Узлёты і падзенні фермера

Цяпер Вадзім Леван юрыдычна не фермер, бо тры гады таму, калі па Беларусі пракацілася эпідэмія афрыканскай чумы свіней (АЧС), яго свінак у прафілактычных мэтах загадалі зарэзаць.

farmer_thinking_lr.jpg

З таго часу яго выкупленая ў калгаса ферма на 500 галоў прастойвае, а Вадзім пачаў разводзіць кароў і авечак на правах «самазанятасці на вёсцы».

У адрозненне ад «калгасаў» (юрыдычна яны пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы (СВК) або акцыянерныя таварыствы), фермеры не могуць сабе дазволіць стратнасць. Вось і Белстат сведчыць, што сярэдняя рэнтабельнасць беларускіх фермераў трымаецца на 17–18%, у той час як у дзяржаўным АПК летась яна склала 1,1%. Пры гэтым фермеры маюць у распараджэнні горшую зямлю (урадлівасць 24–25 балаў, у той час як у СВК яна пачынаецца з 30 балаў), ім ніхто не дае грошай бюджэту і не спісвае запазычанасці па крэдытах.

Тых, хто ў неспрыяльных умовах абралі лёс фермераў, у Беларусі не вельмі шмат — 3320 чалавек. Па стане на 2015 год яны зарэгістравалі 3017 сялянскіх фермерскіх гаспадарак і стварылі 5880 працоўных месцаў для наёмных работнікаў. Разам яны складаюць не больш за 3% ад усіх беларусаў, занятых у сельскай гаспадарцы.


Вадзім Леван з сынам

Вадзім Леван з сынам


Наш герой Вадзім Леван трапіў у фермеры па волі лёсу. Прыйшоў з войска, працы па сваёй спецыяльнасці хіміка не знайшоў, ужо меў жонку і не было жадання ездзіць на заробкі ў Расію. «Давялося лезці ў гаспадарку, сам я родам з вёскі», — кажа Вадзім.

Ён пачаў са свінаводства. «У Беларусі, калі ты трымаеш да 200 галоў ската, і гэта не перашкаджае суседзям, то табе не забаронена іх трымаць без афармлення нейкіх папер. Я вось адразу ў вёсцы на сваім падвор’і трымаў да 100 галоў свіней — паўтара года мусіць, пакуль суседзі мае не пачалі скардзіцца, што ім смярдзіць, што шуміць...»

Тады Вадзім набыў спачатку домік наводшыбе — фактычна хутар, зарэгістраваў фермерскую гаспадарку, пачаў наймаць людзей, і нават выкупіў у калгаса ферму на 500 галоў.

«Пачынаў паціху. Браў 30 свіней, потым 50, потым 200 — нарастала з кожнага продажу, грошы не траціў, а ўкладваў, укладваў, укладваў», — успамінае Вадзім.

Потым у 2013 годзе здарылася АЧС. Паводле афіцыйных дадзеных Мінсельгасхарчу Беларусі, тады ў сялян забралі 10 тысяч свіней і выплацілі кампенсацыю ў агульным аб’ёме больш за 20 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Але вось Вадзім кажа, што кампенсацыі не атрымаў, а 200 свіней у яго забралі. «Яны гаварылі: «Ты 9855-ты ў чарзе, табе трэба будзе пачакаць». Потым прыязджаеш, табе ўжо гавораць: «Ты ўжо 8925-ты». І вось так чакаем-чакаем-чакаем, а яны кажуць: «Хочаш, дадзім зараз пару капеек, ці чакай далей».

Цяпер Вадзім больш не мае зарэгістраванай фермерскай гаспадаркі і вярнуўся да статусу «самазанятасць на зямлі» — гэта калі селянін можа працаваць на сваім лапіку зямлі або гадаваць скаціну.

«Я маю права або сам піць сваё малако, або здаваць у калгас — усё, больш нічога не маю», — тлумачыць Вадзім.

Але на форуме фермераў fermer.by пішуць, што правоў ён мае крыху болей — для продажу на рынку прадукцыі кожны селянін можа ўзяць у сельсавеце даведку пра наяўнасць асабістай падсобнай гаспадаркі і аплаціць месца.

«Ферма пустая стаіць. Яна вельмі вялікая — 1,5 тысячы квадратаў, туды трэба запускаць як мінімум 500 галоў, каб яны зімой не памерзлі. Яна пасля гэтай чумы стаіць пустая, у мяне і хлявоў многа — на 200 галоў пабудаваў, таму трымаю каля дома 30 кароў, 20 быкоў і пад сотню авечак», — акрэсліў Вадзім цяперашні стан рэчаў.

