4 секунды відэа і 10 сутак. Відэаператар НЧ пра сваю «адсідку»

Аператар НЧ Аляксандр Вялітчанка быў затрыманы, а дакладней, выкрадзены невядомымі ўвечары 8 кастрычніка. Потым, як звычайна, суд і суткі. Як усё было — распавядае сам Аляксандр.

Аляксандр падчас працы. Фота onliner.by

Аляксандр падчас працы. Фота onliner.by

«Не хвалюйцеся, працуе міліцыя»

Звычайны дзень. Рухаюся на «сотцы» ў цэнтр горада. Выходжу на прыпынку, тэлефаную маме, іду ў арку ў бок вуліцы Карла Маркса. Раптам адчуваю, як хтосьці набліжаецца са спіны. Тэлефон маментальна быў выдраны ў мяне з-пад вуха, рукі заламаны i скаваны металічнымі кайданкамі. Двое ці трое мужчын кажуць мінакам: «Не хвалюйцеся, працуе міліцыя».
У звычайным аўтамабілі мяне вязуць, як высветлілася, у Цэнтральны РУУС Мінска. Шлях быў доўгі, у гэты час у мяне спрабавалі даведацца пароль ад мабільнага тэлефона і абяцалі адразу адпусціць, калі ў ім няма нічога «супрацьзаконнага». Пыталіся пра мой удзел у нядзельных маршах і пра некаторых людзей, з якімі я амаль не маю зносін. Пароль ад тэлефона я не даў прынцыпова: хоць і няма чаго хаваць, але вышэйшы закон нашай краіны, Канстытуцыя, гарантуе кожнаму абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на гонар і годнасць (арт. 28 Канстытуцыі РБ). Законы гэтыя, праўда, ужо даўно не працуюць, як вы, дарагія чытачы, маглі заўважыць.
У цэнтральным РУУС мяне абшукалі, сфатаграфавалі ўсе татуіроўкі, апісалі канфіскаваныя рэчы (тэлефон, банкаўскую картку, ключы, шлюбны пярсцёнак і іншае), якія потым «зніклі» адтуль і да гэтага часу іх не могуць знайсці. У пратакол запісалі мае тлумачэнні, чым я займаўся 23 жніўня (больш за два месяцы таму!). Але я сапраўды не памятаў, так і запісалі. Праз 30 хвілін допытаў мяне пасадзілі ў так званы «стакан» для затрыманых, у якім я сустрэў Анатоля Лябедзьку, гэтак жа выкрадзенага з вуліцы на пару гадзін раней за мяне.Праз некалькі гадзін у «стакан» пасадзілі яшчэ двух хлопцаў, як высветлілася пазней, яны ўжо адседзелі свае 15 сутак за акцыі пратэсту, і пасля вызвалення былі ўпэўненыя, што едуць дадому з жодзінскага ІЧУ. Але так як на горле была нага супрацоўніка АМАПу (са слоў аднаго з хлопцаў) — усе надзеі аказаліся марнымі. Прывезлі іх назад не проста так, яны цяпер праходзяць як падазраваныя па крымінальным артыкуле 293 (удзел у масавых беспарадках).
Хлопцаў пакінулі ў халоднай камеры, а мяне і Анатоля Лябедзьку этапавалі ў ІЧУ. Там да суда я пазнаёміўся з рабочымі МТЗ, завода Вавілава, IT-спецыялістамі, іпэшнікамі і іншымі цікавымі людзьмі, якія гэтак жа былі выдраныя з гарадскіх вуліц невядомымі людзьмі без апазнавальных знакаў.

Суд

У кабінеце ІЧУ пад аховай супрацоўніка міліцыі праз скайп пачаўся працэс. Яго вяла вядомая па палітычных справах Вікторыя Шабуня. Доказам майго ўдзелу ў несанцыяваным масавым мерапрыемстве стала відэа ажна на 4 секунды, дзе я іду ў адваротным накірунку ад маршу, сустрэўшы сваіх знаёмых. Сведку, супрацоўніка Цэнтральнага РУУС (а можа і не) звалi Аляксандровіч Аляксандр Аляксандравіч (імя змянілі ў мэтах абароны сведак, вось як!). Ён падключыўся да нашага працэсу і пачаў адказваць на пытанні майго адваката: «ці ішоў я па праезнай часткі, ці была ў мяне якая-небудзь сімволіка ў руках, ці выкрыкваў я лозунгі?». Адказы на ўсе пытанні былі «не». Мае тлумачэнні, што я прысутнічаў на акцыі як журналіст (фота-відэааператар) і вяртаўся пасля здымак — былі запісаныя ў пратакол пасяджэння, але ніяк не паўплывалі на ход справы. Вынік — 10 сутак арышту.

