З шырока заплюшчанымі вачыма

Усе, хто можа, папярэджваюць, што Беларусь спаўзае ў крызіс. Пра гэта цвердзіць не толькі МВФ, але і афіцыйныя эканамічныя паказчыкі. Між тым, людзі ва ўладзе робяць выгляд, што нічога не адбываецца.



down.jpg

У прынцыпе, у гэтым няма нічога новага. Калі спыняліся заводы, калі працоўныя адпраўляліся ў вымушаныя адпачынкі на дзве траціны акладу, а ўсе разважалі пра тое, што краіна на парозе «паўтору крызісу 90-х», улада таксама рабіла выгляд, што «так і трэба». Прынамсі, ніякага ўяўнага варушэння заўважана не было. Так, персанальна Аляксандр Рыгоравіч наведаў на мінулым тыдні Мінскі трактарны завод. Але што ён там сказаў? Можа, распавёў, як МТЗ павінна выжываць у сённяшніх умовах? Не. Ён паразважаў над пытаннем захавання працоўных калектываў, у чарговы раз паведаміў пра стрымліванне коштаў, прайшоўся па імпарту і імпартазамяшчэнні, пахваліўся сваёй сустрэчай з кіраўніком Кітая Сі Цзыньпінам і распавёў пра правільную дыету.

«Беражыце сябе, сваіх дзяцей і сям’ю. Усё астатняе прыкладзецца. Не перажывайце. Худа-бедна сарганізуем, згрупуемся і вытрымаем. Беларусы і не такое вытрымлівалі. Гэта ж не вайна», — вось і ўсё, што мог сказаць правадыр краіны працоўным. То бок, як-небудзь выкруцімся. А вось як будзем выкручвацца, мы яшчэ не прыдумалі.

Тым часам ВУП Беларусі за 4 месяцы абваліўся на 2,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт краіны. Гэта ўжо сур’ёзны паказчык, які сведчыць пра сістэмнае падзенне эканомікі. Гэта не зніжэнне на 0,5–1%, якое можна патлумачыць нейкімі флуктуацыямі. «Флуктуацыйныя» спады вытворчасці нейкімі высілкамі можна нагнаць, але сістэмны спад кажа ўжо аб заганах у эканамічнай мадэлі ў цэлым.

Гэта тым больш прыкры паказчык, што нашы ўлады планавалі ў гэтым годзе рост ВУП у 0,2–0,7%. То бок, для таго, каб такі рост паказаць, нам трэба вырасці за 8 месяцаў недзе на 3–3,5 працэнты. А гэта ўжо добры паказчык для нармальных еўрапейскіх краінаў.

Больш за тое, за чатыры месяцы мы дасягнулі самага песімістычнага прагнозу МВФ, які прадказваў, што эканоміка сінявокай упадзе на 2,6% за ўвесь год.

Болей за тое, нават створанае намі мы не можам прадаць. У красавіку складскія запасы працягнулі рост. На 1 мая 2015 года яны выраслі на 0,181 трыльёна рублёў і дасягнулі 39,131 трыльёна рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці на 1 красавіка 2015 года склала 84,6% супраць 75,8% на 1 студзеня 2015 года. Між іншым, «нармальнымі» для Беларусі лічыцца 50–55% складскіх запасаў. Больш 80% — гэта ўжо крытычны ўзровень.

Але, па меркаванні, напрыклад, нашага прэм’ера Андрэя Кабякова, прадпрыемствы не вінаватыя ў тым, што працуюць «на склад», а іх прадукцыя не прадаецца. І ў спадзе вытворчасці вінаватыя хто заўгодна, толькі не ўрад. На пасяджэнні Саўміна па выніках працы першага квартала ён заявіў: «За мінулы перыяд урад і Нацыянальны банк паслядоўна рэалізавалі вымушаныя жорсткія меры па макраэканамічнай стабілізацыі. Па сутнасці, у сціслыя тэрміны прыйшлося адаптаваць бюджэт, банкаўскую сістэму, рэальны сектар краіны да працы ў новых эканамічных умовах, выкліканых абвалам цэнаў на нафту, рэзкай дэвальвацыяй расійскага рубля, еўра, грыўні і іншых валют, рэцэсіі сусветнай эканомікі і сцісканнем попыту ў нашых ключавых гандлёвых партнёраў».