Улады завяршылі кампанію па зачыстцы асабістых сялянскіх падвор’яў ад свіней у буферных зонах каля дзяржаўных буйнатаварных фермаў, адстралялі дзікоў у лясах і цяпер зноў не забараняюць сялянам трымаць свіней. Аднак Вадзім кажа, што вяртацца да свінаводства не збіраецца, бо змянілася кан’юнктура (карма падаражалі, а свініна — не асабліва), і нават мяркуе адмовіцца ад кароў, пераключыўшыся выключна на авечак.


Авечкі Вадзіма Левана

Авечкі Вадзіма Левана


«Бараніна цяпер — не самае дарагое мяса, бо шмат хто пачаў ёй займацца. У мяне ферма аграмадная, авечак можна добра распладзіць. Калі годзікі два-тры сваё пагалоўе не буду прадаваць, буду расціць-расціць-расціць, то потым я змагу прадаваць ужо за любую цану, што ў нас будзе на рынку, а свой прыбытак рабіць на пагалоўі, на тым, што іх многа. Думаю, праз пару гадоў гэта можа добра адбіцца», — дзеліцца задумай Вадзім. Вось тады ён, магчыма, зноў зарэгіструе фермерскую гаспадарку.

А вось у крэдыты і лізінгі ён не верыць. Распавёў, што мае знаёмага фермера, які някепска ў свой час зарабіў на продажы бульбы ў Расію, а потым уклаў усе свае грошы ў развіццё гаспадаркі, набыў у лізінг трактароў сабе, саджалак-капалак, і цяпер не ведае, як разлічыцца: «Кажа, што дзеці пэўна будуць разлічвацца. Вырошчваеш, а яна каштуе капейкі, нікому не патрэбна, на складах гніе, але быў год, калі людзі някепска зарабілі».

Вадзім не можа прыгадаць ніводнага выпадку, каб хтосьці прыехаў да яго, як да фермера, з дапамогай. «Я нацярпеўся гэтага ўсяго, мне хапіла — і санстанцыі да мяне праз дзень прыязджалі, і мералі паветра, і зямлю, і колькі ад хлява да студні мералі, і міліцыя да мяне прыязджала, сельсавет прыязджаў, і эколагі… Хто толькі ні прыязджаў! А ўсё таму, што ніхто не хацеў, каб хтосьці зарабляў. Як бачаць, што многа пачынаеш зарабляць, да цябе пачынаюць ездзіць».

Вадзім распавёў, як аднойчы інспектары яму бясплатна агарод ускапалі: «Нехта пазваніў і сказаў, што па вуліцы сабакі цягаюць свіней, а свіней трымаю толькі я, значыць, у мяне свінні дохнуць і сабакі іх цягаюць. Яны прыехалі, пачалі капаць у мяне ўвесь агарод, думалі, што я дохлых свіней закапваю ў сябе ў агародзе. Нічога яны там не знайшлі. Затое агарод ускапалі, мне не трэба было мучацца потым».

Эксперт «Народнай праграмы» па сельскай гаспадарцы Андрэй Юркоў кажа, што беларускія ўлады наўмысна кансервуюць савецкія формы гаспадарання на зямлі і не даюць развівацца фермерству. «Захаванне калгаснай сістэмы — гэта прыхаванае прыгоннае права, якое дазваляе нашаму сённяшняму рэжыму спакойна існаваць, не баяцца нейкіх там хваляванняў народу», — лічыць эксперт. Ён звяртае ўвагу, што «фермеры не выконваюць сацыяльна-палітычнай функцыі трымаць у цуглях народ», таму «інтарэсы таго фермера і калгаса, дзе ёсць сотні працаўнікоў — для ўлады гэта абсалютна розныя рэчы».

Паводле Юркова, каб развівалася фермерства, трэба ўвесці сапраўдную канкурэнцыю і гарантыі зямельных правоў, правесці пісьменную зямельную рэформу. Памятаеце выказаную ў Якуба Коласа класічную мару беларуса:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут,

І там зажыць сабе нанова:

Свая зямля — вось што аснова!

Тут ёсць складаны момант — як зараз дзяліць зямлю, — тлумачыць Юркоў. «Калі 20 гадоў таму гэта было досыць проста — былі паі ў калгаснікаў, то на сённяшні дзень гэта значна складаней, бо тыя людзі адышлі, новыя, што прышлі, такіх старажылаў, што ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе — іх не так і багата. І каму гэта патрэбна зямля?»

Эксперт звяртае ўвагу на розніцу падыходаў у Расіі і Украіне да гэтага пытання. «І там, і там зямлю на паі падзялілі. Але ва Украіне сёння пяты прэзідэнт, і паі паўсюдна не прадаюцца, а знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, і за іх арэндная плата даецца. А ў Расіі дазволілі адразу продаж гэтых зямельных надзелаў латыфундыстам, якія скупілі гэтыя тысячы, мільёны гектараў зямлі. І сяляне зараз на той зямлі працуюць, не маючы ўласнасці гэтай зямлі... Які мы шлях абярэм — гэта ўсё залежыць ад нас».