За год пасля выбараў Польшча выдала беларусам 20 тысяч бізнес-візаў
Спікеры Belarus Business Forum у Варшаве запэўнілі, што працягнуць падтрымліваць дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі.
Дырэктарка Усходняга аддзелу Міністэрства замежных спраў Польшчы Малгажата Касюра-Кажмерска паведаміла на пасяджэнні Belarus Business Forum, што за апошні час толькі яе краіна выдала беларусам 200 тысяч звычайных візаў, каля 20 тысяч бізнес-візаў і 2 тысячы гуманітарных візаў, перадае Радыё Свабода.
Малгажата Касюра-Кажмерска са свайго боку нагадала, што ёсць салідарны план тэхнічнай падтрымкі ў памеры 3 млрд еўра Беларусі ў выпадку пераходу да дэмакратычных рэформаў.
Пры гэтым яна заклікала бізнесоўцаў звяртацца не толькі да краін-суседзяў, але і да іншых чальцоў Еўрасаюза.
«Хачу, каб вы звярнулі ўвагу на краіны ў рамках Усходняга партнёрства, якія ўжо правялі рэформы. Партнёрства — гэта ўвасабленне каштоўнасцяў, якія ўяўляе сабой еўрапейскае дэмакратычнае грамадства. Мы верым у тое, што поспех нашага суседа — гэта і наш поспех. Таму падкрэсліваем важнасць выбару Беларусі, а Усходняе партнёрства ў любым выпадку акажа ёй у гэтым падтрымку. Не толькі эканамічную».
У кантэксце дыскусіі на форуме згадвалася вялікая колькасць IT-спецыялістаў і тэхналагічных прадпрымальнікаў, якія з’ехалі з Беларусі.
Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай па эканоміцы, узняў пытанне важнасці падтрымкі беларускага бізнесу за мяжой, стварэння бізнес-праграмаў для маладых прадпрымальнікаў і гарантыйнага фонду, дзе людзі, якія пакінулі Беларусь, змаглі б атрымаць пазыкі і крэдыты.
У сваю чаргу кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль запэўніў, што агульная ўцягнутасць патэнцыйных донараў у справы Беларусі значна большая за агучаныя 3 млрд еўра.
«У нас вельмі і вельмі сур’ёзныя намеры на самым высокім узроўні», — запэўніў ён.
Камісар Еўракамісіі па добрасуседстве і пашырэнні Мацей Папоўскі падкрэсліў, што ўмовы еўрапейскіх крэдытаў значна прасцейшыя за многія іншыя варыянты.
«Мы прапануем макраэканамічную фінансавую падтрымку. Гэта вялікія крэдыты і займы на добрых умовах», — удакладніў ён, праанансаваўшы таксама з'яўленне такіх праектаў, як бязвізавы рэжым і лябіяванне падтрымкі па недапушчэнні фінанасавання рэжыму Лукашэнкі.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Дзірк Шубель засяродзіў увагу на падпісанні ў будучым дзвухбаковага эканамічнага пагаднення аб дапамозе Беларусі з уступленнем у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ён нагадаў, што на постсавецкай прасторы гэта адзіная краіна, якая не мае такой дамовы.