«Выяўлены ў гарэлцы і свініне заробак знаходзіцца на беспрэцэдэнтна высокім узроўні». Ці надоўга?
Адкрываючы шосты Усебеларускі народны сход, Лукашэнка не змог утрымацца ад апісання каштоўнасцяў насельніцтва праз гарэлку і свініну, заявіўшы, што цяпер беларусы жывуць «значна лепш за ўзровень чаркі і шкваркі», а сярэдні клас у краіне і зусім складае 60% насельніцтва. Ці сапраўды так шчасна жывецца цяпер у краіне?
Праект «Вашы грошы» абнавіў традыцыйны індэкс «ЧаркаШкварка» (ЧШ) з улікам вынікаў першага квартала 2024 года.
Даведка:Пасля таго, як Лукашэнка аднойчы заявіў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «ЧаркаШкварка». Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі, разлічваецца на падставе звестак Белстата і параўноўваецца з афіцыйнымі паказчыкамі росту коштаў і сярэдняй заработнай платы.
Што ж нам паказвае актуальны індэкс? Заробкі беларусаў у першым квартале 2024 года ў пераліку на чарку і шкварку скараціліся — з 551 да 537 ЧШ у месяц у параўнанні з папярэднім кварталам. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага: заробкі ў пачатку года заўсёды меншыя, чым у канцы мінулага. Іншая справа, калі параўнаць першы квартал 2024 года з першым кварталам 2023 года: тут мы ўбачым рост на 11,1%.
Дзяржаўны кантроль за цэнамі затармазіў у тым ліку і рост кошту адной «Чаркашкваркі». Вядома, паказчык усё роўна паўзе ўверх, але гэта адбываецца павольна.
Так, у першым квартале 2024 года кошт адной «Чаркашкваркі» склаў 3 рублі 83 капейкі. Гэта на 7 капеек вышэй, чым у папярэднім квартале і на 26 капеек вышэй аналагічнага перыяду мінулага года. Рост кошту «Чаркашкваркі» за год, такім чынам, склаў 7,2%.
У пачатку года зніжэнне заробкаў у чарках і шкварках да 4 квартала 2023 года адзначана амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Максімальнае зніжэнне на 4% (з 485 да 466 ЧШ) адзначана ў Гродзенскай вобласці, мінімальнае — у Магілёўскай на 2,3% (з 413 да 404 ЧШ). Выключэннем стала толькі Мінская вобласць. Тут рост квартал да квартала працягнуўся. Калі ў чацвёртым квартале 2023 года сярэднія заробкі тут былі на ўзроўні 484 ЧШ, то ў першым квартале ўжо 493 ЧШ — на 1,8% больш.
Зрэшты, у гадавым выражэнні рост назіраецца ва ўсіх без выключэння рэгіёнах Беларусі. Найбольшы ў Брэсцкай і Мінскай абласцях — па 14%, мінімальны ў сталіцы і ў Гомельскай вобласці. У любым выпадку самымі багатымі па-ранейшаму застаюцца мінчане: іх сярэдні заробак склаў 778 ЧШ у студзені-сакавіку 2024 года.
Напампоўка заробкаў пры працягу дырэктыўнага кіравання цэнамі прыводзіць да таго, што выяўленая ў «ЧаркаШкварках» заработная плата знаходзіцца на беспрэцэдэнтна высокім узроўні. У нашым выпадку мы маем мультыплікатыўны эфект, калі два фактары (высокія заробкі і нізкія цэны), дзейнічаючы адначасова, узмацняюць адзін аднаго.
Сярод сфер эканомікі па паказчыку заробкаў у чаркашкварачным эквіваленце на першае месца традыцыйна выходзяць айцішнікі. У першым квартале намінальная налічаная заработная плата ў IT склала 2054 ЧШ. Гэта на 12% больш, чым у першым квартале 2023 года. Далей ідзе авіяцыя. Сярэднія заробкі ў тут у першым квартале 2024 года склалі 1166 ЧШ, што на 5% больш, чым годам раней.
У працэнтных адносінах мацней за ўсё выраслі заробкі ў сельскай гаспадарцы — на 16% з 373 ЧШ да 434 ЧШ. Дадалі ў заробках таксама настаўнікі (+14%), а ў лекараў рост толькі на 9%.
Важна адзначыць, што пасля 2022 года разрыў сталіцы і рэгіёнаў у аплаце працы ў «ЧаркаШкварках» стаў ніжэйшым, чым раней.
Аднак падобнага кшталту тэндэнцыя дасягаецца не за кошт таго, што рэгіёны хутка становяцца багацейшымі, а таму, што Мінск цяпер расце павольней за рэгіёны. Эканоміка сталіцы больш за ўсё пацярпела праз санкцыі.
Так ці інакш, цяпер мы назіраем досыць высокія паказчыкі дабрабыту беларусаў па індэксе «Чарка-шкварка». Гэта забяспечана, з аднаго боку, накачкай эканомікі грашыма ў выглядзе падвышаных заробкаў, а з другога боку — ручным рэгуляваннем коштаў.
І тое, і другое не можа працягвацца бясконца. Але, здаецца, урад у чарговы раз вырашыў пазмагацца з законамі эканомікі і логікі.
У 2008, 2011 і 2015 гадах падобныя эксперыменты сканчаліся для кашалькоў беларусаў вельмі сумна. Ці ўдараць граблі пры наступе на іх у чацвёрты раз, чыноўнікі вырашылі праверыць практычным шляхам.