РЭП спытаў ва ўсіх падатковых краіны, ці вартая аўчынка вырабу?

Прафсаюз РЭП пачаў атрымліваць першыя адказы на электронны зварот наконт эфектыўнасці выканання дэкрэта «аб дармаедах», накіраваны 2 снежня ва ўсе 123 гарадскія і раённыя інспекцыі па падатках і зборах Беларусі.  

images_12.jpg


У сваім звароце прафсаюз РЭП папрасіў патлумачыць, колькі было выдаткавана рэсурсаў (фінансавых і людскіх) на выкананне сумна вядомага ў народзе дэкрэта «аб дармаедах», якая колькасць грошай паступіла ў бюджэт, і колькі беларусаў заплацілі збор.
Як паведамляе сайт profrep.by, прафсаюз ужо атрымаў першы адказ. Намеснік начальніка Драгічынскай раённай інспекцыі па падатках і зборах паведаміла, што «запытаныя звесткі па рэалізацыі Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ў адпаведнасці з артыкулам 79 Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь утрымліваюць падатковую тайну i не падлягаюць разгалашэнню».
Юрыст прафсаюзу Юры Белякоў пракаментаваў па просьбе praca-by.info адказ падатковай:
— Гэта чарговая адпіска, каб схаваць інфармацыю, якая цікавіць усіх людзей Беларусі. Падатковую тайну могуць падаваць звесткі пра суму выплачаных падаткаў канкрэтных грамадзян, таму што на падставе гэтага можна зрабіць выснову аб іх даходах. Адказы на нашыя пытанні ніякай падатковай тайны не ўяўляюць. І пра гэта выразна сказана ў законе, там ёсць тлумачэнне, у чым складаецца падатковая таямніца. Я думаю, што проста Драгічынскай раённай інспекцыі па падатках і зборах няма чым пахваліцца, вось яны і вырашылі адпісацца.