200 дзён пасля арышту Кацярыны Андрэевай. Ігар Ільяш — пра «сталыпінскі вагон» і канвой з сабакамі
Муж палітзняволенай Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў пост з нагоды 200 дзён пасля арышты жонкі.
— Нядаўна я ўсё ж даведаўся, у якіх умовах праходзіў этап Каці з Жодзіна ў Магілёў, — піша Ігар Ільяш. — Як заўсёды, быў «сталыпінскі вагон», сабакі, узброены канвой. Кацю этапавалі ў кайданках — такая вось дэманстрацыя асаблівага стаўлення да журналістаў. Разам з ёй у «сталыпіне» ехала жанчына, асуджаная ўжо трэці раз, за забойства — нават да яе падобныя меры не ўжываліся. На шчасце, другая частка этапу — з Магілёва ў Гомель — праходзіла ў больш чалавечых умовах, там кайданкі Каці не апраналі.
Цяпер яна знаходзіцца на карантыне ў Гомельскай калоніі, на працы яе яшчэ не размяркоўвалі. Пакуль што займаецца кветкамі, што пасля паўгадавога сядзення ў камеры стала для яе пэўнай аддушынай. «Спяшаюся паведаміць, што высадзіла больш за сотню парасткаў — будучых выдатных кветак!» — напісала яна мне на паштоўцы праз некалькі дзён пасля прыбыцця ў калонію. Адчувае сябе добра, настрой пазітыўны. На ўмовы не скардзіцца. Цэнзура ў Гомелі працуе прыкметна лепш — лісты ідуць ледзь не ўдвая хутчэй, чым з Жодзіна.
На вопратцы ў Каці нашыта жоўтая бірка з яе імем і
прозвішчам. Адразу хачу ўдакладніць: не, гэта не спецыяльная адзнака менавіта
для палітычных. Але гэта сапраўды форма сегрэгацыі зняволеных — гэта значыць, не
ўсе вязні ходзяць з жоўтымі біркамі, а толькі спецкантынгент, які складаецца на
прафілактычным уліку за схільнасць да «экстрэмізму». Дарэчы, падобная
сегрэгацыя — гэта не нейкае новаўвядзенне: такая практыка існуе мінімум з 2019
года. Аказваецца, dissidentby.com нават публікаваў афіцыйны адказ ДВП МУС, дзе
яны гэта прызнавалі. Гэта значыць, дэ-юрэ каляровая сегрэгацыя як бы не
звязаная з палітыкай, але дэ-факта, паколькі іншадумцаў цяпер паўсюдна
прызначаюць «экстрэмістамі», атрымліваецца менавіта так. Кацю,
нагадаю, паставілі на прафілактычны ўлік яшчэ ў жодзінскай турме, у канцы
сакавіка.