыву беларускім прамыслоўцам і абвастрэнне канкурэнцыі на расійскім рынку з боку азіяцкіх пастаўшчыкоў.

Надзеі беларускай эканомікі звязваюць з мерамі нетарыфнага рэгулявання. Выданне «Беларусы і рынак» — пра тое, што пагражае беларускаму эканамічнаму цуду.
ВУП
Базавы сцэнар ЕАБР прадугледжвае аднаўленчы рост ВУП Беларусі на 2,2% у 2023 годзе. У лістападзе мінулага года аналітыкі банка ацэньвалі рост эканомікі Беларусі у 2023-м годзе на 0,3%. Такім чынам, прагноз палепшаны аж на 1,9 працэнтныя пункты.
Параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год прадугледжваюць рост валавога ўнутранага прадукту на 3,8%. Па выніках студзеня-красавіка фактычнае зніжэнне ВУП краіны склала 0,6%.
Пік росту беларускага ВУП у 2023 годзе прыйдзецца на другі квартал і, паводле ацэнак ЕАБР, складзе каля 5%. Асноўным фактарам стане эфект нізкай базы, дзе ў другім квартале папярэдняга года адбылося рэзкае зніжэнне выпуску. Пасля гэтага гадавыя тэмпы росту эканомікі пачнуць паступова запавольвацца.
Беларускай эканоміцы спрыяе аднаўленне эканамічнай актыўнасці ключавога гандлёвага партнёра — Расіі і ўнутранага попыту на фоне змякчэння манетарнай палітыкі і росту бюджэтных выдаткаў. У базавым прагнозе ЕАБР закладзена захаванне новых лагістычных ланцужкоў.
Адаптацыя эканомікі Беларусі да санкцый вядзе да паступовага аднаўлення выпуску, аднак яго аб'ём у красавіку 2023 года ўсё яшчэ не дацягваў да сярэднямесячнага ўзроўню 2019 года, адзначаюць эканамісты праекта BEROC.
Слабасць IT-сектара і скарачэнне генерацыі энергіі стрымлівалі рост ВУП Беларусі. Пры гэтым эканамісты дапускаюць рост беларускай эканомікі ў бягучым годзе на 2,5%.

Інфляцыя
Гадавая інфляцыя ў Беларусі ў красавіку 2023 года запаволілася і склала 4,7% у параўнанні з 6% у сакавіку і 11,7% у лютым. Тармажэнне росту спажывецкіх цэн шмат у чым стала следствам адміністрацыйнага іх рэгулявання, наладжвання ланцужкоў паставак імпарту і зніжэння інфляцыйных чаканняў. Таксама на гадавы параметр інфляцыі паўплывала выключэнне з разліку гадавой інфляцыі ўсплёску росту цэн у сакавіку 2022 года, лічаць аналітыкі ЕАБР.
Па выніках 2023 года яны прагназуюць інфляцыю на ўзроўні 7,8%, што на 0.2 працэнтныя пункты ніжэй за лістападаўскія ацэнкі ЕАБР.
«Пасля запаволення росту коштаў у сярэдзіне бягучага года ніжэй за 5% чакаецца яго паскарэнне ў другім паўгоддзі. Асноўнымі фактарамі стануць далейшае аднаўленне ўнутранага попыту, паслабленне беларускага рубля і змякчэнне адміністрацыйнага кантролю за коштамі», — пішуць эканамісты.
Па словах прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, новая сістэма цэнавага рэгулявання будзе існаваць яшчэ доўга. Суб'екты гандлю, імпарцёры і вытворцы «ў прынцыпе, да яе адаптаваліся». Цяпер ідзе «цюнінг» сістэмы. Будучыя змены ў пастанову Саўміна №713 «Аб сістэме рэгулявання коштаў» дазволяць зраўняць умовы для імпарцёраў і беларускіх вытворцаў, праанансаваў Галоўчанка.