ЦІП

Рукі за спінай, падымаемся на трэці паверх, камера нумар 23. Павітаўшыся, мяне з усмешкай спыталі: «Палітычны?».
Хлопец, на чыё месца мяне прывялі, адсядзеў свае 15 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту і чакаў вызвалення з хвіліны на хвіліну. Другі, IT-спецыяліст, якому далі 15 сутак, ехаў міма шэсця на ровары, з ім і затрымалі. Яшчэ двое сукамернікаў былі не палітычныя. Усе яны — цікавыя асобы са сваімі гісторыямі. У 23-й «хаце», як прынята называць камеры, былі свае традыцыі. Кожную раніцу і вечар, мы выглядалі ў вакно, з якога быў бачны чырвона-зялёны сцяг, у надзеі, што яго ўжо там няма (фантазіі, але ўсім падабалася гэтая тэма).
Навіны з волі прыходзілі з новымі затрыманымі, і прыходзілі яны амаль кожны дзень. Акурат за нашымі дзвярыма, у калідоры, праходзілі суды. Рабят ставілі да сцяны і па чарзе клікалі да стала, на якім стаяў ноўтбук. «Так, я ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве і прызнаю сваю віну, прашу даць мне штраф, а не суткі», «Я не ўдзельнічаў у акцыі, віну сваю не прызнаю», «Я ўдзельнічаў у мірнай акцыі, гэта маё законнае права!» — усе гэтыя словы ад розных людзей насамрэч ніякім чынам не ўплывалі на рашэнне суддзяў. Для большасці, як мы чулі праз зачыненыя дзверы, вынікам былi ад 10 да 15 сутак арышту.
Амаль да ўсіх затрыманых прыходзілі супрацоўнікі следчага камітэта (ці можа нейкіх іншых структур), цікавіліся паролямі ад тэлефонаў і тым, што людзі рабілі на акцыях пратэсту.
Раніца серады, а гэта значыць, што заўтра будуць «перадачкі». Цёплая вопратка, ежа і чыстая вада. Але адчынюцца дзверы: «Вялітчанка, з рэчамі на выхад!»

Жодзіна

Аўтазак, дарога, Жодзіна. Усіх па адным вывелі з аўтазака, шчыльна паставілі тварам да сцяны, у два шэрагі, а пасля пагналі па падземных турэмным тунэлях. Хто бег павольна — атрымліваў дубінкай па нагах, хто глядзеў па баках — быў папярэджаны, што атрымае дубінкай. І вось яна, камера нумар 4, мой новы дом на бліжэйшыя 5 дзён. Са мной сядзелі добрыя людзі: моўшн-дызайнер, іпэшнік і рабочы чыгункі. Усе яны былі затрыманыя па народным артыкулу 23.34. Пад'ём у 6 гадзiн раніцы пад нацыянальны гімн, потым сняданак. Сядзець на ложках забараняецца, пад пагрозай адымання матрацаў і перспектывы правесці ноч на жалезным ложку. Нам пашанцавала, што ў камеры былі кнігі і намаляваныя кімсьці да нас ігральныя карты. Чытаеш кнігу, потым гуляеш у карты, размаўляеш, потым зноў кніга — так дні і праходзяць у гэтых месцах. За 5 дзён у Жодзіна нас вывелі на шпацыр толькі аднойчы.
Зараз апынуцца за кратамі можа любы чалавек, нягледзячы на ​​тое — удзельнічаў ён у мірных акцыях ці проста праходзіў міма, працаваў журналістам ці проста прыйшоў паглядзець. Ужо ходзяць жарты, што «калі не сядзеў — не беларус», і, на вялікі жаль, гэты жарт з кожным днём ператвараецца ў рэальнасць. Цяпер за кратамі застаюцца журналісты, якія рабілі сваю працу на мірных акцыях пратэсту, сотні іх удзельнікаў, многім з якіх пагражаюць крымінальныя артыкулы. Што нас чакае наперадзе — не ведаю. Але магу сказаць дакладна, што мільёны беларусаў і беларусак, незалежна ад таго, ці выходзілі яны на маршы і ланцугі ці не, ужо не будуць ранейшымі і не забудуць, праз што давялося прайсці ім і іх блізкім.