З Расіі па нітцы...
Да канца года яшчэ чатыры месяцы, а кіраўніцтва Беларусі актыўна працуе ў кірунку падтрымання эканомікі — кантракты на пастаўку газа з Расіі абяцаюць заключыць з прымальнымі цэнамі. А вось усходняя нафтавая авантура Беларусі правалілася.
Да канца года яшчэ чатыры месяцы, а кіраўніцтва Беларусі актыўна працуе ў кірунку падтрымання эканомікі — кантракты на пастаўку газа з Расіі абяцаюць заключыць з прымальнымі
цэнамі. А вось усходняя нафтавая авантура Беларусі правалілася.
Прэм’ер Расіі Уладзімір Пуцін даручыў Мінэнерга і «Газпраму» правесці перамовы з беларускімі калегамі і ў бліжэйшы час вызначыць паніжальны «інтэграцыйны»
каэфіцыент для паставак расійскага газу Беларусі. «Які гэта мусіць быць каэфіцыент, як ён будзе ўводзіцца, з чым там яго ўвядзенне звязана, я прашу ў самы бліжэйшы час вызначыцца і
ўдзельнікам эканамічнай дзейнасці, і Міністэрству энергетыкі. Трэба гэта ўсё прапрацаваць з беларускімі калегамі, — сказаў прэм’ер Расіі, і акрэсліў умовы здзелкі: —
Разлічваем на тое, што гэты працэс будзе сінхранізаваны з набыццём другой долі кампаніяй “Газпрам у “Белтрансгаза, дзе ён з’яўляецца 50-працэнтным
уласнікам.
Пра гэтыя ж умовы гаварылі прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў і кіраўнік “Газпрама Аляксей Мілер. “Вядома, нам не патрэбныя такія сюжэты, як былі пяць гадоў таму (калі
кантракт на пастаўкі газа ў Беларусь быў падпісаны за дзве хвіліны да Новага года — рэд.), трэба дамовіцца. Тым больш што цяпер ёсць істотныя ўмовы, якія ўплываюць на змест адпаведнага
кантракта. Па-першае, гэта ўзнікненне Мытнага саюза, у якім прымаюць удзел Расія, Беларусь і Казахстан. У гэтым сэнсе нашы эканомікі сталі значна бліжэй, і гэта трэба ўлічваць. Другі фактар
— набыццё ў будучым 50 працэнтаў, што засталіся, “Белтрансгаза. Вядома, гэта стварае крыху іншыя ўмовы знаходжання Расіі, «Газпрама» на беларускім рынку,
і пры падрыхтоўцы кантракту, я мяркую, таксама правільна гэта ўлічваць, — настаўляў Мілера прэзідэнт РФ.
Чаму Расія змяніла гнеў на літасць у адносінах да Беларусі, да якой не так даўно абяцалі цалкам рынкавыя падыходы? “У любым выпадку, гэта добра, што мы будзем атрымліваць газ танней. Калі б
такое прапанавалі Польшчы, яна б таксама не адмовілася, — выказвае сваю ацэнку будучаму пагадненню і яго ўмовам старшыня партыі левых “Справядлівы свет Сяргей Калякін.
— Гэта рыначная мера. Мы ж не за проста так атрымаем палёгку, а прададзім Расіі другую палову акцый “Белтрансгаза. Канешне, варта было б стварыць сумеснае прадпрыемства па
транзіту газа, але так атрымалася, і нашае кіраўніцтва прадае тое, што магло б несці залатыя яйкі. Увогуле, гэта складанае пытанне. Расія ўжо пабудавала газатранспартную сістэму ў абыход Беларусі, то
ў будучым можа стацца так, што газаправод проста не будзе нікому патрэбны. Таму, на мой погляд, такое рашэнне разумнае, хаця ў вялікім сэнсе гэта страта для Беларусі.
Эканаміст Леанід Злотнікаў гаворыць, што для Беларусі саступкі па газу важныя, але істотна ўплываць на эканамічную сітуацыю гэта не будзе. “У рамках Мытнага саюзу мусяць быць аднолькавыя
кошты для ўсіх яго суб’ектаў, адзін рынак, і штучнае змяненне цэн для кагосьці з удзельнікаў не ёсць добрай рысай. З іншага боку, Расія хоча ўцягнуць у еўразійскі эканамічны саюз Украіну і
паказаць, што гэта выгодна ў тым ліку і з-за коштаў на газ. Мяркую, Расія ўвогуле не хоча, каб Беларусь увайшла ў глыбокі эканамічны крызіс, бо гэта выкліча дэстабілізацыю і на палітычным полі.
