Улада ўзяла курс на знішчэнне імпарцёраў, — эксперт
Мараторый на падвышэнне коштаў на спажывецкія тавары ў звязку з 30%-ным падаткам на продаж валюты пагражае Беларусі дэфіцытам і банкруцтвам імпарцёраў.
Такое меркаванне ў інтэрв'ю Радыё Свабода выказалі эксперты.
19 снежня рашэннем ураду і Нацбанка ўведзены 30-працэнтны збор пры продажы валюты фізічным і юрыдычным асобам. Камісія будзе пералічвацца ў бюджэт. Пры гэтым 50 % сваёй валютнай выручкі
прадпрыемствы павінны будуць абавязкова прадаваць дзяржаве.
У той жа дзень Савет міністраў прыняў пастанову № 1207, згодна з якой быў уведзены мараторый на падвышэнне коштаў на спажывецкія тавары, а таксама на любое падвышэнне тарыфаў на паслугі
натуральных манаполіяў і суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку.
Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін адзначыў у інтэрв'ю Радыё Свабода, што рэалізацыя гэтых пастаноў ураду будзе
мець цяжкія наступствы для эканомікі Беларусі:
«Гэта абсалютна не рынкавае рашэнне, і прывядзе яно толькі да аднаго — да пагаршэння эканамічнага стану Беларусі. Глядзіце, што атрымліваецца: з аднаго боку, прымушаюць
прадаваць тавары па старых коштах, але ж мы бачым, што фактычны курс замежнай валюты нашмат вышэйшы, чым быў раней. Тым самым у беларускіх гандляроў і вытворцаў вымываюць абаротныя сродкі дзеля таго,
каб падтрымаць імідж уладаў. З іншага боку, калі кошты будуць нізкімі, а попыт вялікім, і кошты будзе нельга ўздымаць, то мы вернемся ў савецкія часы з іх дэфіцытам тавараў, чэргамі і г.
д.»
Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што сённяшняя сітуацыя прывядзе да банкруцтва імпарцёраў: ва ўмовах 30%-га падатку на набыццё валюты выдаткі прадпрыемстваў вырастуць, а
пакрыць гэтыя выдаткі можна будзе толькі праз павышэнне коштаў. То бок, імпарцёры павінны будуць або падвысіць кошты на сваю прадукцыю, або збанкрутаваць.
Эксперт пры гэтым лічыць, што з боку ўраду гэта — свядомы ўдар па імпарцёрах:
«Урад свядома пайшоў на такія захады, каб іх прыціснуць, каб зніклі тыя структуры, якія сюды імпартуюць тавары. Таму што яны не могуць не разумець, на што ідуць, калі патрабуюць ад
крамаў, каб тыя прадавалі тавары па старых коштах. Урад даўно змагаецца з імпартам — і беспаспяхова, а тут падвярнуўся такі выпадак. Магчыма, яны нават лічаць, што для гэтага хопіць
некалькіх месяцаў, бо гэты падатак на паўтара месяцы і ўвялі (паводле ўказу прэзідэнта, 30%-ны падатак будзе дзейнічаць да 1 лютага 2015 году — РС)».
Сяргей Балыкін звяртае ўвагу на тое, што імпарцёры — гэта не толькі тыя, хто завозіць у Беларусь спажывецкія тавары, але і прамысловыя прадпрыемствы, бо беларускія
тавары (тыя ж пральныя машыны ці лядоўні) вырабляюцца з імпартных камплектуючых. Таму банкруцтва імпарцёраў замежных тавараў будзе адначасова банкруцтвам беларускіх вытворцаў — тых, хто
павінен стварыць альтэрнатыву замежным таварам.
Які ў такім выпадку сэнс апошніх рашэнняў уладаў — Балыкін не разумее:
«Мне цяжка зразумець сэнс у тым, што не мае ніякага сэнсу і ніякай логікі. З аднаго боку, спадар Лукашэнка вымушаны трымаць валютны курс, таму што для яго гэта — палітычнае
пытанне. З іншага боку, ён вымушаны абмяжоўваць попыт на замежную валюту, бо такая цяпер гандлёвая сітуацыя. Ён імкнецца забіць двух зайцаў адным стрэлам, але гэта яшчэ ні ў каго не
атрымалася», — канстатуе экспэрт.
Паводле Леаніда Злотнікава, у краіне цяпер не хапае рэсурсаў, каб усе патрэбы людзей забяспечыць на тым узроўні, як гэта было раней. Таму ўлада вырашыла адсекчы тыя замежныя тавары, ад якіх
магчыма адмовіцца. У сувязі з гэтым эксперт звярнуў увагу на тое, што ў дадатку да ўказу прэзідэнта № 607 «Аб падатку на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты» апублікаваны
спіс тавараў, для разьлікаў за якія набыццё замежнай валюты вызваляецца ад 30% падатку. У гэты спіс уваходзяць газ, нафта і электрычная энэргія — то бок, тыя тавары, якія жыццёва неабходныя
для эканомікі дзяржавы.
Паводле пастановы Савета міністраў № 1207 Міністэрства гандлю, Белкаапсаюзу, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручана не дапускаць росту рознічных коштаў на спажывецкія тавары і забяспечыць
наяўнасць шырокага асартыменту на гандлёвых аб’ектах, уключна з інтэрнэт-гандлем.
Пры гэтым абвешчана, што дзяржаўныя органы будуць праводзіць паўсюдныя праверкі рознічных гандлёвых сетак, інтэрнэт-крамаў.
У пастанове ўраду адзначаецца, што пры парушэнні патрабаванняў ураду будуць ужывацца меры пакарання аж да закрыцця гандлёвых аб’ектаў.