Законапраект аб ІП — чарговы цвік у труну дробнага бізнесу?
Замест стварэння стымулаў для развіцця бізнесу, улады зноў вырашылі выкарыстоўваць забарону. Пра гэта заявіў Алесь Аляхновіч, дарадца беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай.
Законапраектам “Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці” ўлады паслядоўна ўскладняюць жыццё прадпрымальнікам, гэты дакумент — “чарговы цвік у труну дробнага бізнесу”, адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч, піша "Позірк".
Як адзначае прэс-служба Ціханоўскай, калі дакумент ухваліць Савет Рэспублікі і падпіша Аляксандр Лукашэнка, то шматлікім індывідуальным прадпрымальнікам давядзецца перарэгістравацца ці спыніць працу.
“Новыя правілы істотна абмяжуюць спіс відаў дзейнасці, па якіх можна зарабляць індывідуальным прадпрымальнікам. Тым, хто не ўвойдзе ў гэты пералік, давядзецца перарэгістравацца ў юрыдычныя асобы да 31 снежня 2025 года або спыніць дзейнасць з 1 кастрычніка 2024-га”, — удакладніў Аляхновіч.
“Індывідуальнае прадпрымальніцтва — самы просты спосаб пачатку камерцыйнай дзейнасці. Ён не патрабуе выдаткаў на офіс, бухгалтара або іншых супрацоўнікаў. Калі ў чалавека атрымліваецца развіць бізнес у форме ІП, з часам ён можа перарэгістравацца ў юрыдычную асобу, што мае свае плюсы для бізнесу большых памераў. Для параўнання, у Польшчы 2,5 млн чалавек вядуць дзейнасць у форме ІП. Гэта ў 2,5 разы болей у пераліку на колькасць насельніцтва, чым у Беларусі”, — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
Ён падкрэсліў, што “замест стварэння стымулаў для развіцця бізнесу, улады зноў вырашылі выкарыстоўваць забарону”.
Законапраект “Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці” прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні 21 сакавіка. Ён сярод іншага абмяжоўвае віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе ўстанаўлівацца ўрадам асобна.
Раней паведамлялася: у пераліку не будзе гуртавога гандлю, турыстычных і юрыдычных паслугаў, арганізацыі і правядзення культурніцкіх і забаўляльных мерапрыемстваў, некаторых паслугаў у галіне ІТ.
Паводле падлікаў Мінэканомікі, пасля перагляду відаў дзейнасці колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 тыс. да 143,5 тысяч, колькасць нанятых у іх працаўнікоў — з 64,6 тыс. да 47,1 тыс.
Задачу мадэрнізаваць фармат працы малога бізнесу паставіў Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені мінулага года.
У 2022 годзе ён адзначыў, што “айцішнікі і іпэшнікі былі ў авангардзе барацьбы ў 2020 годзе”, “вываліліся на вуліцы”.
У Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў прыняцце законапраекта па пытаннях прадпрымальніцтва ў другім чытанні “успрынялі са шкадаваннем”, заявіў дырэктар арганізацыі Віктар Маргелаў.
“Для развіцця прадпрымальніцтва ў краіне, на наш погляд, трэба не адміністратыўныя меры выкарыстоўваць, а ствараць эканамічныя стымулы. Гэта дазволіць пераразмеркаваць наяўныя кадравыя рэсурсы з карысцю для грамадства і эканомікі”, — падкрэсліў Маргелаў.
Намеснік старшыні Беларускага саюза прадпрымальнікаў Кацярына Гамзунова адзначыла, што “прывабнасць інстытута індывідуальнага прадпрымальніцтва за апошнія гады істотна знізілася”.
Дырэктар бізнес-саюза “Канструктыўны дыялог” Жанна Рогава заявіла, што арганізацыя не бачыць “вялікага сэнсу ў такой рэформе прадпрымальніцтва”, бо цяпер, наадварот, “неабходна ствараць усялякія ўмовы, каб фізічныя асобы, у тым ліку ІП, маглі знайсці працу, асабліва ў рэгіёнах”.