Курс
Сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара прагназуецца каля 2,9 у 2023 годзе. У лістападзе ЕАБР ацэньваў гэты параметр у 2,75 рубля за долар. «Аднаўленне ўнутранага попыту працягне суправаджацца павелічэннем імпартных паставак, а магчымасці пашырэння экспарту застануцца абмежаванымі. Гэта прывядзе да далейшага скарачэння прафіцыту знешняга гандлю і зніжэння падтрымкі курсу беларускага рубля», — пішуць аналітыкі.
На біржавых таргах 2 чэрвеня курс долара склаў 2,9206 рубля. У цяперашні час курс беларускага рубля шмат у чым паўтарае траекторыю расійскага рубля.
ЕАБР прагназуе сярэднегадавы курс расійскага рубля да долара ў 2023 годзе ў раёне 77,4, а на канец гэтага года — блізу 79.
Біржавы курс долара ў пятніцу, 2 чэрвеня, дасягнуў 81,5 расійскага рубля.

Рызыкі
Аналітыкі ЕАБР лічаць, што рызыкай для эканомікі Беларусі з'яўляецца значнае паслабленне эканомікі Расіі. Павольнае аднаўленне ўнутранага попыту ў РФ не дазволіць забяспечваць рост эканомікі Беларусі за кошт экспарту, а хуткая пераарыентацыя на іншыя рынкі цяпер выглядае для Беларусі малаверагоднай, адзначаюць эканамісты.
«Скарачэнне валютнай выручкі — як у сілу зніжэння фізічных аб'ёмаў паставак, так і з прычыны пагаршэння ўмоў гандлю з-за зніжэння курсу расійскага рубля да сусветных валют — істотна абмяжуе магчымасці фінансавання ўнутранага попыту. У гэтай сітуацыі для Беларусі значна павышаецца рызыка рэцэсіі. Акрамя таго, пагаршэнне бягучага рахунку будзе ствараць ціск на абменны курс, што можа прывесці да паскарэння інфляцыйных працэсаў», — гаворыцца ў макрапрагнозе ЕАБР.
Рызыкай з боку знешняга сектара з'яўляецца больш глыбокая рэцэсія ў найбуйнейшых сусветных эканоміках. Уплыў страт « экспартнай выручкі з-за скарачэння попыту на рынках трэціх краін і зніжэння сусветных цэн» будзе шмат у чым вызначацца для Беларусі тым, наколькі ад рэалізацыі гэтага сцэнара пацерпіць эканоміка Расіі.

Беларусь таксама можа недалічыцца выручкі на расійскім рынку з-за абвастрэння канкурэнцыі з кітайскімі вытворцамі. Мінск ужо перадаў Маскве пералік прадукцыі для абароны ад паралельнага імпарту. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тэхніку МТЗ і МАЗ. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой адзначыў, што складанасці адчувае не толькі «сельгасмашынабудаванне або пасажырская тэхніка, але і бытавая тэхніка, у прыватнасці, халадзільнікі». Беларускі бок абвінавачвае азіяцкіх пастаўшчыкоў у дэмпінгу. Аднак Мінск не можа аднаасобна ўводзіць пошліны ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Таму прапануе «меры нетарыфнага рэгулявання, якія павінны быць дзейснымі і сапраўды ствараць роўную канкурэнцыю на расійскім рынку».
Іншы прыклад выдаткаў Беларусі звязаны са стратай аб'ёмаў транзіту расійскай нафты пасля таго, як у пачатку года Германія і Польшча спынілі імпарт сыравіны з РФ і пачалі закупку нафты з Казахстана ў значна меншых аб'ёмах. Для кампенсацыі страт «Гомельтранснафта Дружба» прапанавала расійскай «Транснафце» павысіць тарыфы на транзітную транспарціроўку нафты праз тэрыторыю Беларусі на 84%. Як падкрэслілі ў беларускай кампаніі, яна ўсё роўна будзе «ніжэйшай за тарыфы, устаноўленыя нафтатранспартнымі аператарамі Украіны і Казахстана». Аднак у Расіі пакуль не падтрымалі такой ініцыятывы Беларусі.
Пераклад «НЧ»