То бок, у спадзе эканомікі вінаватыя хто заўгодна, толькі не мы. Гэта розныя «ворагі-замежнікі», якія абвалілі цану на нафту, расійскі рубель, украінскую грыўню і заадно еўра. Карацей, так склаліся зоркі, мы — ні пры чым.

Што застаецца? Праядаць раней назапашаныя рэсурсы. Той жа Міжнародны валютны фонд, які «недапрадказаў» падзенне ВУП Беларусі, зараз прарочыць крытычнае зніжэнне золатавалютных рэзерваў нашай краіны. Ён думае, што нашы ЗВР знізяцца амаль удвая: з цяперашніх $4,5 мільярда да 2,5 мільярда на канец бягучага года. Прагноз па зніжэнні ЗВР можна растлумачыць велічынёй выдаткаў на абслугоўванне знешняга дзярждоўгу і адсутнасцю (па меншай меры, на дадзены момант) выразных крыніц фінансавання гэтых выдаткаў.

Характэрна, што эксперты фонду не рызыкнулі прадказваць курс беларускага рубля на канец 2015 года альбо не сталі гэта рабіць па просьбе беларускіх уладаў.

$2,5 мільярда золатавалютных рэзерваў — гэта 80% аб’ёму месячнага імпарту. У той час, як бяспечным лічыцца ўзровень ЗВР у два месяцы аб’ёму імпарту. То бок, нам трэба «для гарантыі» мець у кубышцы не менш як $6 мільярдаў, а лепш, як казалася раней, — $8 мільярдаў.

У той жа справаздачы МВФ, дарэчы, чамусьці зменшыў гадавое зніжэнне ВУП сінявокай да 2,3%, але адначасна заявіў пра гадавую інфляцыю ў 22%. Разам з тым, фонд заклікаў улады да даўно агучаных рэформаў: лібералізацыі коштаў, адмовы субсідавання тарыфаў на транспарт і ЖКГ, адмену мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў (абавязковыя планы) і прыватызацыю.

Аднак на рэформы мы ісці не збіраемся і не збіраліся. Напрыклад, той жа Кабякоў запэўніў усіх, што ўлады не будуць павышаць тарыфы на транспарт і паслугі ЖКГ да тых часоў, пакуль не вырастуць заробкі. «Для падтрымкі людзей ва ўмовах аб’ектыўна складанай сітуацыі на рынку працы ўрад не плануе павелічэнне тарыфаў на транспарт і сувязь. Магчымасці індэксацыі тарыфаў на ЖКГ будуць разглядацца толькі ва ўвязцы з фактычным ростам заработнай платы», — заявіў прэм’ер.

Ён адзначыў, што ўлады працягнуць маніторынг коштаў. «З буйнымі гандлёвымі сеткамі наладжаны канструктыўны дыялог. Цэны кантралююцца, у выпадку неабходнасці будуць уведзеныя новыя меры адміністрацыйнага рэгулявання», — папярэдзіў Кабякоў.

То бок, як раней і казалася, мы лічым за лепшае «не заўважаць» крызіс. Зразумела, што пры падзенні ВУП і адсутнасці продажу нашай прадукцыі заробкі расці не будуць. Адначасна ўлады «адміністрацыйнымі метадамі замарозяць цэны». Канешне, усё гэта ўкладаецца ў канцэпцыю кіраўніка дзяржавы пра «брэжнеўскі застой» у асобна ўзятай краіне былога СССР. Але гэты «застой» немагчымы ў краіне з адкрытай эканомікай. І ўсе дакладна ведаюць, чым ён скончыўся.