Урад б’е па «нябачнай руцэ» і пераводзіць эканоміку ў «ручны рэжым»
Саўмін вяртае адміністрацыйныя метады ў цэнаўтварэнні.
Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, якая забараняе павышаць цэны больш чым на паўпрацэнта штомесяц. Як паведамляе сайт ECONEWS.BY са спасылкай на прэс-службу ўрада, дакумент закліканы стабілізаваць сітуацыю на спажывецкім рынку, аднак ёсць рызыка дамагчыся як раз-такі процілеглых вынікаў.
Пастанова Саўміна № 184 «Аб часовых мерах па стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку» апублікавана 1 красавіка й магла б стаць мілай першакрасавіцкім жартам, калі б не яе афіцыйны характар. Нарматыўны акт вяртае нас у добрыя далібералізацыйныя часы, калі цэны ўсталёўваліся адміністрацыйна, а з рознага роду перакупшчыкамі і спекулянтамі апантана змагаліся на дзяржаўным узроўні.
Дакумент напісаны па-вайсковаму суровай і лаканічнай мовай. Цэны без усялякіх рынкавых сантыментаў загадана не павышаць больш, чым на паўпрацэнта у месяц, а парушальнікаў належыць прыцягваць да самай суровай адказнасці. Заяўленай мэтай пазначаныя славутыя недапушчэнне росту цэн і забеспячэнне спажывецкага рынку таварамі.
Мімаволі ўзнікае пытанне, а што, у нашай краіне настолькі дрэнная сітуацыя з забеспячэннем, паліцы крамаў пустыя, а кошты ляцяць уверх? На погляд абывацеля, усё не так ужо і дрэнна, хоць праблемы ёсць. Ураду, як той казаў, лепш бачна...
Але зададзім і іншае пытанне. А ці можна, уласна, названымі мерамі рэальна стабілізаваць сітуацыю на рынку?
Пытанне свабоды коштаў — гэта адно з найважнейшых пытанняў рыначнай эканомікі і без такой свабоды рынкавай эканомікі быць не можа. Пашыраючы сферу дзяржрэгулявання цэн, дзяржава ўсё больш адыходзіць ад прынцыпаў рынку і так настойліва дэклараванай лібералізацыі. Акрамя таго, падобныя адміністрацыйныя меры наўрад ці прывядуць да дэкларуемых вынікаў — зніжэння коштаў ці спынення іх росту.
Па-першае, падобныя абмежаванні вельмі лёгка абыйсці, напрыклад, можна штучна павялічыць цэны на 31 сакавіка і далей «скакаць» ад іх. Па-другое, сам факт наяўнасці адміністрацыйных абмежаванняў будзе правакаваць суб’екты гаспадарання ўсталёўваць максімальна магчымую цану, паколькі такім чынам яны будуць страхавацца ад магчымых рызык. Па-трэцяе, рост коштаў правакуе не столькі «прагнасць» суб’ектаў гаспадарання, колькі непісьменная макраэканамічная палітыка рэгулятара.
Звернем увагу яшчэ на адзін момант. Імпартны тавар, як вядома, закупляецца за замежную валюту. Курс гэтай валюты, як вядома, скача. Як загадаюць спадары начальнікі фармаваць цану на імпартны тавар, калі выдаткі на набыццё валюты вырастуць?
Адзначым, што найбольшыя страты ад дзяржрэгулявання цэн панясуць суб’екты малога бізнэсу, якім і без таго клопату яму хапала. Ім давядзецца больш часу траціць на складанне рознага роду разлікаў і іншыя бюракратычныя фармальнасці. А наняць асобных людзей для гэтай працы ў іх няма магчымасці.
Зразумелая справа, што ўсе гэтыя абмежаванні падаюцца пад соўсам клопату пра простага абывацеля. Маўляў, народ стаміўся ад цэнавага бязмежжа, бізнэсмэны «зажраліся» і трэба было б іх злёгку раскулачыць. Справа звыклая.
Але на самой справе ад падобных рашэнняў у першую чаргу пакутуе якраз праславуты абывацель, дробны бізнэс і эканоміка ў цэлым. Выйгрыш атрымліваюць як раз буйныя і набліжаныя да ўлады камерцыйныя структуры. Таму ініцыятары падобных абмежаванняў вольна ці мімаволі лабіююць менавіта іх інтарэсы.
Спыніць рост коштаў падобнымі метадамі немагчыма. Найбольш эфектыўным рэгулятарам коштаў з’яўляецца як раз нябачная рука рынку пра якую казаў яшчэ Адам Сміт. І калі дзяржава прадбачыць скачок коштаў або дэфіцыт самага неабходнага, то яно павінна выйсці на рынак, прадаючы тавары са сваіх рэзерваў па стабільных цэнах. Ці нават бясплатна раздаваць прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці, тым, хто мае ў іх патрэбу, калі сітуацыя стане катастрафічнай.
Калі ж дзяржава пойдзе па звыклым шляху адміністрацыйных абмежаванняў і прымянення санкцый, то вынік будзе прама процілеглым. Цэны зусім не ўпадуць, а толькі вырастуць.
Акрамя таго, узнікае пытанне наконт рэальнага кантролю за цэнаўтварэннем. Хто, уласна кажучы, будзе хадзіць і спраўджваць цэны? Ды і дзяржава абяцае на перыяд пандэміі вызваліць суб’екты гаспадарання ад праверак. Адзначым адначасна, што прадастаўленне чыноўнікам вялікіх правоў па кантролі за коштамі і рынкам у цэлым правакуе рост карупцыйных злачынстваў.
Так што адміністрацыйнымі метадамі кошты не стрымаць і чым больш дзяржава будзе ціснуць на рынак, тым вышэй будуць кошты. Калі ж ціск дзяржавы апынецца сапраўды эфектыўным і рост коштаў атрымаецца спыніць, то можна чакаць з’яўленне дэфіцыту — бо тавараў на рынку больш не становіцца.
Але будзем спадзявацца, што вялікіх бед не адбудзецца і жыццё ў рэшце рэшт ўвойдзе ў звыклае рэчышча. Пастанова заяўлена як часовая і дзейнічае да 30 чэрвеня 2020 года. І гэта адзіны ейны плюс.
Паводле nmnby.eu