Улады «закручваюць гайкі» ІПэшнікам і з'ехаўшым беларусам? Чытаем новую пастанову Савета Міністраў

Пастанова №23 Савета Міністраў змяняе прынцып аднясення грамадзян Беларусі да занятых у эканоміцы краіны. Каго гэта закране і якія будуць наступствы?

_hroszy___zyrouka__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Урад пастановай №53 ад 25 студзеня ўнёс змены ў крытэрыі аднясення грамадзян Беларусі да занятых у эканоміцы. Дакумент сёння афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша Reform.by.

У адпаведнасці з ім, цяпер занятымі ў эканоміцы будуць лічыцца індывідуальныя прадпрымальнікі пры ўмове выплаты падаходнага або адзінага падатку з даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці за адпаведны перыяд ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

ІП, якія не плацяць падаткі, будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы толькі ў выпадку іх вызвалення ад выплаты гэтых падаткаў у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Гэтыя змены ўступаюць у сілу з 5 лютага, згодна з імі будзе ўлічвацца выплата падаткаў ІП за чацвёрты квартал мінулага года.

Таксама змяненні датычацца грамадзян, якія вырабляюць сельгаспрадукцыю ў асабістай падсобнай гаспадарцы. Яны будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы толькі калі не адсутнічаюць на тэрыторыі краіны сумарна 30 і больш каляндарных дзён у квартале, за які сфарміравана база даных аб занятых у эканоміцы. Акрамя таго, яны павінны быць зарэгістраваны па месцы жыхарства ў Беларусі.

Глядзіце таксама

Каб быць аднесенымі да занятых у эканоміцы, бацькі, усынавіцелі/удачарыцелі, апекуны дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама жанчыны, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей, павінны жыць у Беларусі (за выключэннем выезду за мяжу на лячэнне і аздараўленне). Нормы, якія тычацца бацькоў і ўладальнікаў асабістай падсобнай гаспадаркі, уступаюць у сілу з 1 сакавіка.

Акрамя таго, стала больш дакладнай фармулёўка ў дачыненні да грамадзян, якія атрымліваюць даход ад здачы кватэр і іншых памяшканняў. Да не занятых у эканоміцы не адносяцца грамадзяне, «якія атрымліваюць даходы ад здачы ў наём (арэнду) жылых і нежылых памяшканняў, машына-месцаў, пры ўмове выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах з такога даходу». Раней гаворка ішла пра проста падаходны падатак.

Таксама цяпер МУС будзе перадаваць у Дзяржпагранкамітэт інфармацыю аб грамадзянах Беларусі, якія выехалі і заехалі на тэрыторыю РФ праз пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы Расіі. Яе беларускаму МУС будуць падаваць расійскія калегі. Такая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца Дзяржпагранкамітэтам для фарміравання звестак аб грамадзянах, якія выехалі за межы Беларусі. У 2022 годзе ўрад пастанавіў, што не занятымі ў эканоміцы будуць лічыцца грамадзяне, якія выехалі з Беларусі на тэрмін большы за 30 дзён.

Нагадаем, у Беларусі грамадзяне, уключаныя ў спісы не занятых у эканоміцы, павінны аплачваць камунальныя паслугі па тарыфах, «якія забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў».

Глядзіце таксама