Не стала Фёдара Ігнатовіча
У Гародні памёр гісторык медыцыны, кандыдат медыцынскіх навук, краязнаўца, аўтар каля 300 навуковых прац, адзін са стваральнікаў музея-аптэкі ў Гародні Фёдар Ігнатовіч.
Фёдар Ігнатовіч нарадзіўся ў 1938 годзе, быў родам з вёскі Сяльцо Салігорскага раёна. Ён скончыў Слонімскае медыцынскае вучылішча і Ленінградскі санітарна-гігіенічны медыцынскі інстытут. Працаваў у Зэльве, Салігорску, Ленінградзе, Германіі. У 1967-1996 гадах быў урачом, загадчыкам лабараторыі ў Гарадзенскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміалогіі, адначасова выкладаў гісторыю медыцыны ў Гарадзенскім медыцынскім інстытуце.
Фёдар Ігнатовіч даследаваў гісторыю медыцыны і фармацыі Беларусі XVIII—XX стагоддзяў. Ён увесь свой вольны час праводзіў у архівах. У 130 артыкулах ён вярнуў з небыцця імёны беларускіх дактароў, якія працавалі ў Беларусі і ў іншых краінах свету. Сабраныя ўнікальныя дакументы і экспанаты дазволілі яму ў 1996 годзе адкрыць музейную экспазіцыю, а потым стаць адным з заснавальнікаў музея-аптэкі ў Гародні.
Па ініцыятыве Фёдара Ігнатовіча было выдадзена больш за 20 канвертаў з выявамі дактароў і вучоных Гарадзеншчыны.
Ён з’яўляецца аўтарам і сааўтарам кніг «Уладзіслаў Борзабагаты», «Экалагічныя экскурсіі па Румлеўскаму лесапарку», «Гродзенская медыцынская акадэмія: бібліяграфічны паказальнік» і г.д. Фёдар Ігнатовіч рэдагаваў і выдаваў кнігу вершаў і публікацый пакойнага гарадзенскага акадэміка Юрыя Астроўскага «Душу раскрыўшы насцеж». Яго пяру належаць шэраг рэцэнзій на манаграфіі і энцыклапедычныя выданні…
Пахавалі Фёдара Ігнатовіча ў Гародні побач з жонкай на могілках на вуліцы Антонава.
«Новы час» выказвае шчырыя спачуванні сваякам і блізкім Фёдара Ігнатовіча.