З 1 снежня зменіцца спіс «дармаедаў». Каму трэба мець на ўвазе?

Урад адкарэктаваў спіс «дармаедаў», звярнуў увагу onliner. Пачытайце, што зменіцца з 1 снежня.

_elektarat___bomz___ljudzi___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


З 1 снежня ў спіс «дармаедаў» трапяць беларусы, якія выконваюць работы або паслугі, а таксама ствараюць аб'екты інтэлектуальнай уласнасці па грамадзянска-прававых дагаворах, але пры гэтым не атрымліваюць адпаведнае ўзнагароджанне. Раней узнагароджанне не мела значэння ў гэтым пытанні.
У ранейшай рэдакцыі гэтага дакумента «дармаедамі» не лічыліся маці (мачахі) або бацькі (айчымы), усынавіцелі (удачарыцелі), апекуны (папячыцелі), якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. У новай рэдакцыі артыкул падзялілі і з другой часткі прыбралі бацькоў, так што цяпер не «дармаедамі» будуць толькі жанчыны-маці (мачахі, усынавіцелі, апекуны і папячыцелі), якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, траіх і больш непаўналетніх. Выключэнне — калі бацька выхоўвае непаўналетняга дзіцяці-інваліда, у такім выпадку ён таксама не будзе лічыцца «дармаедам».
Таксама з спісу «дармаедаў» выключаць членаў саветаў дырэктараў (наглядальных саветаў) гаспадарчага грамадства. Але толькі пры ўмове, што яны атрымліваюць узнагароджанне за сваю працу.


Нагадаем, спіс «дармаедаў» апошні раз пашыралі вясной. Да гэтага «дармаедамі» не лічыліся ўсе беларусы, якія працуюць за мяжой. Цяпер жа паслабленне ёсць толькі для тых, хто працуе або атрымліваюць адукацыю на тэрыторыі краін-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза (гэта значыць Арменіі, Расіі, Казахстана або Кыргызстана). То-бок, нават калі вы можаце пацвердзіць сваю працу ў Польшчы ці, напрыклад, у Грузіі, то розніцы ніякай няма: па законе вы — «дармаед» і павінны плаціць за «камуналку» «па поўнай».
Правілы для беспрацоўных у Беларусі зрабілі больш жорсткім у 2015 годзе. Цяпер у законе адсутнасць у чалавека працы называецца «сацыяльным утрыманствам». Калі прааналізаваць дзейную рэдакцыю закона, то ўтрыманцамі ў нас прызнаюцца людзі, не занятыя ў эканоміцы (гэта значыць не адлічваюць падаткі ў бюджэт).
Логіка такая: такія беларусы не плацяць падаходны падатак і некаторыя іншыя зборы, а значыць, дзяржвыдаткі кладуцца на ўсіх астатніх, што несправядліва.
Акрамя таго, не забывайце пра новаўвядзенне, названае вышэй: калі вы не занятыя ў эканоміцы і з'ехалі з краіны больш чым на 30 дзён, а таксама калі вы працуеце ці вучыцеся не на тэрыторыі краін ЕАЭС, вы таксама «дармаед».


Асобы, якія не з'яўляюцца «дармаедамі», устаноўленыя пастановай Саўміна ад 31.03.2018 №239. «Дармаедамі» не лічацца тыя, хто:
— не могуць або не павінны працаваць (інваліды, недзеяздольныя, пенсіянеры, людзі, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, шматдзетныя);
— нерэзідэнты (то-бок, людзі, якія жывуць у Беларусі менш за 183 дзён у годзе);
— вайскоўцы (тэрміновай службы, рэзервісты, якія ўдзельнічаюць у зборах) і жонкі кантрактнікаў;
— удзельнікі творчых саюзаў, якія займаюцца творчай працай;
— арыштаваныя і адбываюць тэрмін больш за 183 дзён у годзе;
— сезонныя работнікі, якія працуюць поўны сезон;
— члены або работнікі (па працоўнай дамове) вытворчага кааператыва або фермерскай гаспадаркі;
— уласнікі асабістай падсобнай гаспадаркі;
— студэнты дзённага аддзялення, якія атрымліваюць сваю першую адукацыю;
— святары;
— атрымальнікі пенсіі або страхавых выплат з-за няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў, у тым ліку па страце карміцеля.


Таксама ўлады выключаюць з спісу ўтрыманцаў тых, хто працуе не на стандартнай працы па працоўнаму дагавору:
— самазанятыя і рамеснікі, якія плацяць адпаведныя падаткі і зборы;
— ІП, якія выплацілі падатак больш за 20 базавых велічынь;
— адвакаты і натарыусы;
— спартсмены нацыянальных зборных каманд.
Не з'яўляюцца ўтрыманцамі і тыя, хто спрабуе знайсці працу, але не можа. Напрыклад, беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў цэнтрах занятасці, або беспрацоўныя ў перыяд прафесійнай перападрыхтоўкі або павышэння кваліфікацыі.