Наста Захарэвіч: Ніводнае слова, сказанае палітвязнямі іх катам, нельга лічыць праўдай

«Вельмі важна разумець: тое, што паказваюць цяпер па дзяржаўным тэлебачанні, нельга называць "інтэрв’ю з Раманам Пратасевічам". Ён не госць здымачнай каманды, не запрошаны эксперт і не герой інтэрв’ю. Ён — закладнік», — разважае Наста Захарэвіч на «Свабодзе».

d919a5d3_70b9_4ad0_8601_7002376cf4c1_w1023_r1_s.webp

Ніводнае слова, сказанае палітвязнямі іх катам, нельга лічыць праўдай, і ні за якія «прызнанні» іх нельга асуджаць. Усё гэта — наступствы катаванняў і знак таго, што чалавек яшчэ не да канца зламаны і дагэтуль змагаецца за жыццё.

Адзін дзяржаўны тэлеканал паказаў новыя «прызнанні» Рамана Пратасевіча, і ў сацсетках імгненна з’явіліся ацэнкі яго слоў і разважанні, што можа значыць той факт, што ён называў тыя ці іншыя прозвішчы, быццам «здаючы» тым самым людзей. Гэтыя ацэнкі і разважанні розныя, але аб’ядноўвае іх адно: іх пішуць людзі, якія знаходзяцца на волі.

Так, гэтым людзям таксама няпроста, і, магчыма, некаторыя з іх хутка таксама будуць за кратамі, але цяпер маюць які-ніякі кантроль над сваім жыццём. Могуць выбіраць, наколькі моцна ўключацца ў палітычныя працэсы, могуць спаць у поўнай цемры, чытаць перад сном навіны і, пры патрэбе, з’ехаць ад існага альбо верагоднага пераследу за мяжу.

А Раман Пратасевіч сядзіць у СІЗА пасля таго, як дзеля яго арышту ўлады Беларусі прымусілі сесці транзітны пасажырскі самалёт. Ён цяпер цалкам пад кантролем сілавікоў, і тое, што ён кажа на камеру, — выключна наступства катаванняў і пагроз. І сам па сабе працэс «нагаворвання» прызнанняў — таксама катаванне. А калі чалавека катуюць, яго нельга асуджаць ні за якія словы і дзеянні. Яго задача — выжыць з найменшымі стратамі, і непрыстойна спрабаваць перакладваць на яго адказнасць за нашу бяспеку.

За апошнія месяцы мы маглі бачыць дзясяткі, калі не сотні такіх прызнанняў на камеру. У сваёй палітычнай актыўнасці каяліся людзі абодвух палоў, розных узростаў і з розным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі і псіхалагічнай устойлівасці. Прапаганда не грэбавала тым, каб паказваць прызнанні збітых і акрываўленых людзей, — для прапагандыстаў і такія «паказанні» лічацца прымальнымі. Былі «прызнанні» і анархіста Міколы Дзядка, і прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, і палітолага Аляксандра Фядуты, і шматлікіх іншых палітзняволеных.

Але калі чалавек мае хоць крыху эмпатыі і разумення, што літаральна выбітыя паказанні нельга ўспрымаць сур’ёзна, дык не ўзнікне і жадання падрабязна разбіраць змест такіх паказальных катаванняў на камеру. І тым больш судзіць пра маральныя якасці чалавека, якога катуюць у СІЗА.

І вельмі важна разумець: тое, што паказваюць цяпер па дзяржаўным тэлебачанні, нельга называць «інтэрв’ю з Раманам Пратасевічам». Ён не госць здымачнай каманды, не запрошаны эксперт і не герой інтэрв’ю. Ён — закладнік, у якога яшчэ засталося хоць нейкае жаданне спрабаваць захаваць сабе жыццё.

І калі і варта аналізаваць змест яго «паказанняў», дык толькі з таго ракурсу, які дазволіць ацаніць сур’ёзнасць катаванняў, праз якія яму даводзіцца праходзіць. І ракурс гэты можа быць даволі відавочны: чым больш гучныя робяцца прызнанні, тым праз больш страшныя катаванні праходзіць чалавек.

Таксама відавочна, што той жа Пратасевіч — не наіўны юнак, які верыць, што, калі будзе супрацоўнічаць са следствам, дык атрымае нейкія даброты накшталт скарачэння будучага тэрміну. Ён проста спрабуе выжыць сам і, верагодна, захаваць жыццё сваёй дзяўчыне, якую літаральна ўзялі ў закладніцы.

Ён са свайго боку робіць усё, што можа. Наша задача — рабіць усё, што можам мы.