Чалы: «Пытанне санкцый ужо не вырашыш звыклым гандлем палітвязнямі»

Незалежны эканаміст разважае пра далёкія наступствы гісторыі з самалётам «Ryanair», піша «Салідарнасць».

img_1601_logo.jpg

Падобна на тое, што ўлады Беларусі ўсвядомілі, што з сітуацыі, якая склалася, у адзіночку ім выбрацца будзе цяжка, патрэбна нейкая знешняя падтрымка, лічыць Сяргей Чалы. У якасці пацвярджэння ён прыводзіць заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі напярэдадні візіту ў Сочы на саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД.

У праграме «Эканоміка з Чалым» на «Белсаце» эксперт адзначыў, што прыём у Сочы быў досыць прахалодным: Лукашэнка атрымаў толькі даўно абяцаны другі транш крэдыту, які, хутчэй за ўсё, дазволіць пазбегнуць пратэрміноўкі плацяжоў па папярэдніх даўгах.

Акрамя таго, расійскія ўлады зрабілі сімвалічны жэст у бок «Белавія», прапанаваўшы беларусам лётаць у Расію.

Вось якую выснову Чалы робіць пра магчымыя прычыны стрыманасці Крамля ў дачыненні да свайго саюзніка:

— Пуцін, хутчэй за ўсё, не гатовы ўсур'ёз ўпісвацца за Лукашэнку. Мабыць, апошні становіцца дастаткова таксічным. Асабліва, з улікам таго, што расійскія кампаніі асцерагаюцца другасных санкцый. Ніхто не хоча трапіць пад новы віток санкцый з боку Еўропы ці ЗША.

Гаворачы пра будучую сустрэчу прэзідэнтаў Расіі і ЗША, Чалы назваў прынцыпова важным той момант, што геапалітычны лёс Беларусі ўпершыню будзе абмяркоўвацца без яе ўдзелу:

— Вось ён — вынік страты знешнепалітычнай легітымнасці і палітычнай суб'ектнасці на сусветным узроўні.

Эканаміст папярэджвае, што санкцыйны ціск на Беларусь будзе толькі ўзрастаць. Акрамя таго, паводле яго слоў, на Захадзе ўжо прыйшлі да адзінага разумення таго факта, што персанальныя санкцыі не даюць эфекту: «Неабходна пераходзіць да шырокіх сектаральных санкцый».

На думку Чалага, усведамленне таго, што краіне давядзецца жыць пад санкцыямі, прыходзіць і да ўлад. Пры гэтым яны спрабуюць рабіць добрую міну, згадваючы ўласны вопыт ранейшых гадоў, а таксама вопыт іншых краін.

Афіцыйны Мінск не можа сур'ёзна адказаць Захаду, кажа эканаміст. У якасці меры ў адказ была абраная Украіна, але вялікае пытанне: хто для каго ў дадзенай сітуацыі важнейшы? Эксперт нагадаў, што адмовай пастаўляць бензін на ўкраінскі рынак могуць скарыстацца расійскія і азербайджанскія кампаніі. Ды і ў цэлым страта ўкраінскага кірунку можа стаць вельмі балючай для беларускай нафтахімічнай галіны.

Санкцыі будуць не толькі балючымі, але і працяглымі — роўна столькі, колькі Лукашэнка будзе знаходзіцца ва ўладзе. Вырашыць гэтае пытанне звыклым гандлем палітвязнямі ўжо не атрымаецца, робіць выснову эксперт.