
«Удар на капейку» ці «Галодныя гульні»?
- Эканоміка
- 05-07-2021
Сектаральныя санкцыі, якія ўвёў Еўрасаюз у дачыненні да Беларусі, ацэньваюцца супрацьлегла. Некаторыя кажуць, што яны «апусцяць» рэжым прыкладна на 7–8% ВУП краіны. Іншыя сцвярджаюць, што санкцыі недастатковыя, не вельмі «сектаральныя», і, нібыта, ЕС зноў зрабіў «дэманстрацыю намераў». Напэўна, праўда, як звычайна, недзе пасярэдзіне.

Сектаральныя санкцыі ад пачатку выклікалі занепакоенасць. Потым, сапраўды, высветлілася, што ўсё не вельмі страшна. Усе былі ўзрушаныя з-за таго, што пад абмежаванне трапілі калійныя ўгнаенні. Потым, як высветлілася, — не ўвесь калій. У рашэнне Еўрасаюза ўключана забарона на пастаўкі хларыду калію з утрыманнем К20 менш 40% і больш 62% (коды CN31042010 і 31042090), аднак хларыд калію з утрыманнем К20 ад 40% да 62% у пастанове адсутнічае (код CN31042050), а менавіта гэтая пазіцыя і з’яўляецца асноўнай прадукцыяй «Беларуськалію».
Санкцыі не распаўсюджваюцца на кантракты, заключаныя да 25 чэрвеня 2021 года, і дадатковыя кантракты, неабходныя для выканання такіх пагадненняў. Гэтая агаворка прысутнічае ў артыкулах, якія тычацца забароны на закупкі і транзіт тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння для выкарыстання ў ваенных мэтах, нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, а таксама сыравіны і вырабаў для тытунёвай галіны. Такім чынам, экспарт калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў па кантрактах, заключаных да 25 чэрвеня магчымы, роўна як і транзіт праз Еўрасаюз, у тым ліку праз порт Клайпеды.
Кантракты на калій дзейнічаюць ад паўгода да года. Кантракт на транзіт угнаенняў з тэрміналам у Клайпедзе заключаны да 2023 года. Гэта значыць, яшчэ паўтара года беларускі калій можа пастаўляцца праз балтыйскі порт, калі ў айчынных экспарцёраў будуць дзейнічаць кантракты, заключаныя з пакупнікамі да 25 чэрвеня.
У табліцы з пералікам забароненых да экспарту з Беларусі нафтапрадуктаў ёсць код 2710. Па афіцыйных нормах ЕС, сюды адносіцца шырокі пералік тавараў. У прыватнасці, гэта ўайт-спірыт, авіяцыйнае паліва, газойль (можа быць кампанентам дызпаліва), мазут, змазачныя, маторныя алівы і іншае.
Раней медыя збіла з панталыку кароткае апісанне гэтага кода непасрэдна ў дакуменце аб сектаральных санкцыях — у ім не згаданы бензін. Аднак поўнае апісанне таварных кодаў ЕС абвяшчае, што да групы 2710 адносяцца і аўтамабільныя бензіны з розным актанавым чыслом. Ёсць у групе і дызпаліва.
Аднак многія заўважылі, што ў гэтых санкцыйных пунктах няма слова «indirectly» — «ускосна». Такім чынам, верагодна, беларускія нафтапрадукты ў Еўропу могуць пастаўляцца — але праз пасярэднікаў, якія будуць закупляць той жа бензін ў Беларусі, а прадаваць яго, напрыклад, пад маркай расійскага ў ЕС.
У фінансавай частцы сектаральнага пакета, у прыватнасці, гаворыцца, што нельга наўпрост або апасродкавана заключаць дагаворы аб пазыках і крэдытах, тэрмін пагашэння якіх перавышае 90 дзён пасля 29 чэрвеня 2021 года. Але, зноў жа, маюцца на ўвазе не ўсе пазыкі, а тыя, што прызначаныя для дзяржаўных органаў Беларусі ці юрыдычных асобаў з дзяржпакетам больш за 50% па стане на 29 чэрвеня 2021 года. Пад гэтыя абмежаванні падпадаюць «Беларусьбанк», «Белаграпрамбанк», «Белінвестбанк». Калі ў кампаніі 49% акцый дзяржавы, то яна не падпадае пад санкцыі.
