Нямецкая Вікіпедыя перайменавала Беларусь
Вікіпедыя на нямецкай мове пераназвала старонку «Беларусь». Напрацягу 20 гадоў «вісела» зусім іншая назва, якая не падабалася многім беларусам.
Старонка перастала называцца «Weißrussland» (Вайсруссланд) , што ў даслоўным перакладзе з нямецкага азначала «Белая Расія»
Цяпер Вікіпедыя стала называць краіну «Belarus», піша Беларускі партызан са спасылкай на тэлеграм-канал DW.
На гэта звярнуў увагу супрацоўнік нямецкага Гістарычнага інстытута Варшавы Фелікс Акерман. Ён уваходзіць у беларуска-германскую гістарычную камісію, якая яшчэ ў ліпені 2020 года афіцыйна рэкамендавала называць краіну «Belarus».
Пасля гэтага краіну па-новаму стаў называць штотыднёвік Der Spiegel, а затым і многія іншыя нямецкія СМІ.
Наогул, назва «Вайсруссланд» для немцаў звыклая, як, напрыклад, «Amerika». Аналогію можна правесці з выкарыстаннем паняццяў «Белоруссия» і «Беларусь» у рускай мове. Масава пераходзіць на назву Belarus нямецкае грамадства, асабліва СМІ, стала пасля выбараў у Беларусі ў 2020 годзе.
Так, для гісторыка Фелікса Акермана выбар на карысць назвы «Belarus» — пытанне не толькі лінгвістыкі, але і палітыкі
«Тое, як мы называем гэтую дзяржаву па-нямецку ў 2020 годзе, адлюстроўвае наша разуменне статусу-кво дзяржаўнага суверэнітэту ва Усходняй Еўропе — пісаў ён у швейцарскай газеце. — У няправільна выкарыстоўваемы тапонім "Weißrussland" упісана семіятычная прыналежнасць да Расіі».
Аднак яшчэ застаюцца выданні, якія выкарыстоўваюць назву «Weißrussland» — напрыклад, выдавецтва Springer, а таксама СМІ ў Швейцарыі і Аўстрыі.