Яну Трусіла этапавалі ў Баранавічы

Сёння ранкам мама Яны Трусіла прынесла перадачу на Акрэсціна і даведалася, што дачкі няма ў спісах ні ЦІП, ні ІЧУ.

Яна Трусіла за працай 1 лістапада 2020 года

Яна Трусіла за працай 1 лістапада 2020 года


Аказалася, што Яну, у ліку іншых зняволеных, адправілі ў Баранавічы. У ізалятары Баранавічаў перадачы прымаюць па аўторках.
"Мы, канечне, чакалі такой подласці, — кажа мама Яны, — Але ўсё ж спадзяваліся на лепшае. Калі ўвогуле слова "лепшае" можна ўжыць да сітуацыі, у якой апытнулася Яна".
Цікава, што ў пастанове суда, акрамя іншага, напісана, што прысуд вынесены "ў выхаваўчых мэтах".  А з якой мэтай 20-гадовую журналістку пазбаўляюць права на перадачу? Не кажучы ўжо пра права свабодна выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Нагадаем, фотакор "Новага Часу" Яна Трусіла суддзёй Аленай Жывіца прызнаная вінаватай па арт. 23.4 і адпраўлена за краты на 13 сутак.
Два іншых фотакоры, Дзмітрый Дзмітрыеў (10 сутак) і Аляксандр Зяньковіч (13 сутак) пакуль знаходзяцца ў ЦІП на Акрэсціна.