У гонар Стэфана Баторыя (фота)
Урачыстасці, прысвечаныя 430 гадавіне смерці палітычнага і вайсковага дзеяча, выбітнага ўладара Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, прайшлі ў Гародні.
На падворку Новага Замку гарадзенцаў вітала гусарская харугва гетмана Станіслава Жалкеўскага.
Рэканструктары старадаўняга шляхецкага строю і баявога гусарскага рыштунку прыехалі з розных мясцін польскай дзяржавы і прадэманстравалі жывую традыцыю культуры Рэчы Паспалітай канца 16-га — пачатку 17 стагоддзя. Крылатыя гусары ў сваім цяжкім узбраенні, задзірыстыя шляхцюкі і высакародныя шляхцянкі ў пекных строях валадарылі на замкавым двары.
Кожны ахвочы мог сфатагравацца з рыцарствам нашае даўняй дзяржавы альбо з прыгожай панначкай, патрымаць у сваіх далонях шаблю, апрануць гусарскі шалом і ўбачыць як выглядаў гэты знакаміты вершнік Рэчы Паспалітай на сапраўдным кані, што ў свой час наводзіў жах на маскавіта, турка, шведа і татарына.
Гарадзенцы мелі рэдкую магчымасць адчуць эпоху караля Стэфана Баторыя і ўзгадаць гэтага выбітнага рыцара Рэчы Паспалітай, які так шмат зрабіў для Гародні. З Гародні ён пайшоў у лепшы свет і тут, на гарадзенскай зямлі, быў спярша пахаваны.
Эдвард Дмухоўскі, Гарадзенская вясна