Скаргу слонімцаў гродзенскі абласны суд не задаволіў
Рашэнне слонімскага раённага суда па справе сяброў незалежнага прафсаюза РЭП гарадзенскі абласны суд пакінуў без зменаў.

Накіраваная скарга чатырох сяброў прафсаюза датычыла аплаты ім дапамогі пасля звальнення са ЖРЭА Савецкага раёна Слоніма.
Як раённы Слонімскі суд, так і абласны суд Гродна праігнаравалі патрабаванні работнікаў.
Пар тое, чаму абласны суд зацягнуў справу, распавёў прадстаўнік слонімскіх сяброў прафсаюза ў судзе Міхась Сошка.
— Яны сказалі, што ім не хапае якіхсьці матэрыялаў у наймальніка. Прадстаўнік наймальніка ніякіх матэрыялаў не прадставіў. Прадставіў я іхнія скаргі і звароты да наймальніка ў розныя інстанцыі — у тым ліку ў пракуратуру. Ім далі адказы, што ўсе гэтыя дакументы наймальнік не абавязаны выдаваць вам на рукі. Ішло грубае парушэнне заканадаўства, грубае “крышаванне” вертыкаллю гэтага наймальніка.
Перад пачаткам судовага пасяджэння Міхась Сошка і праўны інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Юры Белякоў далі адвод складу абласнога суда, але суд праігнараваў заяву пра недавер.
Цяпер Міхась Сошка мяркуе, што варта працягваць абскарджваць гэтую справу ў Вярхоўны суд, каб дамагчыся справядлівасці праз грашовую кампенсацыю нявыплачаных грошай.