Забастоўкі, сацыяльны пратэст могуць справакаваць змену ўлады, а яна, у сваю чаргу, можа павярнуцца ў бок Захаду. Калі цану на газ для Беларусі вызначаць нават на ўзроўні расійскіх цэн на блакітнае
паліва, то гэта дасць нашай дзяржаве выйгрыш у суме блізу двух мільярдаў долараў. Але, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 1 красавіка бягучага года толькі кароткатэрміновая пазыка складала 14 мільярдаў
долараў. І ў наступным годзе гэтая лічба будзе большай. Яшчэ адна нашая праблема — адмоўнае сальда гандлёвага балансу, якое ўтвараецца не толькі за кошт імпарту энерганосьбітаў, але і
тавараў. Таму паніжальны каэфіцыент на газ — важны фактар для беларускай эканомікі, але не вырашальны. Грошы нам на падтрымку ўсё адно будуць патрэбныя, будзем іх шукаць і ў МВФ, і ў
Расіі, — адзначае Злотнікаў.
У сувязі з пацяпленнем адносінаў паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі варта ўзгадаць і аб дамоўленасцях Лукашэнкі і Мядзведзева ў межах АДКБ. Пасля сустрэчы ў Сочы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў
паведаміў, што дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі партнёрамі па АДКБ пра больш кансалідаваную і выразную пазіцыю ўнутры арганізацыі. Адпаведныя дамоўленасці, паводле яго слоў, будуць
аформлены на бліжэйшым саміце АДКБ у Маскве. Падчас нефармальнага саміту ў Астане на пачатку жніўня Лукашэнка, які цяпер старшынствуе ў АДКБ, заявіў, што арганізацыя поўная рашучасці скончыць працэс
камплектавання і ўзбраення калектыўных сіл КСАР. Ён таксама падкрэсліў, што ў дзяржаў-членаў АДКБ з’явілася шмат напрамкаў дзейнасці ў сувязі з падзеямі, якія адбываюцца «па
перыметры арабскай дугі і афрыканскай поўначы». «Мы ўсё гэта бачым і дамовіліся, што краіны АДКБ будуць выпрацоўваць меры процідзеяння магчымым пагрозам, перш за ўсё ў
кіберпрасторы», — сказаў беларускі лідар. Ад гэтага выказвання правялі паралель да звяржэння паўночнаафрыканскіх дыктатараў і адпаведнай фобіі ў беларускага сябра Муамара Кадафі. Да
слова, апошнія прапагандысцкія фільмы па Беларускаму тэлебачанню былі прысвечаныя акурат-такі злу, якое нясе інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.
У жніўні Лукашэнка займеў не толькі поспех у сферы паставак вуглевадароднай сыравіны, але і правал. Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта афіцыйна абвясціла пра выхад з
кантракту па распрацоўцы радовішча Джафеір у Іране. Кантракт на распрацоўку радовішча Джафеір у Іране, падпісаны ў 2007 годзе, прадугледжваў распрацоўку радовішча ў некалькі этапаў. Першы этап быў
завершаны ў верасні 2010 года. Аднак “у ходзе работ былі выяўлены новыя дадзеныя аб геалагічнай структуры радовішча, што абумовіла змяненне тэхнічных і фінансава-эканамічных умоў рэалізацыі
праекта. Улічваючы гэта, прадпрыемства “Беларуснафта прыняло рашэнне аб выхадзе з дадзенага кантракту пасля першага этапу, — паведамляе БелаПАН.
Іранскае інфармагенцтва Mehr са спасылкай на крыніцу ў Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі паведаміла, што прычынай скасавання кантракту сталі рознагалоссі бакоў, якія датычацца метадаў і
тэхналогій вядзення работ, а таксама грашовай кампенсацыі іранскаму боку за выкарыстанне Беларуссю яе радовішча. Беларускі бок, па словах крыніцы, не выконваў свае абавязацельствы па кантракце.
Згодна з дамовай, “Беларуснафта абавязвалася здабываць па меншай меры 3,5 тысячы барэляў нафты ў суткі, але не здабывала нават 2,8 тысячы барэляў, паведамляе Mehr.