Алесь Аляхновіч: «Пад кіраўніцтвам Лукашэнкі наша краіна стала адной з самых бедных дзяржаваў Еўропы»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч даў інтэв'ю YouTube-каналу «Жыццё-маліна» і распавёў пра стан эканомікі Беларусі, заробкі для настаўнікаў і міліцыянтаў, а таксама пра важнасць падтрымкі сям'і. «Салідарнасць» прыводзіць некаторыя цытаты з інтэрв'ю.

Фота tsikhanouskaya.org

Фота tsikhanouskaya.org

У мінулым Алесь Аляхновіч працаваў старшым кансультантам кансалтынгавай кампаніі Ernst & Young і зарабляў каля трох тысяч еўра, але пасля падзей 2020-га года ў Беларусі вырашыў перайсці ў грамадскую дзейнасць і далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай.

У інтэрв’ю «Жыццё-маліна» ён патлумачыў, чаму ў 2023 годзе эканоміка нашай краіны не працягнула падзенне: «Няхай Беларусь страціла заходні і еўрапейскі рынак, але нарасціла пастаўкі тавараў на расійскі». Разам з тым Аляхновіч лічыць, што гэта не будзе працягвацца доўга: хутка з расійскага рынка беларускія тавары выцясняць кітайскія.

Эканаміст канстатаваў, што з 2012 года эканоміка Беларусі, па сутнасці, не расце. Нядзіва, што сярэдні заробак у Польшы, Літве і Латвіі сёння ў 3-3,5 разы вышэйшы за беларускі. Пад кіраўніцтвам Лукашэнкі наша краіна стала адной з самых бедных дзяржаваў Еўропы.

Аляхновіч адказаў на пытанні, колькі павінны зарабляць настаўнік і міліцыянт «у адэкватнай краіне»:

— Настаўнік — больш за сярэдні ўзровень. Інвестыцыя ў настаўнікаў — гэта інвестыцыя ў дзяцей і будучыню. А шараговы міліцыянер павінен зарабляць менш за сярэдні заробак. Бо гэта не інвестыцыя, а проста падтрыманне парадку.

Аляхновіч параіў беларусам інвеставаць у адукацыю, здароўе («беларусы, на жаль, вельмі рана паміраюць  асабліва мужчыны»), сям’ю і адносіны са сваімі блізкімі:

– Гэта крыніца вашых сілаў і ў любы дрэнны час менавіта ў сям’і вы зможаце знайсці апору.

Эканаміст прыгадаў, як у 18 гадоў моцна захварэў і трапіў у рэанімацыю:

— Я знаходзіўся ў коме чатыры дні. Я страціў 15 кілаграмаў, што на той момант складала 20% масы майго цела. Усе мае мышцы былі атрафіраваныя. Калі я прачнуўся, я не мог самастойна дыхаць. Я мусіў вучыцца хадзіць з нуля ізноў. Я быў у цяжкім псіхалагічным стане.

І на той момант я зразумеў, што адзіныя людзі, якія застануцца з табой, калі з табой станецца нешта непапраўнае: калі вы вельмі моцна захварэеце або нешта іншае станецца з вамі (аварыя там, вы станеце непаўнаспраўным чалавекам), гэта будзе ваша сямʼя. І то ў выпадку, калі ў вас добрыя адносіны ў сямʼі.

Гэта тыя людзі, якія вам ніколі не здрадзяць і заўсёды вас падтрымаюць. Таму на іх вы павінны разлічваць у першую чаргу і пра іх не забываць.

Алесь Аляхновіч таксама патлумачыў, чаму звяртае ўвагу на сямейны статус палітыкаў:

— Людзі, якія хочуць займацца публічнай палітыкай і аказваць уплыў на ўсё грамадства, павінны паказваць прыклад сабой. Калі чалавек не здольны пабудаваць моцную, паспяховую сям’ю, то ён, хутчэй за ўсё, не здолее быць эфектыўным для ўсёй краіны.