У Расіі зноў панізілі пражытачны мінімум
Урад Расіі ў трэцім квартале паменшыў суму пражытачнага мінімуму. Гэты крок патлумачылі зніжэннем цаны на прадукты. Аднак верагодна, што ўлады зніжаюць пражытачны мінімум штучна, каб эканоміць на сацыяльных выплатах і такім чынам скарачаць колькасць людзей, якія жывуць за мяжой беднасці.
Урад Расіі знізіў памер пражытачнага мінімуму на 67 рублёў у параўнанні з другім кварталам бягучага года. Па выніках трэцяга квартала ён усталяваны на ўзроўні 9889 рублёў у цэлым па краіне, паведамляецца ў панядзелак, 5 снежня, на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
У сакавіку 2016 года адзначалася, што расійскія ўлады могуць зніжаць пражытачны мінімум штучна, каб эканоміць на сацыяльных выплатах і такім чынам "скарачаючы" колькасць людзей, якія жывуць за мяжой беднасці.
Як удакладняецца ў дакуменце, для працаздольнага насельніцтва сума пражытачнага мінімуму ўстаноўлена на ўзроўні 10678 рублёў, для пенсіянераў — 8136 рублёў, для дзяцей — 9668 рублёў. Пастанову ўрада падпісаў прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.
Па выніках другога кварталу пражытачны мінімум у цэлым па Расіі складаў 9956 рублёў. У першым квартале гэтая сума была роўная 9776 рублям.
Зніжэнне велічыні пражытачнага мінімуму выклікана змяншэннем кошту прадуктаў харчавання ў складзе велічыні пражытачнага мінімуму на 1,9 працэнта, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РФ.
Аднак Наталля Зубарэвіч, якая ўзначальвае рэгіянальную праграму расійскага Незалежнага інстытута сацыяльнай палітыкі, перакананая, што зніжэнне цэнаў на асобныя прадукты харчавання як прычына зніжэння пражытачнага мінімуму — гэта ўсяго толькі "адгаворкі". Сапраўдная прычына, на яе думку, заключаецца ў імкненні уладаў зэканоміць грошы рэгіянальных бюджэтаў, з якіх вылучаюцца грошы на выплату сацыяльнай дапамогі — субсідый на ЖКГ малазабяспечаным сем'ям і дапамога на дзяцей.
Любое зніжэнне пражытачнага мінімуму зніжае рысу беднасці — крытэрый для атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі, тлумачыць Зубарэвіч. Каля гэтай рысы беднасці канцэнтруецца даволі вялікая група насельніцтва, дадае яна, таму невялікія зрухі гэтага ўзроўню ўніз выводзяць немалую колькасць людзей па-за межы групы, што прэтэндуе на дапамогу. "Парэзаць сацыяльную дапамогу — палітычна непрымальна, — тлумачыць эканаміст. — Вось і знайшлі такі хітры спосаб: знізіць пражытачны мінімум, каб за мяжой беднасці апынулася менш людзей. Адпаведна, выплата дапамогі па аб'ёме не зніжаецца, але колькасць атрымальнікаў будзе меншай".
Паводле www.dw.com