Фактычна, спыняюцца ўсе крэдытныя праграмы Еўрапейскага інвестбанка. Таксама краіны-ўдзельніцы ЕС не змогуць выступаць на карысць выдачы крэдытаў Беларусі ў такіх міжнародных інстытутах, як Сусветны банк і іншыя.
Па тытуню санкцыі закранулі 4 таварныя пазіцыі: фільтры, цыгарэтную паперу, араматызатары для тытуню, машыны для жылкавання або рэзкі тытунёвага ліста. Шмат хто кажа, што гэтыя машыны і сыравіну можна закупіць і ў іншых месцах — не ў ЕС.
Дэталёвае разгляданне санкцый і дало падставы казаць, што ў ЕС быў «замах на рубель, а ўдар на капейку». Кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук, які першапачаткова сцвярджаў, што «страты Беларусі могуць скласці 4–7% ВУП (ад 2,4 да 4,2 млрд долараў)», пасля азнаямлення з канкрэтнымі артыкуламі расчараваўся: «Гара нарадзіла мыш. Так, санкцыі супраць МАЗа і БелАЗа непрыемныя, але відавочна не смяротныя... Які мэсідж атрымалі ад новага пакета санкцый ЕС? Пагразілі, памахалі кулакамі на бяспечнай адлегласці, пашчыпалі, паабяцалі кантраляваць... І зноў чакаюць праяў разважлівасці» — напісаў ён.
Тым не менш, на санкцыі існуе і іншы пункт гледжання. Санкцыі не накіраваныя на тое, пра што кажуць афіцыйныя прапагандысты. А яны з заліхвацкім задорам кажуць, што «падступны Захад падштурхоўвае наш народ да голаду». Дык вось, «Галодныя гульні» ад заходніх санкцый не пачнуцца.
Санкцыі — гэта не самамэта. Санкцыі — гэта інструмент. Інструмент ціску на незгаворлівых людзей, якія не жадаюць гуляць па ўсталяваных правілах. Калі ўлады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт Ryanair, паставіўшы пры гэтым пад пагрозу жыцці пасажыраў, — атрымалі санкцыі і закрыццё паветраных зносін. Калі цяпер улады Беларусі пачынаюць выкарыстоўваць мігрантаў як спосаб ціснуць на Літву — гэта новы выклік бяспецы Еўрасаюза (пра што ўжо пісалася неаднаразова). За гэтымі крокамі могуць рушыць новыя санкцыі. І так будзе да таго часу, пакуль улада Сінявокай будзе кідаць выклік міжнароднай супольнасці.
Як справядліва і прыгожа напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», калі мэта санкцый «анігіляцыя беларускай эканомікі і галодныя бунты, тады санкцыі, вядома, недастатковыя. А калі мэта — вывесці беларускія ўлады са звыклай рэпрэсіўнай зоны камфорту, тады пра дастатковасць можна меркаваць зыходзячы з наступстваў. Пачнуць выходзіць з зоны камфорту — значыць, санкцыі былі дастатковымі».
Таму, калі мэта, як піша той жа канал, «змена некаторых палітычных традыцый, то ўводзіць санкцыі масавага паражэння на самай справе было б не вельмі лагічна. Стрэліш ты адразу з усіх гармат, а суб’ект санкцый змяняць сваіх палітычных звычак не захоча. І што рабіць пасля таго, як страціў увесь арсенал?»
Таму Еўропа, з аднаго боку, пакідае сабе прастору для далейшага манеўру, а з другога — наносіць беларускай эканоміцы досыць адчувальны ўрон. Па розных падліках, санкцыі абыдуцца ўладам прыкладна ў паўмільярда долараў. Для краіны, у якой атрымаць крэдыт у паўтара мільярда лічыцца дасягненнем, — гэта адчувальна.
Паўмільярда долараў — гэта прамыя страты беларускай эканомікі. А праца ва ўмовах санкцый выкліча страты і ўскосныя. І гэтыя страты — не нейкія «рэпутацыйныя выдаткі», на якія афіцыйны Мінск даўно забіў цвік, а канкрэтныя сумы і ўкладанні.
Каб усё ж такі прадаваць беларускія нафтапрадукты ў Еўропу, трэба зарэгістраваць новыя фірмы-«пракладкі», напрыклад, у Расіі — гэта час і грошы. Трэба выбудоўваць новыя ланцугі паставак так, каб бензін ад гэтых фірмаў не асацыяваўся з Беларуссю — гэта зноў час і грошы.
«Адтэрміноўка» санкцый па калійных кантрактах, на думку адмыслоўцаў, дае Беларусі час на пераарыентацыю экспартных патокаў калію ў расійскія порты. Цяпер у Расіі не хапае магутнасцяў для перавалкі нават сваіх угнаенняў. Яшчэ летась Лукашэнка прапанаваў губернатару Ленінградскай вобласці пабудаваць сумесны порт, які можна выкарыстоўваць для перавалкі беларускага калію. У красавіку расійскі бок прапанаваў Сінявокай дзве пляцоўкі для тэрмінала ў Усць-Лузе і Высоцку.
Будаўніцтва порту — гэта час і грошы. Вельмі буйныя грошы, якія, ва ўмовах фінансавых санкцый, невядома дзе браць. Зноў прасіць крэдыты ў Расіі? Але пакуль і Расія не спяшаецца іх выдаваць, і наўрад ці выдасць — нават калі яны пойдуць на развіццё сваёй інфраструктуры.
З-за павелічэння транспартнага пляча «Беларуськалію» трэба будзе дакупляць вагоны, прыкладна 1000 штук. Акрамя таго, істотна ўзрастуць выдаткі на абслугоўванне вагонаў, бо падвойваецца прабег у разліку на перавезеную тону. Да таго ж ёсць праблема вывазу больш за мільён тон калію кантэйнерамі (у той жа Усць-Лузе няма кантэйнернага тэрмінала), а зімой спатрэбяцца суда лядовага класа… І ўсё гэта каштуе грошай, грошай, і яшчэ раз грошай, якія ўзяць няма адкуль.
Сектаральныя санкцыі — гэта асобны санкцыйны спіс, а яшчэ існуюць асобныя чатыры санкцыйных пакеты ад ЕС, і яшчэ — санкцыі ад ЗША. Калі да санкцыйнага калію дадаць прадукцыю санкцыйнага «Гродна-Азота» — атрымліваюцца санкцыйныя двухкампанентныя азотна-калійныя ўгнаенні. У сектаральны спіс, як ужо заўважалася, трапілі тры дзяржаўныя банкі. А ў чацвёрты пакет санкцый — Аляксей Алексін, якому давялося тэрмінова мяняць уласніка МТБанка.
Канешне, мы можам закупіць тытунёвую паперу і фільтры па-за межамі ЕС. Але колькі гэта будзе каштаваць і якая будзе якасць гэтай прадукцыі?
Так што ўсё ж санкцыі не трэба называць «ударам на капейку». Калі глядзець на іх комплексна — гэта добры ўдар рублём.
Тое, што ўладам будзе балюча, сведчыць адно рашэнне Нацбанка. Рэгулятар дазволіў камерцыйным банкам свабодна ўсталёўваць стаўкі па валютных укладах фізічных асоб. Верагодна, у надзеі на тое, што насельніцтва, якое ў апошні час з’яўляецца пакупніком валюты, панясе валюту ў банкі пад «добры» працэнт. Гэта азначае, што валюта вельмі патрэбная.
Таму, хто рашыцца «згуляць на сквапнасці», варта ведаць: яшчэ ў красавіку быў падпісаны ўказ, згодна з якім Нацбанк і ўрад могуць уводзіць валютныя абмежаванні «ў выпадках пагрозы эканамічнай бяспекі Беларусі і стабільнасці яе фінансавай сістэмы». Так што ёсць перспектыва атрымаць свае ўклады рублямі — калі яны, канешне, увогуле не будуць замарожаныя.
У другім паўгоддзі гэтага года нам трэба выплаціць па знешнім доўгу 2,4 мільярда долараў. Ва ўмовах санкцый.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: